З дома Юрыя Чыжа ў Лагожаску будуць выносіць рэчы — іх прададуць, каб пагасіць даўгі
@harbatsevichЯк вядома «Нашай Ніве», сёння ў элітны пасёлак Лагожаск, дзе стаіць дом Юрыя Чыжа (дом у Драздах запісаны на сваякоў), прыехалі судовыя выканаўцы для апісання, арышта і наступнай рэалізацыі маёмасці экс-бізнесмена. Гэты працэс расцягнецца на нейкі час.
Сітуацыя ў тым, што яшчэ ў 2019-м былы партнёр Чыжа Уладзімір Япрынцаў падаваў позву на сто тысяч долараў.
У межах яе суд накладаў забарону на аперацыі з домам у Лагожаску да моманту пагашэння доўга.
Паралельна з гэтым прэтэнзіі да Чыжа ўзніклі ў былога супрацоўніка «Трайпла» Мікалая Чукісава. У выніку дамоўленасці Япрынцаў перадаў права спагнання доўга Чукісаву, а ён выйграў суд. Маёмасць Чыжа будзе рэалізавана на карысць Чукісава.
«Уступіла ў сілу рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска аб прымусовым ускрыцці дома ў межах даўгавога спагнання перад Мікалаем Чукісавым. Агульная сума каля 300 тысяч рублёў, але з улікам частковага пагашэння яна цяпер складае каля 225 тысяч. Забарона на кіраванне транспартам, забарона на выезд, забарона на аперацыі з нерухомасцю накладзены на Юрыя Чыжа ў рамках забеспячэння нашай позвы. Не думаю, што будзе канфіскаваны сам дом — адной маёмасці ў доме цалкам хопіць на пагашэнне. Судовыя прыставы ўжо былі там у студзені 2020-га і ў прысутнасці ўладальніка апісалі каля 140 пунктаў, уключна з побытавай тэхнікай», — сказаў «Нашай Ніве» адвакат Чукісава Міхаіл Макараў.
Юрый Чыж — некалі самы ўплывовы і набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Беларусі, чый бізнэс цяпер фактычна перастаў існаваць. «Трайпл» прызнаны банкрутам, сам Чыж — фігурант крымінальнай справы, а па кампенсацыю даўгоў стаіць чарга.