Як развітацца з хатнімі раслінамі, калі з’язджаеш за мяжу?

Як развітацца з хатнімі раслінамі, калі з’язджаеш за мяжу?


Пра тое, што рабіць з раслінамі, калі пераязджаеш, блог “Праект 1906” пагутарыў з Аляксандрай, кіраўніцай праекта “Душа Ботаника”.

Гэтая ініцыятыва некалі вырасла з арт-прасторы, дзе ладзіліся мероапрыемствы і майстар-класы. Гэтую прастору супрацоўніцы праекта зрабілі дужа зялёнай, напоўнілі яе вялікай колькасцю раслін. Праз гэта праект і сам пачаў займацца раслінамі і дапамогай людзям з імі, тым больш што сама Аляксандра – эколаг і займаецца ўсё жыццё раслінамі. Таму і свой праект яна ператварыла ў кансультатыўны: пачала расказваць, як даглядаць расліны і як знайсці новага гаспадара для расліны, якая табе больш не патрэбная.

Спачатку “Душа Ботаника” Аляксандры працаваў выключна ў Мінску, але з часам яна вырашыла з’язджаць з краіны. Незадоўга да гэтага беларуска сабрала каманду дзяўчат, якія, як і яна сама, любяць расліны і гатовыя падказаць, як за імі даглядаць, гэтая ж каманда працягвае працаваць і зараз. Сама Аляксандра зараз жыве ў Вільні, яшчэ адна валанцёрка праекта – у Варшаве, таму праект, як кажуць дзяўчаты, пашырыўся яшчэ на дзве еўрапейскія сталіцы.

Нягледзячы на такую дасведчанасць у пытанні раслін, Аляксандра, кали ёй давялося пераязджаць, ўсё-такі вырашыла не шукаць магчымасці атрымаць той фітасанітарны сертыфікат, што дазваляе ўвезці расліны ў ЕС. Таму ёй давялося шукаць тых, хто здолее прыняць расліны з яе багатай калекцыі. І – добрая навіна: калі ў вас няма сваякоў ці знаёмых, якія б прынялі вашы расліны ў дар, зусім не абавязкова закопваць іх ці выкідаць.

Аляксандра расказвае, што ёсць арганізацыі, куды можна перадаць непатрэбныя расліны. Некалі іх прымаў, напрыклад, дабрачынны праект KaliLaska, але зараз там з гэтым ёсць нюансы. Аляксандра тлумачыць: “Калі я з’язджала, яны ўжо не надта ахвотна прымалі расліны, бо ім не было потым куды іх перадаваць, але такі варыянт яшчэ існаваў. Нейкую частку раслін KaliLaska пакідалі ў сваім офісе, нешта забіралі сабе супрацоўнікі магазіна, а самыя слабыя расліны мы раздавалі праз наш праект”.

Можна звярнуцца ў мінскі праект Biblio.plant, які ладзіць абмены раслінамі, і праз яго знайсці новых гаспадароў сваім кветкам. У гэтым праекце вам трэба будзе пакінуць фота расліны і спасылку на сябе, удакладніць, у якім раёне Мінска вы жывеце, і да вас прыедзе чалавек, якому прыглянецца ваша расліна.

Калі ж вы не маеце часу, то, расказвае Аляксандра, можна пісаць і ў “Душу Ботаника”. Дзяўчына гатовая дапамагчы: яна можа знайсці раслінам новы дом сярод тых аб’ектаў, якія некалі дзяўчыны дапамагалі азеляняць. Іншыя варыянты – пакінуць аб’яву на Kufar.by, што шукаеце раслінам іншых гаспадароў, або, зноў жа, звярнуцца да знаёмых. Аляксандра запэўнівае, што на “Куфары” ёсць чытачы, якія спецыяльна сочаць за сайтам, каб знайсці расліны, і калі ставіць на расліну мінімальную цэну або прапаноўваць яе забраць бясплатна, кветка вельмі хутка знойдзе новага гаспадара.

Калі расліна ў дрэнным стане, хварэе, яе будзе не надта проста прыстроіць, і ў такіх выпадках экспертка раіць проста выставіць вазон з кветкай у пад’езд – магчыма, нехта яго перахопіць. У Еўропе, кажа Аляксандра, прынята пакідаць ля дамоў непатрэбную мэблю і прадметы ўжытку, таму, напэўна, можна так выставіць і расліны.

Яшчэ адзін лайфхак ад Аляксандры: “Калі ёсць добрыя, дакладна здаровыя расліны, можна зрабіць іх фота. Калі вы будзеце ў нейкіх мінскіх установах, у якіх ёсць расліны, можна проста прапанаваць сваю кветку ім. Для ўстановаў гэта можа быць плюсам, бо так ім не прыходзіцца самім шукаць і купляць сабе расліну”.

У выпадку, калі вы жадаеце перавезці расліну з сабой, Аляксандра нагадвае, што ў ЕС, куды часцей за ўсё перабіраюцца беларусы, цэлыя расліны ў вазонах можна законна перавезці толькі з наяўнасцю фітасанітарнага сертыфіката, атрымаць які даволі складана. Часта беларусы бяруць з сабой парасткі раслін і хаваюць іх недзе ў валізках, бо, згодна з фармулёўкай еўрапейскага заканадаўства, сертыфікат патрэбны менавіта пры перавозцы раслін у вазонах, а не зрэзаных кветак. Сукуленты, тлумачыць Аляксандра, спакойна пераносяць пераезд, а вось калі расліна мае выражаную карнявую сістэму, варта абгарнуць яе корань вільготнай анучай і зверху яшчэ цэлафанавым пакетам, каб зрэз не засох. Пры першай магчымасці пастаўце парастак у ваду на новым месцы, а потым перасадзіце ў новы вазон.

Report Page