Юр’я ключык падбіраў, зямельку адмыкаў…
Клімовіч Ірэна АнтонаўнаLixm_chat
У народным календары 9 снежня і 6 мая – святы, якія маюць аднолькавую назву: Юр'я. Праўда, першы Юр'я мае «прозвішча» Зімовы, а другі – Вясновы. Наконт гэтага ёсць нават жарт: «У годзе два Юр’я, і абодва дурні: адзін – халодны, а другі – галодны».
На Вясновага Юр'я статак (стада, рата) выганялі на маладую траву (на выган, на вары), адпраўлялі коней у начное, выходзілі на поле на агляд азімых. Вось і лічылі Юр'я апекуном земляробства і свойскай жывёлы. «Зарадзі, Божа, скацінку, зарадзі, Божа, ніўку, ячмень і пшаніцу, і ўсяку пашніцу» – так прыгаворваюць у аграгарадку Беліца Лідскага раёна ў час правядзення абраду «Юр'ёвы карагод». Дарэчы, гэты абрад у Беліцы ўзновяць у пятніцу (5 мая) а 16-й гадзіне.
Лічаць Юр’я і святам пастухоў. Раней у некаторых вёсках Лідскага раёна гаспадары наймалі пастуха, забяспечваючы яго «торбай» на цэлы дзень. Пазней пасвілі самі па чарзе (вочарадзь, калейка, радоўка). Думаю, што старэйшае пакаленне, хто жыў у вёсцы, памятае, як праходзілі школу пастуха!!! Для каго ў ахвоту, а для каго і пакута! Ці не так?!
У вясковым асяроддзі Юр’еў дзень заўсёды суправаджаўся пэўным абрадам, шматлікімі вераваннямі, забабонамі.
У некаторых рэгіёнах Беларусі падразалі грывы і хвасты каровам і коням, выкачвалі іх велікодным яйкам, акраплялі асвечанай вадой, абкурвалі зёлкамі, рабілі абход з грамніцай. Найбольш трывалая традыцыя ў Лідскім раёне (нават сёння!) выпраўляць кароў у Юр’еў дзень з двара, лёгенька сцябаючы іх галінкай вярбы, асвечанай на Вербніцу. Гэтую галінку пасля, як абярэг, утыркалі ў сцяну хлява.
Традыцыі розныя, а мэта адна: каб ліхое вока не шкодзіла жывёле, каб малако прыбывала, каб ад статка не адбівалася жывёла, каб быў прыплод і інш. Часта ў статку пры каровах пасвіліся авечкі, таму на Юр'я ніякіх прац не выконвалі з воўнай, каб ваўкі авечак са статку не валачылі.
Асаблівая ўвага надавалася юраўскай расе. Верылі, што Юрый «выпускае на свет расу», якая быццам валодае цудадзейнымі якасцямі, спрыяе ўраджаю, «поіць» палеткі вільгаццю, засцерагае ад сурокаў, дае жывёле здароўе і, разам з тым, чалавеку. Вось і качаліся на Юр’я па ранішняй расе, і басанож хадзілі, і твар мылі. Лічылі, што калі сабраць у гэты дзень расу ў цадзілачку, праз якую цэдзяць малако, то кароўка будзе больш малака даваць.
Ну а нам засталося прасачыць за прыкметамі: «Як на Юр’я раса, хопіць коням аўса», «Калі на Юр’я мароз, дык будуць добрыя проса і авёс», «Як дождж на Юр’я, будзе хлеб і ў дурня».
Фотаздымкі даслалі з Беліцкага Дома культуры Лідскага раёна.