Жазэ Сарамагу “Пячора” (Янушкевіч, 2019 г.).

Жазэ Сарамагу “Пячора” (Янушкевіч, 2019 г.).

t.me/bellitra

Ці задумваліся вы, наколькі хутка змяняецца наш свет? Яшчэ нядаўна ўсе карысталіся дыскетамі і відэакасетамі, а сённяшнія школьнікі ўжо і не ведаюць, што гэта. Яшчэ ўчора прадавачка ў краме прапаноўвала вам пакецік, а ўжо сёння яе замяняюць касы самаабслугоўвання. Наш свет змяняецца хутчэй, чым мы думаем, і да поспеху ў ім прыйдзе той, хто зможа хутка на гэтыя змены рэагаваць.


Героі рамана “Пячора” партугальскага нобелеўскага лаўрэата Жазэ Сарамагу — гэта сям’я, якая складаецца з бацькі Сіпрыяну Алгора, яго дачкі Марты і яе мужа Марсала Гашу. Сіпрыяну жыве з таго, што вырабляе гліняны посуд, які з вёскі адвозіць на продаж у вялікі гандлёвы Цэнтр. Зяць Сіпрыяну працуе там ахоўнікам і марыць пра павышэнне па службе: атрымаць пасаду ахоўніка з магчымасцю пражывання ў самім Цэнтры, каб перавезці туды ўсю сям’ю.


Гэты Цэнтр — цэлы жывы арганізм. Такі вобраз даволі распаўсюджаны ў пісьменнікаў-фантастаў, а постмадэрніст Сарамагу робіць з яго алюзію на наш сённяшні свет. У Цэнтры ёсць усё: ад жылля для заможных людзей да разнастайных забаў, накшталт музеяў, крам. Ёсць нават дзе пакатацца на лыжах. 


Цэнтр нагадвае велізарны круізны лайнер, які дрэйфуе па акіянскіх прасторах, і яго насельнікі не маюць патрэбы ў тым, каб выходзіць вонкі, бо ўнутры ўсё ёсць. Вакол цэнтра размяшчаюцца, заводы, фабрыкі і трушчобы. З гэтых трушчобаў людзі часам ездзяць на працу ў Цэнтр, як Марсал.


Але час бяжыць, і аднойчы гліняныя вырабы перастаюць быць патрэбнымі людзям. На замену такому посуду прыходзіць пластыкавы, які менш крохкі і больш танны. Сіпрыяну і яго вырабам няма больш месца ў гэтым свеце. Ён яшчэ спрабуе падстроіцца, але ўсё марна.


Галоўнае ў творы, што падаецца ў назве, — гэта пераасэнсаванне платонаўскага міфа пра пячору. Міф стаў пачаткам дыскусіі пра тое, наколькі нашы ўяўленні пра розныя рэчы дазваляюць нам меркаваць пра самі рэчы. Платон падкрэсліваў, што людзі жывуць у палоне сваіх адчуванняў і не могуць спасцігнуць сапраўднай сутнасці рэчаў, пакуль не выйдуць па-за межы пачуццёвага свету. Наша цялеснае не мае сэнсу, важныя толькі звышпачуццёвае і пазаматэрыяльная рэальнасць.


Цэнтр і становіцца своеасаблівай пячорай, дзе людзі імкнуцца валодаць рэчамі, якія ім нібыта патрэбныя. Насамрэч гэта толькі ілюзія, і грамадства спажывання прымушае людзей купляць рэчы, якія толькі падаюцца ім патрэбнымі. Мноства рэкламы вакол, якая сцвярджае: “Без нашага прадукту вы не зможаце жыць!”. Людзі бачаць не сутнасць прадуктаў, а іх навязаны вобраз, і купляюць не тое, што хочуць купіць, а тое, што ім хочуць прадаць.


Раман, які ўздымае надзённыя праблемы і гучыць як антыкансумерысцкі гімн. Сюжэт просты, у ім ёсць усе элементы (ад завязкі да развязкі), але ж на гэтую простую структуру нанізаныя цікавыя аўтарскія развагі і пераасэнсаванне філасофскіх ідэй.


Таксама ў кнізе вас чакае цікавая пунктуацыя. Дыялогі і афармленне простай мовы знакамі прыпынку — гэта для слабакоў, падумаў Сарамагу, таму вырашыў напісаць свой твор суцэльным тэкстам, без лішніх працяжнікаў, двукоссяў і косак. Героі вядуць дыялогі, але ж на пісьме яны ніяк не аформленыя, і адкрыўшы кнігу першы раз можна спужацца😏 Але гэта такая разыначка аўтара. Яго стыль вельмі пазнавальны, і чытаць твор — адно задавальненне. Дарэчы, пераклала кнігу з партугальскай мовы Галіна Мітраховіч.


З творчасцю Сарамагу я ўжо была знаёмая па кнізе “Слепота”, таму ведала, што ў сваіх творах ён заўжды ўздымае даволі сур’ёзныя тэмы. Гэты раман не стаў выключэннем. У ім філасофскія развагі пра сувязь традыцый і сучаснасці. Але ж, мне здаецца, што пачынаць знаёмства з гэтым аўтарам не варта з “Пячоры”.


Купіць кнігу "Пячора": https://januskevic.by/catalog/pieraklady/4055/

Report Page