Як беларусу легалізавацца ў Польшчы? Пакрокавая інструкцыя
belsat.euРэвалюцыя прыносіць разам з сабою не толькі сацыяльныя перамены, але і эканамічную ды сацыяльную нестабільнасць. Магчыма шмат беларусаў захочуць пераехаць у больш развітыя суседнія краіны. Разбіраемся, як грамадзяне Беларусі могуць легальна пераехаць у Польшчу.
Дапамога ад Польшчы
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі абвесціў, што Польшча распачынае праграму дапамогі беларусам. Сярод асноўных прапановаў: спрашчэнне ўезду для беларусаў, аднаўленне стыпендыяльных праграмаў, падтрыманне беларускіх незалежных медыяў і грамадскіх арганізацыяў.
«У сітуацыі, калі на карту пастаўленыя здароўе, жыццё і бяспека нельга цягнуць. Таму мы запрапануем падрабязны пакет, які ўключае ў сябе адмену збораў, а таксама ў асаблівых выпадках абавязку мець дакументы, што значна спрасціць доступ да рынку працы», – сказаў Матэвуш Маравецкі.
Тыпы легалізацыі
У Польшчы замежнікі могуць жыць на падставе:
- нацыянальнай візы
- карты часовага побыту (часовае пасведчанне на жыхарства)
- карты сталага побыту (сталае пасведчанне на жыхарства)
- карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ (від на жыхарства)
- пашпарту якой-небудзь з краінаў ЕЗ
У чым розніца паміж імі?
Візы
Нацыянальная віза дазваляе жыць у Польшчы ад 3 месяцаў да году, і выдаецца яна «пад пэўную мэту. Гэта можа быць праца, вучоба, валанцёрства. Візу трэба рабіць у Беларусі ў адным з консульскіх цэнтраў.
Вучэбную нацыянальную візу можна атрымаць, калі вы вучыцеся ў Польшчы (неабавязкова ВНУ). Працоўную візу вы можаце зрабіць толькі на падставе запрашэння ад працадаўцы.
Важна: па візе Шэнген вы можаце знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы не даўжэй за 90 дзён на паўгода. Яны не дае вам права вучыцца або працаваць.
Карты побыту
Карта побыту ня толькі дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, але і паралельна з’яўляецца дакументам, які пацвярджае вашую асобу. Карта часовага побыту звычайна выдаецца ад працы, вучобы, або праз шлюб з грамадзянінам Польшчы.
Калі вы заканчваеце ўніверсітэт або мяняеце працу, то мусіце мяняць і карту часовага побыту, бо яны прывязаны да вашай мэты знаходжання ў Польшчы. Таксама карты часовага побыту маюць абмежаваны тэрмін дзеяння – ад 3 месяцаў да 3 гадоў.
Карта сталага побыту выдаецца на падставе ўладання карты паляка, або польскага паходжання, шлюбу з грамадзянінам Польшчы або асобаў, якія маюць у краіне палітычны прытулак. КСП не мае тэрміна годнасці.
Карта доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ прызначаная для легалізацыі тых замежнікаў, якія жылі і працавалі ў Польшчы цягам мінімум 5 гадоў і не маюць падставы для атрымання карты сталага побыту.
Карта паляка
Карта паляка – дакумент, які пацвярджае польскае паходжанне чалавека і дае яму або ёй вялікія перавагі пры эміграцыі ў Польшчу.
Карта паляка дазваляе працаваць у Польшчы без адмысловых дазволаў, а таксама бясплатна вучыцца і атрымоўваць дзяржаўныя стыпендыі. Падчас пандэміі людзей з картаю паляка пускалі ў Польшчы разам з тымі, хто меў карты побыту.
Маючы гэты дакумент, вы можаце адразу падавацца на карту сталага побыту. А праз год пасля атрымання КСП – на польскае грамадзянства.
Як легальна працаваць у Польшчы?
Каб працаваць у Польшчы (на падставе візы або часовага побыту) трэба абавязкова мець дазвол на працу. Ён бывае двух відаў: zezwolenie i oświadczenie.
Oświadczenie – гэта паўгадавы дазволу на працу. На ягонай падставе можна адкрыць працоўную візу на паўгода, або на год. Праўда, працаваць па ёй вы зможаце толькі цягам 6 месяцаў. Oświadczenie робіць цягам двух тыдняў.
Zezwolenie – гэта гадавы дазвол на працу. Ён робіцца да 3 месяцаў.
Пры афармленні дазволу на працу працадаўца мусіць указаць дзе чалавек будзе працаваць, у якім месце, пасаду і ўзровень заработнай платы. Калі нейкая з умоў змяняецца, неабходна аформіць дазвол наноў.
Вы можаце самастойна шукаць працадаўцу, або скарыстацца паслугамі адмысловых агенцыяў. Баяцца агенцыяў не трэба, але варта праверыць, як доўга яны існуюць і прачытаць водгукі. Вялікая рызыка напаткаць махляроў.
Каму не патрэбны дазвол на працу ў Польшчы?
Не ўсім патрэбна атрымоўваць дазвол на працу ў Польшчы. Некаторыя грамадзяне могуць адразу прыступаць да працы ў Польшчы.
Гэта датычыць:
- Уладальнікаў карты паляка
- Уладальнікаў карт сталага побыту або карт доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ
- Мужэй або жонак грамадзяніна/грамадзянкі Польшчы
- Уладальнікаў карт часовага побыту на падставе вучобы
- Асобаў, якія вучыліся ў Польшчы
- Маюць карту часовага побыту на падставе ўз’яднання сям’і
Як пераехаць у Польшчу ўсёй сям’ёй?
Калі вы пераязджаеце ў Польшчу ўсёй сям'ёй, то візы дзецям можна зрабіць на падставе запрашэння са школы або садка.
Атрымаць часовы побыт на падставе ўз’яднання з сям’ёю можна, калі ваш блізкі сваяк мае сталы побыт, часовы побыт цягам 2 гадоў. Сваяком лічыцца муж або жонка і дзеці.
Статус уцекача
Калі ў Беларусі вы сутыкнуліся з пераследам праз свае палітычныя погляды, рэлігійную, этнічную або сацыяльную прыналежнасць, то вы можаце папрасіць прытулак у Польшчы.
Падавацца на статус уцекача вы мусіце на мяжы – пра гэта трэба сказаць супрацоўніку памежнай службы або падчас знаходжання ў Польшчы. Для гэтага трэба прыйсці ў аддзяленне памежнай службы.
Каб атрымаць прытулак у Польшчы, трэба будзе даказаць факт пераследу ў Беларусі. Вярнуцца ў Беларусь уцякач не можа, пакуль не атрымаецца грамадзянства Польшчы або пакуль не знікне пагроза для жыцця.
Калі заяўка будзе ўхвалена, то ўцякач атрымлівае карту часовага побыту на тэрмін тры года. У Польшчы ўцекачы могуць працаваць. Таксама ім аказваецца фінансавая дапамога.
Карысныя спасылкі
Старонка Кіравання ў пытаннях замежнікаў https://udsc.gov.pl/ru/
Умовы атрымання дазволу на працы ў Польшчы https://www.gov.pl/web/rodzina/zezwolenie-na-prace2
Палітычны прытулак у Польшчы https://udsc.gov.pl/ru/uchodzcy-2/
Перасячэнне мяжы ў сувязі з COVID-19
Трэба памятаць, што пандэмія каронавіруса ўсцяж не дазваляе беларусам выехаць у краіны Еўрапейскага звязу па звычайных турыстычных візах. Трэба мець на ўвазе, што зараз у Польшчу можна ўехаць толькі калі вы маеце карту паляка, від на жыхарства ў Польшчы, працоўную візу, мужа / жонку / дзяцей з польскім грамадзянствам, таксама з Беларусі ў Польшчу ўезд дазволены навучэнцам і студэнтам, якія ўжо залічаныя ў польскія школы ці ўніверсітэты.
Ксенія Тарасевіч belsat.eu