Янка Філістовіч – жыцьцё за ідэялы БНР

Янка Філістовіч – жыцьцё за ідэялы БНР

Ваўкалак
"Пакуль б'ецца маё сэрца і ў маіх жылах пераліваецца крывіцкая кроў – дагэтуль ня згасьне ў мяне сапраўднае каханьне да Бацькаўшчыны, а празь яго – безаглядная і бязьмежная адданасьць нашай справе". (Янка Філістовіч)

Янка Філістовіч нарадзіўся 14 студзеня 1926 году ў Паняцічах на Маладэчненшчыне. Паходзіў з праваслаўнай сялянскай шматдзетнай сям'і. Пасьля прыходу камуністаў на Заходнюю Беларусь ягонага бацьку - Андрэя Філістовіча арыштавалі, як заможнага селяніна. Сям'я рыхтавалася да высылкі, аднак з-за наступу немцаў тата цудам змог выратавацца і вярнуцца да дому. 

Царква ў Паняцічах

Пры зьмене чарговых акупантаў Янка працягваў хадзіць у школу, а потым уладкаваўся прыёмшчыкам малака і пісарам, каб яго не забралі на працы ў Нямеччыну. Аднак восеньню 1943 года Янку мабілізавалі ў 13-ты Беларускі батальён СД, які месьціўся ў Вялейцы. Тут юнак займаўся вайсковай падрыхтоўкай да вясны наступнага году, а пасьля аховай аб'ектаў і вязьняў. Па савецкім наступленьні уся сям'я Філістовічаў эмігравала на Захад. Янка таксама адступіў зь іншымі жаўнерамі сваёй часткі і апынуўся адпачатку ў Італіі, а затым у Чэхіі. Тут ён намагаўся перайсьці на бок мясцовых партызанаў, за што быў арыштаваны немцамі і зь лютага па травень 1945 году знаходзіўся ў зьняволеньні. 

Па сканчэньні Другой сусьветнай вайны Янка Філістовіч апынуўся ў польскім лягеры пад Нюрнбергам. Тут ён нават паступіў у духоўную сэмінарыю. Нягледзячы, што сам Янка быў праваслаўны, ён выступаў за духоўнае адзінства дзеля агульнай працы на карысьць Бацькаўшчыны.

"Кожнаму сапраўднаму нацыянальна сьвядомаму беларусу веравызнаньне не павінна ўваходзіць у праблему ў такой справе, як будучыня ўсёй нашай краіны. Таму хто б ён не быў, праваслаўны, каталік ці паганец, калі ён беларус — мусіць ім застацца" (з паказаньняў Янкі Філістовіча на судзе)

Аднак Янку Філістовічу не было наканавана стаць сьвятаром. Неўзабаве яму прыйшлося зноў эміграваць і ў гэты раз ён апынуўся ў Францыі. Тут маладзён быў залічаны на гістарычны факультэт знакамітай Сарбоны.

Будучы адданым патрыётам і нацыяналістам, Янка Філістовіч хутка сабраў каля сябе іншых маладых беларускіх эмігрантаў. Пад яго кіраўніцтвам яны сталі выпускаць часопіс "Моладзь".

"Наша ідэялагічная мэта — гэта бараніць чыстыя, гарачыя, уласьцівыя беларускай моладзі пачуцьці каханьня Бацькаўшчыны. Мы ставілі мэтай захаваць у сэрцах нашай моладзі каштоўныя, не сапсаваныя чужацкімі ўплывамі элемэнты, дапамагаючы ёй адшукаць у сабе сілы, загартавацца і пасьвяціць сябе роднаму краю. Мы стараліся раскіданай па сьвеце беларускай моладзі быць шчырымі братамі, падтрымоўваючы дух і паказваючы, што, страціўшы Бацькаўшчыну, але захаваўшы веру ў будучыню, трэба сьмела глядзець уперад, ведаючы, што праўда пераможа". (З паказаньняў Янкі Філістовіча на судзе пра часопіс "Моладзь")
Вокладкі дзьвух нумароў часопіса "Моладзь"

У 1949 годзе Янка Філістовіч з паплечнікамі стварылі "Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю Моладзі". На ўстаноўчым зьездзе ў Парыжы прысутнічалі прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык і старшыня "Сусьветнага Аб’яднання Беларускай Эміграцыі" Лявон Рыдлеўскі. Янка Філістовіч быў абраны кіраўніком БНАМ.

"Мы, беларуская моладзь у Францыі, дэкляруем аддаць усе свае сілы, а калі зайдзе патрэба, і жыцьцё, каб жыла Беларусь, і каб прызнаны ўсімі паняволенымі і вольнымі народамі наш Бел-чырвона-белы штандар з БНР на чале горда шыбаў у высі, бо гэты штандар, абліты крывёю мільёнаў лепшых сыноў і дачок нашага народа, даражэйшы нам за ўсё на сьвеце; ён нам уручаны ў спадчыну". (з часопісу "Моладзь" пра БНАМ)
Квіток сябра БНАМ

Вясной 1951 году Янка Філістовіч быў прыняты ў склад Рады БНР. Прэзідэнт Мікола Абрамчык прызначыў яго ўпаўнамочаным прадстаўніком ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дакумэнт Рады БНР выдадзены Янку Філістовічу

У гэты ж час Янка Філістовіч пераязджае ў бэльгійскі Лювэн, дзе залічваецца на 4-ты курс гістарычнага факультэта. Тут ён збліжаецца з Барысам Рагулям - радным БНР і будучым яе намесьнікам старшыні. На той момант ён займаўся перакідкай у Беларусь партызанаў для змаганьня з чырвонымі акупантамі. Янка Філістовіч прымае рашэньне дэсантавацца на Радзіму і праходзе трохмемячную падрыхтоўку на базе каля Мюнхену.

Барыс Рагуля

Ужо ў 1990-ых гадах Барыс Рагуля успамінаў пра адну зь іх апошніх сустрэч:

"Я памятаю, яго спаткаў, доўга гутарылі. Я яму кажу: «Янка, гэта роўна самагубству». Тады ён мяне спытаў: «А Кастуся Каліноўскага чын быў роўны самагубству? Каб не было Каліноўскага, не было б 25 Сакавіка. Без ахвяраў народ ня можа здабыць свабоду і незалежнасьць». Гэтыя словы так глыбока засталіся ў маёй памяці, што калі я пісаў аб ім, мне адразу прыйшла думка: гэта ёсьць малады Кастусь Каліноўскі, які верыць у тое, што зямля, прасочаная крывёй, дасьць плод свабоды і вольнасьці. Хто ведае, каб не Каліноўскі, каб ня слуцкія паўстанцы, каб ня Янка Філістовіч, нават гэтая тэарэтычная Рэспубліка Беларусь, якая сёньня лічыцца незалежнай, ці яна была б...".

Сам Янка на судзе ўзгадваў такія загады ад Барыса Рагулі:

"Рагуля хацеў, каб я зьездзіў у Вільню, каб пераканацца, колькі цяпер жыве беларусаў у нашай колішняй сталіцы, а таксама пашыраў звесткі пра БНР. Ён перадаў мне лістоўкі «Жыве Беларусь», тэксты гімну, звароту да беларускага народа і газэты і сказаў, што ідэяльна было б, калі б да яго прыезду я не зрабіў ніводнага стрэлу".

9 верасьня 1951 году Янка Філістовіч быў скінуты з амэрыканскага самалёту каля роднай вёскі Паняцічы. Адпачатку хаваўся ў сваякоў. Ездзіў па розных мясьцінах. Адпраўляў за мяжу тайныя пасланьні.

"Я сустракаўся і гаварыў з людзьмі і заўсёды расказваў, хто я, адкуль, зь якімі паўнамоцтвамі. Многім паказваў пасведчаньне сябра Рады БНР. Двойчы ездзіў у Вільню, Горадню. Усе, з кім я гаварыў, пасьля таго, як даведваліся пра мэты майго прыезду, ахвотна дапамагалі, давалі прытулак, здабывалі неабходную інфармацыю". (з паказаньняў Янкі Філістовіча на судзе)

У 1952 годзе, праз сваяка, Янка Філістовіч выйшаў на партызанскую групу, якая дзейнічала ў тым краі ад 1949 году. Пераняўшы камандаваньне, ён увёў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку. Група атрымала назву "Беларускія нацыяльна-вызвольныя ўзброеныя сілы". Янка Філістовіч склаў прысягу і прывёў да яе ўсіх чальцоў групы.

"Я, грамадзянін Беларускай Народнай Рэспублікі, уступаючы ў шэрагі беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў, перад Богам, Бацькаўшчынай і Беларускім Народам урачыста прысягаю быць верным сьветлай ідэі пастановы 25 сакавіка 1918 года і БНР і аддаць усе свае сілы для іх ажыцьцяўленьня. Прысягаю безагаворачна выконваць усе загады Прэзідэнта Рады і ўрада БНР і сваіх камандзіраў, скіраваныя на карысьць нацыянальна-вызвольнай справы. Абяцаю сьвята берагчы дзяржаўную, ваенную тайну, захоўваць непатаптаную чысьціню бел-чырвона-белага сьцяга БНР. За парушэньне маёй урачыстай прысягі абавязуюся прыняць самую суровую кару". (прысяга сябраў БНВУС)

Для пашырэньня ідэялягічнай працы, у красавіку 1952 году, група зрабіла напад на друкарню ў вёсцы Вязынь. Забраўшы неабходную апаратуру Янка Філістовіч стаў выпускаць газэту "Жыве Беларусь", а таксама ўлёткі.

Групе было строга забаронена рабіць напады для фінансавай нажывы. Карысталіся толькі тымі грошамі, якія Янке далі перад дэсантаваньнем. Але калі яны скончыліся ўсё ж прыйшлося абрабаваць дзьвух дзяржслужачых фінагентаў. Цікавы сьведчані сьледчага па справе Рыгора Трапшы, якія яскрава кажуць аб ідэйнай накіраванасьці і дзейнасьці Янкі Філістовіча:

"Марадзёрства Філістовіч забараніў катэгарычна – бясплатна нічога ня браць. Пакуль у яго былі грошы, сто тысяч, увесь час плаціў: за мяса, за бульбу. А калі скончыліся – высачыў фінагентаў, і то, калі забіраў грошы, пытаўся, дзе іх асабістыя, а дзе казённыя, і ўзяў толькі дзяржаўныя. Адзін з банды рамень забраў у калгасніка. Філістовіч пабачыў ужо на стаянцы, і пад пагрозай, што расстраляе, прымусіў аднесьці назад і аддаць. Ён быў інтэлігентны, сьціплы, добры хлопец. Але фанатык. Фанатызм у дачыненьні да сваёй мовы, культуры, літаратуры. У дачыненьні да насельніцтва не зрабіў нічога такога, наадварот шкадаваў".

5 верасьня 1952 года, амаль праз год пасьля дэсантаваньня, група Янкі Філістовіча была высачана каля вёскі Самалі. Ворганы МГБ СССР правялі сьпецапэрацыю па яе ліквідацыі. Былі забіты два чальцы групы, аднак Янку Філістовічу атрымалася ўцячы. З Маладэчненшчыны ён перабраўся на Гарадзеншчыну і зьбіраўся перапраўляцца ў Польшчу. 9 верасьня ён зайшоў пераночыць у хату да жыхара вёскі Ярмолічы. Аднак той аказаўся тайным агентам сьпецсужбаў і па загадзе падсыпаў яму моцнага снатворнага ў вячэру. Пры вобшуку ў яго і хованцы знайшлі пісталет, малітоўнік, іконы, фотакарткі з зычаньнямі ад дзеячоў Міколы Абрамчыка і Францішка Кушаля, паштоўкі са сьцягам і гербам БНР, розныя газэты і кнігі.

Кадр з Янкам Філістовічам з савецкага прапагандыстскага фільму (1983 г.)

Суд над Янкам Філістовічам пачаўся 17 кастрычніка 1953 году. Справа заняла 23 тамы. З сьведчаньняў сьледчага Рыгора Трапшы:

"Я павінен сказаць, што ён вельмі цікавы чалавек, валявы хлопец, і, нягледзячы на яго становішча перада мной, ён быў мне сімпатычны як чалавек. Першыя тры-чатыры дні запар я быў у дурацкім стане: выклікаў яго на допыт, гадзінамі глядзелі адзін на аднаго, і ён не адмыкаў нават губы, не казаў нічога, сядзеў — і ўсё. Задавай яму якія заўгодна пытаньні — і нічога. Нават зьвесткі пра сябе не хацеў паведаміць. І толькі на трэці ці чацьвёрты дзень ён адкрыў рот са словамі: «Што глядзіце, страляйце, страляйце!»".

Таксама цікавы яго іншыя ўспаміны аб допытах Янкі Філістовіча:

"Адзін эпізод быў трагікамічны. Яму прад’явілі расшыфраваныя лісты, якія ён пасылаў. У адным з іх быў такі тэкст: «U Horadni v š vojska (b sam)». Мы доўга расшыфроўвалі, што ж гэта такое, што гэта за горад такі «В.Ш.» Не маглі знайсці такі горад. Потым я шмат разоў яго дапытваў і кожны раз вяртаўся да ліста, а ён рабіў выгляд, што не разумее, аб чым яго пытаюць. Нарэшце ён мне сказаў: «Вы каўказец (прым. Рыгор Трапша быў з Абхазіі), вам гэта даравальна, але што, у вас тут няма беларусаў, якія б гэта расшыфравалі?». Ён напісаў, калі быў у Горадні, што «ў горадзе вельмі шмат войскаў, бачыў сам». Ох, колькі ў нас шуму было з-за гэтага! І ўсур’ёз усыпалі таму-сяму з нашых. А Філістовіч паздзекаваўся, кожны раз сьмяяўся з нас.
Карціна Янкі Філістовіча, напісаная вядомым мастаком-нацыяналістам Алесям Пушкіным

Па сканчэньні судовага працэсу Янка Філістовіч быў асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі да сьмяротнага пакараньня. Апошні дакумэнт, падпісаны ім уласнаручна, датуецца 11 лістапада 1953 года, мяркуецца, што пасьля гэтага ён быў расстраляны. Таксама былі рэпрэсаваны ўсе знаёмыя і сваякі Янкі Філістовіча, якія дапамагалі яму.

З апошняга слова Янкі Філістовіча на судзе:

"Я бязьмерна рады, што сваім жыцьцём змагу ўцэментаваць некалькі загартаваных цаглін у вялікі дом Беларускай сям’і. І як сын гэтай сям’і, я не толькі жадаю аддаць сваё жыцьцё за яе таму, што забавязаны, а таму што гэта зьяўляецца маім ідэялам, імкненьнем і мэтай жыцьця. Аддаць сваё жыцьцё, каб жыла Бацькаўшчына, ёсьць найбольшае чалавечае, і тым больш маё, шчасьце... Жыве Беларусь!".

СЛАВА ГЕРОЮ БЕЛАРУСКАГА СУПРАЦІВУ ЯНКУ ФІЛІСТОВІЧУ! ⚪🔴⚪

Report Page