Як вынішчалі «Пагоню» ў англійскай Вікіпедыі (частка 1)

Як вынішчалі «Пагоню» ў англійскай Вікіпедыі (частка 1)

Вольныя вікіпедысты
Ілюстрацыя да верша Максіма Багдановіча "Пагоня" ў кнізе Л. Гарэцкай "Родны край. Трэцяя і чацьвертая пасьля лемантара кніжка да чытаньня". 1921 г. Wikimedia Commons

Калі вы сёння ўведзяце ў пошук англійскай Вікіпедыі слова "Pahonia", вас аўтаматычна перанакіруе на артыкул пра сучасны дзяржаўны герб Літвы ("Coat of arms of Lithuania"), дзе ўвесь беларускі кантэкст змяшчаецца ў пару тэндэнцыйных абзацаў. Гэта не выпадковасць і не тэхнічная памылка. Гэта вынік шматгадовай, скаардынаванай "спецаперацыі", мэтай якой было сцерці беларусаў з гісторыі гэтага сімвала.

У той час як у Беларусі за "Пагоню" людзей кідаюць у турмы і прымушаюць зразаць яе са скуры лязом, самая вялікая энцыклапедыя свету сёння паўтарае час ад часу наратывы лукашэнкаўскай прапаганды: гэта "чужы" сімвал, які беларускія нацыяналісты нібыта прысвоілі сабе ў 1918 годзе.

Але так было не заўсёды. Мы аднавілі поўную хроніку гэтай інфармацыйнай вайны ў англійскай Вікіпедыі.

"Пагоня" для ўсіх

Да знішчэння ўвесну 2021 года артыкул "Pahonia" быў досыць вялікім — больш за 25 тысяч знакаў. Артыкул не быў "беларускім нацыяналістычным праектам" ці спробай нешта скрасці ў суседзяў. Наадварот, у ім быў баланс і павага да агульнай гісторыі беларусаў і літоўцаў. Вось як гучаў самы першы абзац (прэамбула) артыкула:

"Пагоня ... — гэта гістарычны герб Вялікага Княства Літоўскага, адной з варыяцый якога з'яўляецца сучасны герб Літвы. Яна таксама была афіцыйнай эмблемай Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе і Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1995 год."

The Pahonia ... is the historical coat of arms of the Grand Duchy of Lithuania, one variation of which is the current coat of arms of Lithuania. It was also the official emblem of the Belarusian Democratic Republic in 1918 and of the Republic of Belarus from 1991 to 1995.

Гэтая фармулёўка нікога не прыніжала, паказваючы яго гістарычнае паходжанне герба з ВКЛ, і паказваючы яго як нацыянальны сімвал Літвы і Беларусі. Аўтары спрабавалі развесці дзве нацыянальныя версіі па візуальных адрозненнях, прынятых у афіцыйных варыянтах. У раздзеле "Design and variations" розніца паміж эталонамі тлумачылася так:

Беларуская: "На левым плячы вершніка вісіць срэбны шчыт, на якім намаляваны залаты [шасціканцовы] патрыяршы крыж."

A silver shield hangs on the left shoulder of the charging knight, and a golden (yellow) Patriarchal cross appears on the shield.

Літоўская: "...трымае сіні шчыт, на якім намаляваны залаты латарынгскі крыж."

...maintaining a shield azure charged with a cross of Lorraine Or.

У артыкуле таксама згадвалася Pogoń Ruska (са Святым Юр’ем), Pogoń Tatar, а таксама дзясяткі гербаў гарадоў і ваяводстваў (ад Віцебска да Беластока), для якіх вершнік стагоддзямі быў неад’емнай часткай мясцовай геральдыкі.

Аднак гэтая аб'ектыўнасць не была патрэбная некаторым рэдактарам англійскай Вікіпедыі.

"Вы самі ад яе адмовіліся"

Мірнае суіснаванне скончылася ў красавіку 2021 года, калі ў артыкуле з'яўляецца літоўскі рэдактар пад нікам Pofka. Яго мэта — не палепшыць тэкст, а манапалізаваць гісторыю выключна на карысць сваёй краіны і народа, і для гэтага ён пойдзе на ўсё.

3 красавіка 2021 года Pofka робіць першы крок: ён перамяшчае ў інфабоксе артыкула выяву герба Рэспублікі Беларусь 1991 года, ставячы на першае месца выяву літоўскага "Віціса". Звычайная дробная барацьба, на якую можна было б не звяртаць увагі, калі б не тыя аргументы, якія пайшлі ў ход. Сваю праўку Pofka суправаджае спасылкай на вынікі рэферэндума, ініцыянаванага Лукашэнкам:

"Замяніў на герб галоўнага законнага спадчынніка ВКЛ, які быў прыняты Рэспублікай Літва. Беларускі варыянт выкарыстоўваўся ўсяго некалькі гадоў і быў неўзабаве прыбраны пасля рэферэндуму, на якім 3/4 беларусаў выказалі меркаванне супраць таго, каб ён быў гербам Беларусі..."

"Replaced with the primary legitimate successor coat of arms of the Grand Duchy of Lithuania, which was adopted by the Republic of Lithuania. The Belarusian variant was used only for a few years and was soon removed after a referendum where 3/4 of Belarusians expressed an opinion against it being the coat of arms of Belarus..."

У "вайну правак" (Edit war) уключыліся беларускія рэдактары, у прыватнасці удзельнік Kazimier Lachnovič, які скасоўваў праўкі Пофкі з наступным тлумачэннем:

"Пагоня — гэта беларускі герб, летувіская (сучасная літоўская) версія ўжо згаданая і мае асобны артыкул."

"The Pahonia is Belarusian CoA, the Lietuvan (modern Lithuanian) version is already mentioned and has a separate article"

Pofka не збіраўся шукаць кампрамісу, а адразу выкарыстаў бюракратычны аргумент, прыгразіўшы скаргамі да адміністратараў:

"Пагоня — гэта не толькі беларускі герб. Паведамляю адміністратарам Вікіпедыі пра нацыяналістычны вандалізм і прасоўванне прапаганды."

"Pahonia is not only the Belarusian coat of arms. Reporting nationalistic vandalism, pushing of propaganda to the administrators of Wikipedia."

"Адменіце гэта яшчэ раз, і я паскарджуся на вас адміністратарам Вікіпедыі за прасоўванне беларускай нацыяналістычнай хлусні і прапаганды." (спасылка)

Revert this one more time and I will report you to the administrators of Wikipedia for pushing the Belarusian nationalist lies, propaganda.

У выніку адміністратары, якія не разбіраюцца ў гісторыі Усходняй Еўропы, проста часова закрылі артыкул для рэдагавання.

Зразумеўшы, што ўзяць артыкул "нахрапам" не атрымалася, Pofka змяніў тактыку. Ён пачаў страчыць скаргі на беларусаў ва ўсе магчымыя інстанцыі вялікай бюракратычнай машыны англійскай Вікіпедыі, у чым яму аказваў падтрымку адзін з яго землякоў.

Pofka і шматаблічны паплечнік

Нельга не падзівіцца таму, як малая група людзей змага зламаць бюракратычную машыну, скарыстаўшыся яе ўласнымі механізмамі і правіламі, каб выдушыць з многіх артыкулаў усё беларускае. Гэта былі моцна матываваныя ідэалагічныя байцы.

Галоўны ініцыятар знішчэння "Пагоні", літоўскі ўдзельнік Pofka, з самага пачатку не хаваў, што для яго гэта не акадэмічная спрэчка, а ідэалагічная бітва. Ён разглядаў любыя спробы беларусаў прэтэндаваць на спадчыну ВКЛ як прамы замах на ідэнтычнасць сваёй роднай краіны.

"Я рэдагую Вікіпедыю ўжо больш за 10 гадоў... і толькі цяпер сутыкнуўся з такімі пераважнымі прапагандысцкімі атакамі супраць ідэнтычнасці маёй роднай краіны ў англійскай Вікіпедыі."

I have been editing Wikipedia for over 10 years... and only now encountered such overwhelming propaganda attacks against my home country's identity in English Wikipedia.

ВКЛ ён разглядаў выключна як маналітную балцкую дзяржаву, а беларусаў лічыў "заваяваным славянскім насельніцтвам", адмаўляючы іх удзел у фарміраванні дзяржавы.

"Фактычна, гэта была Літоўская Імперыя... якая пазней ўтварыла саюзную дзяржаву з Польшчай... Як напісана ў "Брытаніцы", Літва была створана этнічнымі літоўцамі, якія пазней анексавалі русінскія тэрыторыі." (спасылка)

Factually, it was a Lithuanian Empire... which later formed a dual state with Poland... As it is written in Britannica, Lithuania was created by the ethnic Lithuanians and later annexed Ruthenian territories.

"Колькі б разоў нацыяналісты з Беларусі ні паўтаралі сцвярджэнні, што 'большасць насельніцтва ВКЛ была славянскай', гэта ніколі не зменіць таго факту, што кіруючая дынастыя была літоўскай, а цэнтр ВКЛ знаходзіўся на неславянскіх літоўскіх (балцкіх) землях. ВКЛ было беларускім настолькі ж, наколькі Брытанская імперыя была індыйскай. Большасць насельніцтва не мае значэння, калі яна не кіруе дзяржавай." (спасылка)

No matter how many times nationalists from Belarus will repeat statements that ''the majority of the population of GDL was Slavic'', it will never change the fact that the ruling dynasty was Lithuanian and the center of GDL was in non-Slavic Lithuanian (Baltic) lands. The GDL was as much Belarusian as the [[British Empire]] was Indian. The majority of the population doesn't matter if it is not ruling the state.


Насамрэч гістарычнае значэнне мае не колькасць насельніцтва, а ўзровень яго культурнага развіцця. Варвары, якія, як да нядаўняга часу прынята было лічыць, проста зруйнавалі Старажытны Рым, насамрэч беражліва выратавалі яго аскепкі. Варварскія каралі прынялі хрысціянства, каб замацаваць уласную легітымнасць: яны страсна жадалі быць падобнымі да велічных хрысціянскіх імператараў у Канстанцінопалі.

Не маючы развітай пісьменнасці для кіравання вялікімі тэрыторыямі, яны цалкам перанялі лацінскую мову для справаводства, дыпламатыі і набажэнстваў. У велізарнай ступені яны інтэгравалі і рымскае права, запісаўшы свае звычаі лацінскімі юрыдычнымі паняццямі. А галоўнае — яны так шчыльна парадніліся праз шлюбы з мясцовай сенатарскай арыстакратыяй, што ўжо праз некалькі пакаленняў перасталі ад яе адрознівацца.

Адбыўся ўнікальны цывілізацыйны сінтэз. Варварскія каралеўствы, якія падпарадкавалі сабе развітыя італьянскія альбо гальскія землі і лацінскае насельніцтва, вельмі хутка ператварыліся ў раманскія дзяржавы. Пры гэтым тыя германскія плямёны, што засталіся па-за арбітай уплыву Рымскай імперыі, так і засталіся сугуба германскімі. Больш развітая культура паланіла свайго заваёўніка.

Ці падобна гэта да таго, як сфарміравалася Вялікае Княства Літоўскае? Не проста падобна — гэта той самы гістарычны сцэнарый, паўтораны праз стагоддзі на іншым канцы Еўропы.

Італьянец бы сёння моцна б здзівіўся, калі б пачуў, што якое-небудзь Остгоцкае каралеўства — гэта не італьянская гісторыя, бо заваёўнікі-германцы паводле крыві паходзілі са скандынаўскіх ці прыбалтыйскіх балот, а продкі італьянцаў мелі да гэтай дзяржавы дачэненне, як "індусы да Брытанскай імперыі".

І калі нехта спрабуе выкрасліць беларусаў з гісторыі ВКЛ, ён робіць тую ж памылку, што і чалавек, які адмовіў бы французам у праве на Карла Вялікага толькі таму, што той размаўляў на германскім дыялекце.


"Тое, што ў Літвы значна больш вялікая гісторыя, чым у Беларусі, не азначае, што некаторым беларускім нацыяналістам, якія не задаволеныя ўласнай гісторыяй, трэба дазваляць перапісваць гісторыю... Ім варта паглядзець на Латвію, Эстонію, Славакію і быць задаволенымі тым, што яны сапраўды маюць." (спасылка)

Just because Lithuania has a far grander history than Belarus, it doesn't mean that some of the Belarusian nationalists, who are not satisfied with their own history, should be allowed to rewrite history with WP:OR. They should look at Latvia, Estonia, Slovakia and be satisfied with what they really have.

У адной з дыскусій Pofka абвінавачвае свайго апанента Marcelus (які абараняў гістарычнасць назвы "Pogoń/Пагоня") у "нянавісці да літоўскай мовы":

"Мне здаецца, вы заблыталіся ва ўласных аргументах і з нейкіх прычын дэманструеце сваю нянавісць да літоўскай мовы і хочаце яе дыскрэдытаваць, нягледзячы на тое, што ВКЛ было заснавана літоўцамі, якія размаўлялі на літоўскай мове."

It seems to me that you are lost in your own arguments and for some kind of reasons show your hate towards the Lithuanian language and want to discredit it, despite the fact that the Grand Duchy of Lithuania was founded by the Lithuanians, who spoke the Lithuanian language.

Каб надаць сваім поглядам вагу, ініцыятары актыўна выкарыстоўвалі заходніх навукоўцаў, дакладней — зручныя ім назвы кніг. Галоўным аргументам стаў брытанскі гісторык Стывен Крыстафер Роўэл (Stephen Christopher Rowell) і яго кніга "Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe" (Узыходжанне Літвы: Паганская імперыя ва Усходне-Цэнтральнай Еўропе).

"Існуе нават кніга, выдадзеная Cambridge University Press, якая называе Вялікае Княства Літоўскае 'Паганскай Імперыяй'... такім чынам, гэта не праваслаўная/беларуская імперыя."

There even is a book, published by the Cambridge University Press, which calls the Grand Duchy of Lithuania as 'A Pagan Empire Within East-Central Europe'... so not as an Orthodox/Belarusian Empire.

Роўэл падаецца як непераўзяты заходні спецыяліст, які публікуецца ў напрэстыжных заходніх выдавецтва. Праўда, артыкул пра С. К. Роўэла, напісаны для англійскай вікі самім Pofka, раскрывае, што гэты заходні спецыяліст працуе ў Клайпедзе.

Прафесар Аляксандр Краўцэвіч у сваёй рэцэнзіі, якую ён назваў "Папяровы імперыялізм...", прама заявіў, што кніга Роўэла — гэта не столькі навуковая праца, колькі публіцыстыка, накіраваная на абгрунтаванне сучаснай літоўскай нацыянальнай ідэі. Ён адзначыў, што ў працы Роўэла:

"практычна цалкам адсутнічаюць беларусы і ўкраінцы, якіх аўтар прадстаўляе як русінаў, што сталіся аб’ектамі экспансіі язычнікаў-летувісаў".

Падобныя высновы зрабіў і прафесар Генадзь Сагановіч. Ён адзначыў, што хоць Роўэл і прызнае ўплыў Русі, ён мэтанакіравана ігнаруе беларускі складнік ВКЛ:

"У выніку русінскае (беларускае і ўкраінскае) Вялікае Княства пакінута амаль без увагі, — у выкладанні гісторыі яму проста не адводзіцца месца".

Больш за тое, абодва гісторыкі раскрытыкавалі саму назву кнігі пра "паганскую імперыю". Краўцэвіч іранічна заўважае, што сам Роўэл у тэксце прыводзіць шматлікія доказы таго, як язычніцтва было маргінальным, а хрысціянства (і праваслаўе, і каталіцтва) актыўна пашыралася пры падтрымцы вялікіх князёў.

Але для Pofka любая беларуская гістарыяграфічная крыніца загадзя лічылася "прапагандай". Каб дыскрэдытаваць апанентаў, ён выкарыстоўваў палітычны кантэкст, заяўляючы, што беларускія крыніцы не могуць быць надзейнымі:

"...беларуская крыніца, апублікаваная ў дзяржаве, якой кіруе тэрарыстычны рэжым, сцвярджае, што літоўцы хацелі прыбраць свой герб? Абсалютная прапаганда..."

...a Belarusian source, published in a state run by a terroristic regime, claims that the Lithuanians wished to remove their CoA? An absolute propaganda...

Называючы любую беларускую гістарыяграфію "прапагандай дыктатара", Pofka без ваганняў выкарыстоўваў наратывы гэтага ж дыктатара, калі яны былі яму выгадныя. Каб даказаць, што "Пагоня" не з'яўляецца беларускім сімвалам, ён на поўным сур'ёзе легітымізаваў лукашэнкаўскі рэферэндум 1995 года.

У адной з версій артыкула ён напісаў:

"Падчас рэферэндуму 75,1% беларусаў пагадзіліся змяніць дзяржаўныя сімвалы, і, паводле Міхаіла Пастухова, былога суддзі Канстытуцыйнага суда Беларусі, няма падстаў лічыць рэферэндум несапраўдным, паколькі не было сур'ёзных парушэнняў падчас галасавання, аднак ён таксама адзначыў, што вынікі рэферэндуму аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай мовай з'яўляюцца несапраўднымі з юрыдычнага пункту гледжання і павінны быць адмененыя."

During the referendum 75.1% of Belarusians agreed to change the state symbols and according to Mikhail Pastukhov, the former judge of the Constitutional Court of Belarus, there are no grounds to treat the referendum as invalid as there were no serious violations in the course of the vote, however he also noted that the results of the referendum on giving the Russian language the equal status with the Belarusian language are invalid from the legal point of view and should be abolished.

У якасці доказу ён паставіў спасылку на артыкул Еўрарадыё "The day Belarus lost its language, white-red-white flag and Pahonia coat of arms". Pofka вельмі дакладна працытаваў гэты артыкул, але ён наўмысна схаваў той факт, што паслядоўная пазіцыя самога Міхаіла Пастухова на працягу дзесяцігоддзяў была прама супрацьлеглай. Яшчэ ў 1998 годзе ў "Нашай Ніве" былы суддзя пісаў, што вынясенне пытанняў пра мову і сімвалы на рэферэндум было незаконным, а значыць:

"Вынікі рэфэрэндуму што да прыданьня расейскай мове роўнага статусу зь беларускай, а таксама што да ўсталяваньня новай сымболiкi — з прававога пункту гледжаньня зьяўляюцца нiякiмi i падлягаюць адмене."

Літоўскі рэдактар свядома выкарыстаў адну вырваную з кантэксту фразу з другаснай крыніцы (пераказу яго слоў), каб цалкам сказіць пазіцыю апазіцыйнага суддзі.

Але самае цікавае ў асобе Pofka тое, што гэты чалавек, які ў англійскай Вікіпедыі вучыў усіх правілам і абвінавачваў беларусаў у нацыяналізме, як мы ўжо расказвалі ў ранейшай публікацыі, насамрэч з'яўляецца персонай нон-грата ў сваёй уласнай моўнай прасторы.

Увосень 2022 года Pofka атрымаў бестэрміновыя блакіроўкі ў Літоўскай Вікіпедыі (lt.wikipedia.org), Жамойцкай Вікіпедыі і Літоўскіх Вікікрыніцах.

Фармулёўкі мясцовых літоўскіх адміністратараў характэрныя:

  • "Паўторныя асабістыя нападкі"
  • "Абразы, пагрозы, лаянку і пераслед удзельнікаў на іншых праектах"
  • "Чалавек агрэсіўна настроены, ходзіць па ўсіх Вікіпедыях і лье ad hominem замест культурнай дыскусіі... Колькі можна?"

Выгнаны з нацыянальных раздзелаў за неадэкватны радыкалізм, Pofka сканцэнтраваў усе сілы на глабальнай Англійскай Вікіпедыі, дзе заходнія адміністратары не разумелі тонкасцяў усходнееўрапейскай гісторыі. Але для поўнай перамогі аднаго радыкала было мала, яму была патрэбная падтрымка.

19 сакавіка 2020 года ў Вікіпедыі рэгіструецца новы карыстальнік. На сваёй асабістай старонцы ён пакідае такое прывітанне:

 "Прывітанне, я Іцхак Розенберг, і я ашкеназскі яўрэй, які прасочвае свой радавод з 1700-х гадоў. Наяўнасць ведаў дазваляе мне выпраўляць любыя патэнцыйныя памылкі, якія я заўважаю, спрыяючы надзейнасці Вікіпедыі."

Hi, I am Itzhak Rosenberg and I am an Ashkenazi Jew, tracing my ancestry back to the 1700s. Having knowledge allows me to correct any potential mistakes I notice, furthering Wikipedia's reliability.

Праўда ў хуткім часе на старонцы з’явілася табліца з мовамі, у якой ён заявіў пра родную літоўскую (lt) і поўнае няведанне іўрыту (he-0). Праз некалькі дзён ён ужо забыўся пра сваю першую ідэнтычнасць і казыраў другой: "Дарэчы, я як літовец... (By the way, as a Lithuanian...)". У хуткім часе ўсе згадкі пра яўрэйства і іўрыт са старонкі ўдзельніка зніклі, застаўся толькі характэры нікнэйм Itzhak Rosenberg.

Менавіта гэты "Іцхак" у маі 2020 года афіцыйна стварыў першы запыт на зліццё (а фактычна — знішчэнне) артыкула "Pahonia" з артыкулам "Coat of arms of Lithuania". Яго галоўны аргумент — артыкул "Пагоня" з'яўляецца актам нацыяналізму:

"Само існаванне артыкула 'Пагоня' з'яўляецца праявай прасоўвання беларускага пункту гледжання, бо няма жадання проста пагадзіцца, што гэта адзіны сімвал, які паходзіць ад літоўцаў...

The whole existence of the article Pahonia is itself a manifestation of Belarusian POV-pushing, as there is no will to simply agree that it is one symbol, which originated from Lithuanians...

І "Іцхак" жа летам 2021 года галасаваў разам з Pofka і дапамагаў яму прасоўваць выгаднае рашэнне на старонках абмеркаванняў. Паміж імі існавала прамая каардынацыя: яны ў адкрытую клікалі адзін аднаго на галасаванні і скаргі (што ў Вікіпедыі строга забаронена і называецца canvassing / meatpuppetry).

Дзейнасць "Іцхака" не засталася незаўважанай. 30 студзеня 2021 года адміністратар El_C назаўжды (indefinitely) блакуе Itzhak Rosenberg з фармулёўкай:

"За дэструктыўныя праўкі, у тым ліку тэндэнцыйнасць, асабістыя напады, а таксама ўдзел у этнанацыянальных і гамафобных правакацыях."

You have been blocked indefinitely from editing for disruptive editing, including tendentious editing, personal attacks as well as engaging in ethno-national and homophobic provocations.

Калі ў ліпені 2021 года працэс знішчэння артыкула выйшаў на фінішную прамую, і рашэнне адміністратараў было ўжо блізка, "Іцхак" змяняе імя акаўнта і працягвае ўдзельнічаць у дыскусіях ужо пад новым імем. Старое нікуды з папярэдніх абмеркаванняў не знікае, так што можа скласціся ўражанне, што гэта два розныя чалавекі.

Дзякуючы логам Вікіпедыі, нам удалося прасачыць увесь гэты ланцужок:

  • 28 ліпеня 2021 года (за некалькі дзён да выдалення "Пагоні") Itzhak Rosenberg пераназываецца ў Cukrakalnis. Cukurkalns гэта (у перакладзе з латышскай — Цукровая гара) адзін з найбуйнейшых і найважнейшых археалагічных помнікаў Латвіі. Да канца XIII стагоддзя гарадзішча было галоўным цэнтрам заходніх земгалаў, тут знаходзілася рэзідэнцыя легендарных земгальскіх уладароў, якія паспяхова супрацьстаялі нападам Лівонскага ордэна.
  • У снежні 2023 ён мяняе імя на +JMJ+. І ўжо пад гэтым імем дапамагае Pofka абараняць яго стварэнне — велізарны прапагандысцкі артыкул «Litvinism», пра які мы падрабязна пісалі раней. +JMJ+ гэта скарот, які азначае Святое Сямейства: Jesus, Maria, Joseph. Вельмі дзіўна для ашкеназскага яўрэя.
  • У канцы 2025 года «Litvinism» заўважаюць і цалкам перапісваюць з нуля ў нейтральным духу. Пасля гэтага ў маі 2026 года гэты рэдактар становіцца D&P. Ці не зашыфравана ў гэтай абрэвіятуры лацінскае Deus et Patria ("Бог і Айчына")?

Дастаткова зайсці на старонку ўдзельніка, каб пабачыць, што піша ён амаль выключна па ваеннай гісторыі Літвы. Ён скрупулёзна стварае ці дапаўняе артыкулы пра вайсковыя фармаванні, афіцэраў і паўстанцаў, звязаных з Літвой, пачынаючы ад войска ВКЛ і заканчваючы літоўцамі ў арміях Напалеона, Прусіі і Расійскай імперыі. Гэта цікава, бо Deus et Patria ёсць дэвізам «Ваюючых мечнікаў» (VFA-32 «Fighting Swordsmen»), дзеючай знішчальна-штурмавой эскадрыллі Ваенна-марскіх сіл ЗША, якая базуецца на ваенна-марской авіябазе Акіяна (NAS Oceana) у штаце Вірджынія.

Можа быць гэта надумана, але сярод моў, якія ён ведае, пазначаная англійская (узровень 5 - прафесійны ўзровень) і французская (3). Гэта выдае літоўца, які цалкам інтэграваўся ў англамоўнае асяроддзе. А вось французская мова — вельмі цікавая дэталь. Францыя — адзіная краіна ў НАТА, якая мае такі ж авіяносец, як і ЗША. Праз гэта паміж краінамі дзейнічае пастаянная праграма абмену пілотамі. Прычым менавіта пілоты з VFA-32 гістарычна былі першымі, хто пасадзіў амерыканскі Super Hornet на французскі авіяносец. 

Мы праверылі таксама час актыўнасці ўдзельніка, выявіўшы, што "Іцхах" пісаў свае каментары ў зусім іншы час, чым іншыя ўдзельнікі дыскусій: у перыяд з 20:00 да 04:00 UTC. У Літве гэта з 22:00 да 06:00 узімку (ці з 23:00 да 07:00 улетку). Вельмі малаверагодна, што нехта стаў бы ўдзельнічаць у спрэчках у 4-5 гадзін ночы, хіба што працуючы вартаўніком у начную змену. А вось на Усходнім узбярэжжы ЗША гэта з 15:00 да 23:00 узімку (ці з 16:00 да 00:00 улетку). Гэта час класічнай інтэрнэт-актыўнасці пасля працы.

Першая яго праўка ва ўсіх моўных раздзелах Вікіпедыі была 19 сакавіка 2020 года менавіта ў англамоўным артыкуле Pahonia, адна з першых — мела цікавае тлумачэнне:

Віціс нельга блытаць з пагоняй — ніякія беларусы не прымалі ўдзелу ў паўстанні супраць Расійскай імперыі, бо былыя падданыя ВКЛ называлі сябе літоўцамі.

Vytis should not be mistaken for pahonia - no belarusians partook in the rebellion against the Russian Empire, as the former subjects of GDL called themselves Lithuanians.

Напэўна калі б такое сказаў беларус, то яго б абвінавіцілі ў літвінізме, але тут такі пасаж быў патрэбны, каб прыбраць беларусаў з гісторыі і зрабіць усё этнічна літоўскім, бо ў тонкасцях каго, каго называлі літоўцамі/літвінамі ў той час, на якія ціснуў сам "Іцхак", англамоўны чытач не будзе разбірацца.

Усе гэтыя гады, пад рознымі маскамі, гэты чалавек працягваў "вартаваць" артыкулы на беларускія і літоўскія тэмы, адкатваць праўкі беларускіх удзельнікаў і дапамагаць свайму калегу Pofka. Калі Pofka у 2022 годзе ўрэшце атрымаў тэматычны бан (Topic Ban) за агрэсію ў тэмах Усходняй Еўропы, менавіта яго напарнік (ужо пад нікам Cukrakalnis) бегаў да адміністратараў і прасіў пашкадаваць сябра.

"Іцхак" вельмі ахайны рэдактар: ён стараецца не пакідаць слядоў. 1 чэрвеня 2026 года, ужо пад нікам D&P, ён звярнуўся да адміністратараў з просьбай выдаліць усе свае старыя архівы перапісак на яго старонцы размоў. Адміністратар, не ўнікаючы ў матывы, выканаў запыт, пазначыўшы ў журнале выдаленняў:

"U1: Запыт карыстальніка на выдаленне старонкі ў сваёй уласнай прасторы."

U1: User request to delete page in own userspace

Усе абмеркаванні за апошнія гады, у тым ліку згадкі праз бестэрміновы бан, бясследна зніклі. Гэта вельмі дзіўны крок, з якім мы ўпершыню сутыкнуліся менавіта пры напісанні гэтага тэксту, бо звычайна вікіпедысты яшчэ тыя інфабарахольшчыкі — хто ведае, калі спатрэбіцца тая ці іншая размова! Вось і "Іцхак" так падумаў і, відаць, вырашыў не рызыкаваць. Але нам вышэй дапамог архіў Інтэрнэту — Wayback Machine. 


Матэрыял распаўсюджваецца пад свабоднай ліцэнзіяй CC BY-SA 4.0

Report Page