Як абыходзіць блякаваньне інтэрнэту. Актуальныя парады

Як абыходзіць блякаваньне інтэрнэту. Актуальныя парады

Радыё Свабода

Арыгінал публікацыі: https://www.svaboda.org/a/30780261.html


Цягам 9–11 жніўня ў Беларусі былі недасяжныя шматлікія сайты беларускіх выданьняў і практычна ўсе замежныя сайты. Дзяржаўныя органы і асабіста Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаюць, што прычынай стала кібэратака з-за мяжы, але тэхнічныя экспэрты тлумачаць (тут па-беларуску, тут па-расейску, тут па-ангельску), што блякаваньні адбываліся з боку тых самых дзяржаўных органаў.

12 жніўня доступ амаль да ўсіх рэсурсаў у Беларусі аднавіўся, але ці ня зьнікне зноў, невядома.

Практыка мінулых дзён паказала самы просты і надзейны спосаб абыходу блякаваньня: «прабіцца» ў мэсэнджэр Telegram і зьбіраць там інфармацыю пра абыход блякаваньняў.

Цалкам заблякаваць Telegram не ўдавалася: мэсэнджэр сам дапамагае абыходзіць перашкоды, а стваральнік мэсэнджэра заяўляе пра «антыцэнзурныя інструмэнты» для Беларусі.

Што рабіць, калі ўжо ёсьць Telegram

Telegram падтрымлівае на смартфонах (на жаль, не на настольных кампутарах) мноства proxy-сэрвэраў — абыходных шляхоў, па якіх правайдэр не адсочыць, што карыстальнік зьвязваецца з мэсэнджэрам. Прычым адрасы і інструкцыі па падключэньні да гэтых проксі можна адшукаць як самастойна, так і праз спэцыяльнага чат-бота.

Можна нават не шукаць налады proxy-сэрвэра ў опцыях праграмы, а націснуць на кнопку са шчытом

Гэты бот завецца Proxy MTProto. Раз на некалькі гадзінаў ён прапануе новыя адрасы proxy-сэрвэраў, уключыць якія можна адной кнопкай: «Connect». Некалькі з гэтых сэрвэраў могуць не працаваць, але адзін зь двух-трох дзясяткаў заўсёды застанецца працоўным.

Пасьля таго, як карыстальнік дадае проксі, сэрвэр зьяўляецца ў сьпісе ўжо ўсталяваных, пры тым у сьпісе пазначаецца, да якіх ранейшых сэрвэраў няма доступу, а да якіх ёсьць. Тыя, да якіх ёсьць, паказваюць ping — час, за які сыгнал праходзіць між сэрвэрам і карыстальнікам. Чым меншы гэты час, тым хутчэйшае будзе злучэньне.

Сьпіс дасяжных і недасяжных proxy-сэрвэраў

Калі злучэньне ўсталяванае, можна ня толькі чытаць навіны ў каналах СМІ і блогераў, але і шукаць сродкі абыходу блякаваньняў. Нейкага аднаго надзейнага сродку няма: часам працуюць адны, часам іншыя.

Але наборы гэтых сродкаў, а таксама адрасы, па якіх іх можна спампаваць у Беларусі нават пры блякаваньні замежнага інтэрнэту, публікуе шэраг каналаў у Telegram, як напрыклад канал «За BYnet», а апошнім часам — і гарадзкія, і раённыя чаты, і каналы папулярных блогераў.

Прытым у Telegram падказваюць як сродкі для тэлефона, так і для настольнага кампутара — можна спампаваць «настольную» праграму на тэлефон і па кабэлі перадаць на свой кампутар.

Што рабіць, калі яшчэ няма Telegram, а інтэрнэт ужо блякуюць

У мэсэнджэра Telegram ёсьць адзіная хіба ў сытуацыі блякаваньня зьнешняга інтэрнэту. Для рэгістрацыі ў Telegram трэба пазначыць нумар мабільнага тэлефона, да якога будзе прывязаны акаўнт. Пры ўваходзе (логіне) ў мэсэнджэр трэба прыняць SMS з дадатковым кодам — а пры праблемах з доступам у Telegram гэтыя SMS не даходзілі.

Розныя абыходныя шляхі, каб атрымаць SMS на «чужы» нумар, існуюць, але яны прывязаныя да інтэрнэт-сэрвісаў па-за межамі Беларусі, якія могуць быць недасяжнымі.

Калі не атрымаецца «з нуля» ўвайсьці ў Telegram пасьля пачатку праблемаў з доступам да яго, застанецца толькі шукаць знаёмых, якія маюць доступ да дзейных сродкаў абыходу блякаваньняў.

Report Page