Як перабудуюць дамы па Вялікай Траецкай 31 і 33

Як перабудуюць дамы па Вялікай Траецкай 31 і 33

Urban Hrodna

Два будынкі хочуць аб'яднаць у адзін. Там размесцяць грамадскае харчаванне, а таксама пякарню з продажам вырабаў.

Што было

Дом №31 збудаваны ў канцы ХІХ ст., №33 - у 1930-я гг. Абодва - двухпавярховыя, але маюць розніцу ў вышыні даху і перакрыццяў другога паверха. Першапачаткова яны не былі тынкаваныя, збудаваныя з традыцыйнай для Гродна жоўтай цэглы. На 1-х паверхах месціліся крамы, уваходы былі сумешчаныя з вітрынамі. У цэнтры кожнага будынка быў арачны праезд з брамай у двор. У цэнтры фасадаў кожнага на 2-м паверсе быў балкон. З боку двара на ўзроўні 2-га паверха былі галерэі для ўвахода ў асобныя кватэры. У час рамонтаў балконы былі страчаныя, вітрыны і праезды закладзеныя.

Пад будынкам №33 ёсць захаваны ў добрым стане падвал з самастойнымі мурамі з плінфы, складанай формы ў плане, збудаваны адначасова з домам. На асобных участках сценаў ёсць нішы з арачнымі лучковымі перамычкамі. Сучасны ўваход у падвал з’явіўся пазней.

Паводле геалагічнага абследавання, будынак узведзены на неаднародных насыпных грунтах, практычна без падмурка. У 2023 г. будынак прызналі аварыйным.

Што будзе

Праект мяркуе аб’яжднанне двух будынкаў з размяшчэннем на першых паверхах і частцы другога кропкі грамадскага харчавання агулам на 50 чалавек. Падвал хочуць пашырыць і зрабіць там міні-пякарню з асобным уваходам. Аварыйныя ўчасткі плануюць дэмантаваць. Пасля - “аднавіць візуальны выгляд будынка”, захаваць габарыты, вышыні і выгляд фасадаў. Фасады плануюць аднавіць у гістарычным выглядзе з “роднай” керамічнай цэглы.

Аконныя запаўненні, драўляныя ўваходныя дзверы і вітрыны, каваныя агароджы балконаў і арак праездаў, галярэй дваровага фасада, колер і матэрыял даху збіраюцца аднаўляць паводле комплексных навуковых даследванняў.

Падвал, які ёсць, захаваюць у цяперашнім выглядзе і аб’яднаюць з падвалам, які хочуць зрабіць пад усім будынкам.

Канструкцыйную схему будынка захаваюць, максімальна наблізіўшы да гістарычнай. Унутраную планіроўку ўвяжуць з канструкцыйнай схемай.

Плануюць:

- падвальны паверх з тэхнічнымі памяшканнямі і міні-пякарняй (выпечка з паўфабрыкатаў);

- першы паверх: зала грамадскага харчавання на 32 пасадачныя месцы, санвузел, пакой персаналу, дагатовачны ўчастак, лесвіца;

- антрэсоль (верхні паўпавярх, убудаваны ў аб'ём асноўнага паверха) з магчымасцю пасадкі 16 чалавек.

Будынкі і паверхі аб’яднаюць за кошт атрыума. У цэнтры будзе сцэна для канцэртаў. У меню плануюць стравы міжнацыянальных культур. Сталовыя зоны раздзеляць і аформяць паводле той жа тэмы.

Дадатковы ўваход у падвал будзе з тарца дома №31. Уваходы ў падвальныя і цокальныя памяшканні будуць праз прыямкі і не мусяць паўплываць на ўспрыманне фасада. Прыямак завершаць ажурнай каванай агароджай.

******

Будынкі знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна - гісторыка-культурнай каштоўнасці, і ў водаахоўнай зоне ракі. У часе працаў мусяць быць археалагічныя вышукі і выманне грунтаў.

Агульная плошча будынкаў - 367,6 кв.м.

Дрэвы і кусты на ўчастку ўсё ж выдаляць, але будуць кампенсацыйныя выплаты і пасадкі (магчыма, і ў іншым месцы). На ўчастку будзе азеляненне і сцежкі.

Ацяпленне можа быць ад гарадскіх цепласетак або ад міні-кацельні на газе або на электрычнасці ці на біямасе.

Замоўца працаў - ТАА “ФрутПак”. Праект рэканструкцыі распрацоўвае фірма «АРС Дэко», (рэканструявалі частку былой фабрыкі на Маставой, 31). Кантактнай асобай пазначана Вольга Барэйка, былая галоўная архітэктарка Гродна.

Грамадскае абмеркаванне

Грамадскае абмеркаванне ідзе да 24 лістапада.

Заўвагі прымае:

▪️Гродзенскі гарвыканкам (пл. Леніна, 2/1, 230023, г. Гродна; e-mail: gorisp@gorod.grodno.by. Кантактная асоба: начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Конан Дзяніс Рамановіч, (80152)626993, e-mail: arhitektura@gorod.grodno.by);

▪️ТДА “АРС Дэко" (кантактная асоба: намдырэктара Барэйка Вольга Уладзіміраўна, (80152)624701, е-mail: virman.ars@gmail.com).

❗️Сход па праекце адбудзецца пры заявах аб яго неабходнасці, скіраваных у гарвыканкам ((80152)626466, e-mail: info@gorod.grodno.by) да 9 лістапада (цягам 10 працоўных дзён ад 25.10.23). Кантактная асоба - Конан Д.Р. (кантакты вышэй).

❗️Заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы можна накіраваць у ТАА "ФрутПак" (231720, Гродзенская вобл., Гродзенскі раён, в. Пушкары, 30-18, +37529 6517765, е-mail: natalliakaranets@yandex.by) да 9 лістапада.

Поўная справаздача аб АУНА размешчана на рускамоўнай версіі сайта grodno.gov.by (укладка «Городское хозяйство» – «Общественные обсуждения», ад 25.10.2023).

Report Page