Як дапамагчы людзям, да якіх прыйшлі сілавікі? Расказваем

Як дапамагчы людзям, да якіх прыйшлі сілавікі? Расказваем

Наша Ніва

За апошнія дні ў беларускіх журналістаў, актывістаў, праваабаранцоў прайшло некалькі дзясяткаў ператрусаў. Тое, што яны сталі ледзь не штодзённай практыкай, не адмяняе, што за кожным ператрусам стаіць асобны дом, сям’я, стрэс і пашкоджаная маёмасць. Расказваем, чым можна дапамагчы сябру, знаёмаму і проста фрэнду з сацсетак, да якога раптам завіталі сілавікі. 

Падзяліцеся “лішняй” тэхнікай. Звычайна падчас ператрусаў канфіскуюць усе знойдзеныя гаджэты з сімкамі – ад тэлефонаў (нават самых старых) да камп’ютараў. Пазычце свае олдавыя “тэлефанавалкі” і лэптопы пацярпелым з дастаўкай на дом.

Прапануйце кантакты адваката. У большасці беларусаў з групы рызыкі дамовы з адвакатамі складзеныя загадзя, але завітаць могуць да кожнага грамадзяніна. І нават калі ўсё абыйдзецца і скончыцца толькі ператрусам, лепш падстрахавацца і вывучыць на памяць нумар свайго адваката, які прыйдзе на дапамогу пры далейшым ускладненні спраў.

Парайце псіхолага. Нават самага моцнага чалавека могуць падкасіць беларускія навіны, што казаць пра ўварванне ў інтымную прастору з разбурэннем гадамі ствараемай утульнасці. Часцяком ператрусы адбываюцца на вачах непаўнагадовых дзяцей – псіхалагічная дапамога ў такой сітуацыі можа спатрэбіцца ўсім членам сям’і.

Арганізуйце клінінг ці калектыўнае сяброўскае прыбіранне. Мала таго, што падчас ператрусу ніхто, канечне, не здымае абутак, пасля яго людзей звычайна чакае поўны хаос з выкінутымі з шафаў рэчамі, раскіданымі дакументамі і кніжкамі. У горшых выпадках – выламаныя дзверы і разрэзаныя плінтусы. Прапануйце пацярпелым пасільную дапамогу ў прывядзенні ўсяго гэтага ў парадак.

Дапамажыце разруліць побытавыя пытанні. Пасля ператрусу чалавек можа быць разгубленым, і пакуль шокавы стан не міне, важна прасачыць, каб ён не забываў паесці і паспаць – базавыя патрэбы, неабходныя для нармальнага функцыянавання. Вы можаце прапанаваць прыгатаваць нешта смачнае, папоўніць запасы прадуктаў у халадзільніку, выступіць у ролі прыватнага кіроўцы. Пры наяўнасці блізкіх стасункаў нялішняй будзе дапамога з выгулам сабакі ці доглядам за маленькімі дзецьмі, пакуль чалавек заняты нечым іншым – напрыклад, аднаўляе канфіскаваныя сімку ці банкаўскія карты.

Прапануйце грошы (лепш – наяўныя). Гэта самы просты пункт, але часам – самы актуальны. Грошы могуць спатрэбіцца і на аднаўленне вынесеных дзвярэй, і на таго ж адваката з псіхолагам, і проста на базавыя расходы, калі аднаго з членаў сям’і пасля ператрусу ўсё ж затрымалі.

Будзьце побач. Падтрымлівайце ідэямі разам выбрацца на вячэру ці ў парк, пажыць пару дзён не дома. І проста будзьце на сувязі, таму што чалавеку можа спатрэбіцца любая іншая дапамога. Памятаем: беларус беларусу беларус.

Report Page