Як чысціць тэлефон перад пераходам мяжы. Парады «Кіберпартызанаў» і «Кібербабра»

Як чысціць тэлефон перад пераходам мяжы. Парады «Кіберпартызанаў» і «Кібербабра»

Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)

Парады будуць карысныя не толькі на мяжы: у Беларусі ў любы момант могуць «праверыць».

Гэтыя парады будуць карысныя не толькі на мяжы: людзі ў Беларусі ў любы момант могуць сутыкнуцца з патрабаваннем сілавікоў «праверыць» тэлефон. Але менавіта пры праходжанні мяжы высокая імавернасць такой «прапановы, ад якой немагчыма адмовіцца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)


«Праверка тэлефона» незаконная

Патрабаванне паказаць, а тым больш разблакаваць і аддаць сілавіку тэлефон проста на вуліцы ці на мяжы, незаконнае: яно не прапісанае сярод правоў супрацоўнікаў органаў унутраных справаў у законе «Аб органах унутраных справаў». Закон дазваляе сілавікам правяраць дакументы пры падазрэнні ва ўчыненні правапарушэння або для выканання правілаў і дазваляе праводзіць дагляд рэчаў затрыманых, але гэта не тое самае, што неабгрунтаванае «пакажы тэлефон» на вуліцы ці на мяжы.

Тым не менш, у Беларусі сілавікі чыняць шмат незаконных рэчаў: на мяжы могуць не толькі патрабаваць аддаць тэлефон на праверку палітычнай лаяльнасці, але і, напрыклад, патрабаваць адмовіцца ад карты паляка. Юрыст не раіў у такой сітуацыі адстойваць свае правы, бо за адмову затрымаць за тое, што прынцыповы чалавек «лаяўся матам» і «не падпарадкоўваўся законным патрабаванням» (нават калі не лаяўся і калі патрабаванні былі незаконнымі).

Нядаўна парады па тым, як падрыхтавацца да «праверкі тэлефону» на мяжы, давала супольнасць хактывістаў «Кіберпартызаны», у канцы мінулага года падобныя парады давала ініцыятыва спецыялістаў у інфармацыйнай бяспецы «КіберБабёр».

Паводле «Кіберпартызанаў», найчасцей на мяжы глядзяць:

• перапіскі ў мэсэнджарах;

• кантакты ў адраснай кнізе (асабліва замежныя нумары) і спіс выклікаў;

• падпіскі ў сацыяльных сетках.

І калі мэсэнджар не ўсталяваны, яго могуць паставіць і паспрабаваць увайсці па нумары з сім-карты, якая стаіць у тэлефоне. У мэсэнджары могуць шукаць «экстрэмізм» не толькі ўручную, але і з дапамогай спецыяльных ботаў.

У сацыяльных сетках і мэсэнджарах, паводле «Кіберпартызанаў», могуць правяраць не толькі падпіскі, але таксама:

• пасты і гісторыі (сторыз);

• перапіскі;

• каментары;

• падабайкі (лайкі);

• фота і відэа;

• гісторыю праглядаў і публікацыяў.

Паводле «КіберБабра», сілавікоў таксама часта цікавяць:

• спіс прагледжаных відэа на Youtube;

• фотагалерэя (у тым ліку здымкі, выдаленыя ў «Кошык»);

• плацяжы на Facebook;

• IMEI-нумар тэлефона (унікальны нумар самога апарата).

Акрамя таго, могуць правяраць воблачныя сховішчы кштатлу «Google Drive», «Google Photos», «Apple iCloud», «Microsoft OneDrive».

Ні ў якой праграме няма чароўнай кнопкі «выдаліць усе сляды маёй нязгоды з дзейнай уладай». Давядзецца амаль усё рабіць уручную: перабіраць свае падпіскі ў Telegram, пасты ў Facebook, перапіскі ў Facebook Messanger, гісторыі ў Instagram, лайкі ў TikTok, прагляды відэа на Youtube, радкі пошуку і гэтак далей.

«Белсат» даваў падрабязную інструкцыю па тым, як гэта рабіць. Працэс можа зацягнуцца, але да яго варта паставіцца максімальна сур’ёзна, улічваючы пагрозу зняволення.

«Кіберпартызаны» прапануюць завесці асобны Telegram-акаўнт «без кампрамату», каб паказаць яго сілавікам, і часова выйсці з акаўнту, на якім «кампрамат» ёсць. «Палітычны» акаўнт хактывісты раяць заводзіць на замежны нумар, трымаць гэты акаўнт цалкам ананімным, без намёкаў на сапраўдную асобу.

Больш рызыкоўны варыянт – паставіць на «палітычны» акаўнт так званы воблачны пароль, выйсці з акаўнту і на пытанні сілавікоў адказваць, што не карыстаецеся Telegram, а акаўнт завёў хтосьці іншы, паролю не ведаеце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)


«Палітычныя» фота і відэа трэба выдаляць не толькі з галерэі, але і з «Кошыку» і з воблачных сховішчаў. «КіберБабёр» раіць такі парадак дзеянняў:

• выдаліць з галерэі на тэлефоне;

• не забыць выдаліць фота і відэа не толькі з дырэкторыі камеры, але і з «Загрузак»;

• выдаліць з кошыку на тэлефоне;

• выдаліць з воблачнага сховішча;

• выдаліць з «Кошыку» воблачнага сховішча.

Варта праверыць не толькі фота, але і іншыя файлы: магчыма, вы спампоўвалі ці запампоўвалі ў «воблака» кнігі ці песні, якія могуць не спадабацца сілавікам, або маеце файлы для ўсталёўкі «экстрэмісцкіх» праграмаў, як то «Новая Беларусь». Ці можа, на тэлефоне ўсталяваны VPN, а вам цяжка будзе патлумачыць сілавіку, навошта ён патрэбны.

Таксама трэба праверыць спіс тэлефанаванняў на нумары, якія сілавікам могуць здацца падазронымі, і «падазроныя» кантакты. Найперш – вядомых актывістаў, палітычных зняволеных і замежныя нумары, пра якія могуць задаць нязручныя пытанні. Паводле «Кіберпартызанаў», замежныя нумары тэлефонаў сілавікі могуць перапісаць.

Рыхтавацца лепш загадзя, праверыць і пачысціць кожную праграму і сетку, дзе магчыма пакінуць сляды нязгоды з уладамі. Можа, вы пакідалі «экстрэмісцкія» водгукі на Google Maps ці запісвалі «экстрэмісцкія» разважанні на дыктафон, а сілавіку раптам прыйдзе ў галаву праверыць менавіта гэта, хоць звычайна так не робяць.

Пераходзіць мяжу з пустым тэлефонам не варта. «Кіберпартызаны» падкрэсліваюць: пажадана штосьці паказаць сілавіку, бо абсалютна чыстая галерэя, поўная адсутнасць перапісак ці тэлефон без аніводнай праграмы сацсеткі выклікаюць падазрэнні.

Таксама не варта спадзявацца, што «пранясе»: што сілавік не папросіць «паказаць тэлефон» або не зможа выпытаць пароль. Правяраюць не кожнага і правяраюць не ўсё, але спадзявацца на ўдачу не варта. Калі 10 сяброў прайшлі мяжу без «праверкі тэлефона», гэта зусім не значыць, што вы не станеце першым у сваёй кампаніі, хто трапіць пад рэпрэсіі за неасцярожны лайк.

Дакладна не трэба панікаваць, калі сілавік даглядае тэлефон і ўводзіць нейкія незразумелыя каманды. Паводле «Кіберпартызанаў», хутчэй за ўсё, гэта значыць, што сілавік перапісвае IMEI-нумар апарату. Само па сабе гэта не шкодна, але праз IMEI-нумар могуць вызначыць лакацыю тэлефону.

Алесь Наваборскі belsat.eu





Report Page