Як падтрымаць палітзняволеных у Беларусі

Як падтрымаць палітзняволеных у Беларусі

Вольныя паштоўкі

Тысячы людзей у Беларусі несправядліва знаходзяцца за кратамі з-за сваёй палітычнай пазіцыі. У дадатак да самога факта зняволення, для іх ствараюцца невыносныя ўмовы. Іх збіваюць і катуюць, трымаюць у перапоўненых камерах, пазбаўляюць лістоў і перадач. Ім забараняюць камунікаваць з іншымі зняволенымі і не дазваляюць спаткацца з роднымі.

Палітзняволеным патрэбная нашая падтрымка. Вось што вы можаце зрабіць для іх.

Дашліце ліст ці паштоўку

Лісты прапускаюць дрэнна, але прапускаюць. Пісаць можна на беларускай або рускай з улікам патрабаванняў цэнзуры. Калі ў вас няма ідэяў, аб чым напісаць, паглядзіце наш пост або скарыстайцеся канструктарам лістоў ад Politzek.me.

Даслаць ліст можна бясплатна праз Майстэрню паштовак салідарнасці. Дарэчы, каманда праекта перадае вашыя лісты родным палітвязня. Таму, нават калі цэнзар не прапусціць вашае пасланне, яно дакладна патрапіць да палітвязня пазней.

Аналагічным чынам працуе Dissidentby. Знайдзіце ў спісе палітвязняў чалавека, якому хочаце даслаць ліст, і націсніце "Отправить письмо". Адзначце галачкамі, якім чынам хочаце перадаць вязню свой ліст. Можна ў тым ліку перадаць ліст родным чалавека.

Яшчэ можна даслаць паштоўку праз письмо.бел. Адна каштуе 4,5 рублі — на ёй можна пакінуць невялічкі тэкст. Паштоўкі лепш праходзяць цэнзуру!

Вы можаце даслаць палітвязням некалькі Вольных паштовак. Зрабіце данат ад 5 еўра — вам стануць даступнымі 3 паштоўкі. Напішыце адрасы палітзняволеных, якім хочаце даслаць паштоўкі, у дырэкт ініцыятывы. Далей усім займуцца валанцёры.

Зрабіце грашовы перавод

Зняволеным, якія знаходзяцца ў СІЗА або на "хіміі", дазволена атрымліваць пераводы ад незнаёмых людзей. Адзінае выключэнне — людзі, унесеныя ў спіс "тэрарыстаў". Таму перад тым як дасылаць грошы, праверце, ці няма на асабістай старонцы вязня на сайце "Вясны" адпаведнай пазнакі.

Вырашылі даслаць перавод? Можна зрабіць гэта з беларускага рахунку праз прыкладанне банка — шукайце рэквізіты на гэтым сайце, а ў прызначэнні пераводу пішыце: "На асабістыя патрэбы зняволенага Іванова Івана Іванавіча". Таксама можна даслаць перавод праз пошту — для гэтага патрэбныя імя/прозвішча зняволенага і яго адрас.

Адпраўце пасылку

У СІЗА і на "хіміі" можна атрымліваць пасылкі неабмежавана. Вы можаце даслаць зняволенаму смачнюхі, сродкі гігіены, адзенне і іншае. Сярод забароненых тавараў — друкаваная прадукцыя, небяспечныя прадметы (як брытвы) і субстанцыі (як соль). У скрынку да прадметаў трэба будзе ўкласці заяву з пералікам усяго, што вы дасылаеце. Больш падрабязна — тут.

Адправіць скрынку, калі вы ў Беларусі, можна "Белпоштай". Калі вы за мяжой, дасылайце любой паштовай кампаніяй, якая дасылае па свеце (але пра Беларусь трэба ўдакладняць). 

Дашліце данат фонду ці ініцыятыве

Розныя структуры працягваюць адрасна дапамагаць палітзняволеным у турмах праз іх сем'і і напрамую пасля вызвалення. Вашыя данаты важныя.

  • Фонд BYSOL арганізуе адрасныя зборы для людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і розных ініцыятыў.
  • Фонд "Краіна для жыцця" дапамагае сем'ям і дзецям палітзняволеных.
  • Праз сайт Hutka.help вы можаце напрамую даслаць грошы людзям, якія пацярпелі ад рэжыму.
  • Ініцыятыва Dissidentby дапамагае родным палітзняволеных збіраць вялікія перадачы ў калоніі. Вы можаце зрабіць данат ініцыятыве праз "Вольныя паштоўкі" і атрымаць за гэта некалькі паштовак або мерч.
  • У Politzek.me таксама займаюцца перадачамі.

Усе справаздачы глядзіце на сайтах фондаў і ініцыятыў і ў іх сацсетках.

Дапамажыце сям'і палітзняволенага

На сайце Dissidentby ёсць Дошка аб'яваў, дзе публікуюцца запыты палітзняволеных і іх сем'яў аб дапамозе. Вы можаце, напрыклад, перадаць камусьці дзіцячую каляску або дапамагчы дзецям вывучыць англійскую мову.

Вольная паштоўка з малюнкам палітзняволенай Анастасіі Ярашэвіч

Больш парадаў глядзіце ў профілі "Вольных паштовак" у Інстаграме. Дзякуй за вашую салідарнасць!

Report Page