Як Грыша байкі расказваў

Як Грыша байкі расказваў

Вольны БрДТУ

11 кастрычніка Берасцейскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт ушанаваў сваёй прысутнасцю сам Грыша Азаронак, галоўны наркатычны (але ён лічыць, што журналісцкі) твар беларускай прапаганды. Цікава, што СММ-шчык БрДТУ так і напісаў:

Што зрабіць: універсітэт тэхнічны, у нейкія там тлумачальныя слоўнікі зазіраць не вучылі.

Тэлевядучы, журналіст, прапагандыст, матуліна радасць

Але цяпер не пра гэта.

Грыгорый заўсёды выглядаў гэткім фрыкам нават на фоне сваіх паплечнікаў. Чаго толькі вартая нядаўна знойдзеная ім русафобія ў Віленскім метро (якога не існуе). Але, судзячы па запісах з аўторкавай пяцігадзінкі нянавісці, цяпер ён вырашыў капіяваць сваіх "старэйшых братоў": сярод звычайнай плыні невуцтва і бязглуздзіцы з'яўляліся тэзы расейскай ваеннай прапаганды. Упэўненыя, што вы людзі разумныя і не верыце ва ўсялякую дзяржаўную лухту, але лічым неабходным распавесці, што з ёй не так. А заразом і знатна парагатаць, бо Грыша — той яшчэ клоўн.

Усе цытаты пакідаем у арыгінале на расейскай, бо гэтая бздура не вартая пераклада, і дадаем аўдыязапісы, каб вы адчулі ўвесь спектр эмоцый.

Надыйшоў час ачмуральных гісторый

У лепшых салаўёўска-скабееўскіх традыцыях, Грыша бярэ цалкам рэальныя падзеі, але карыстаецца тым, што людзі звычайна не ведаюць падрабязнасці, і перакручвае кантэкст на сваю карысць.

"Видели видео из Купянска? Учителей со связанными назад руками, просто реально как в Великую Отечественную войну — не военных, учителей, там девушка молодая была — просто со связанными назад руками сзади. Вывели, расстреляли, просто как мешок картошки — в братскую могилу".

Пэўна, вы бачылі гэтае відэа ці, прынамсі, чулі пра яго. Яго выклаў былы камандзір палка "Азоў" Максім Жорын. Як высветлілася, зробленае яно было самімі расейцамі, пакуль Купянск быў пад акупацыяй, і паказвае — што б вы думалі? — забойства мірных жыхароў расейскімі вайсковымі.

А настаўнікі былі, толькі іх арыштавалі пасля вызвалення горада за "парушэнне законаў і звычаяў вайны". Яны прыехалі з ₚасеі, каб "вучыць" маленькіх украінцаў прапагандзе. Вось такія маніпуляцыі.

Вядома ж, дзе Ўкраіна — там і "бацька наш Бандэра", які не даваў спакою Азаронку ўсю размову. Чаго ён толькі не згадаў: і Валынскую трагедыю, і Львоўскі пагром, і нават нейкіх берасцейскіх дзяцей на штыках прыдумаў. Падрабязна пра дзейнасць Сцяпана Бандэры і аспрэчанні распаўсюджаных міфаў можаце пачытаць у ўкраінскай службы ВВС і Зеркала, а вось на Берасці спынімся.

"Что, не знаете, кто такой Бандера? И что он здесь, на Брестчине, творил? Детей, колодцы забивали детьми и гранату бросали. На штыки детей поднимали, вот так вот".

Бандэра сапраўды бываў у Берасці і нават сустрэў тут Другую сусветную, толькі па крыху іншай справе. За забойства міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Пярацкага, які праводзіў пацыфікацыю (чытай, паланізацыю і рэпрэсіі супраць украінцаў) на Галічыне, ён быў асуджаны да смяротнага пакарання, якое змянілі на пажыццёвае зняволенне. Сярод усіх вязніц, праз якія ён прайшоў, былі лагер у Бярозе-Картузскай (пра яе крыху пазней) і турма ў Берасці. З апошняй збег 13 верасня 1939 года, калі мясцовая турэмная адміністрацыя пакінула будынак пасля нападу Гітлера на Польшчу (так, для Берасця Другая сусветная пачалася 1 верасня 1939, бо тады горад быў часткай Польшчы) і накіраваўся ў Львоў. У які момант знаходжання ў турмах ён паспеў забіць калодзежы дзецьмі — пытанне.

"Здесь надо, чтобы были "Крэсы Усходния", и вы, быдло, обслуживающее панов. Вот и всё. Новые рабы на их поместьях. Как это было здесь в 20-30-е годы. // А в городе Берёза Брестской области существовал лагерь Берёза Картузская, концлагерь, первый, Гитлер ещё не придумал".

Створаны ў 1934 годзе, лагер сапраўды існаваў, і праз яго прайшло шмат адукаваных людзей з антыпольскімі палітычнымі поглядамі. Галоўнымі метадамі выхавання былі прымяненне сілы і здзекі. У камерах знаходзіліся па 30–40 чалавек, сядзець было нельга. Па ўставе, забараняліся размовы паміж вязнямі, ліставанне і самавольная дзейнасць. За любыя парушэнні вязень дасылаўся ў карцар. Нічога не нагадвае? Па сутнасці, Азаронак крытыкуе метады, якія прама цяпер практыкуюцца ў беларускіх пенітэцыярных установах. Грыша, а ты дакладна туды ваюеш?

Не злітаваўся Грыгорый і над моўнымі пытаннямі.

"На церковнославянском была напечатана Библия Скарины, и написано на ней «библия руска». И это о чём говорит? Не о притеснении белорусской, о том, что мы тут зневажаем, а о том, что наш и белорусский, и наш родной, свой, русский!".

Сачыце за рукамі: па версіі Азаронка, мова, на якой была напісаная Біблія Францыска Скарыны, завецца царкоўнаславянскай; пакінем гэта на яго сумленні. На тытульным лісце пазначана "БИВЛИꙖ РꙊСКА", што адукаваныя людзі разумеюць як "рус(ь)ка", альбо "Ruthenian", як яе клічуць у ангельскіх крыніцах. Паміж беларускімі і ўкраінскімі гісторыкамі часта адбываюцца спрэчкі, ці зваць яе "старабеларускай" альбо "стараўкраінскай", але Грыша вырашыў так далёка не лезці. Напісана "руска", значыць, что? Правільна, "руская" (то бок, расейская)! А там ужо і Францыск Скарына — піцерскі дзеяч, і беларусы гістарычна па-расейску размаўлялі...

Дарэчы, хочам павіншаваць Рамана Міхалёва, які атрымаў "мерч першага" за актыўны ўдзел і пытанні па "прітесненію руского языка на Украіне". Спадзяемся, ён будзе насіць яго кожны дзень, каб здалёк было відаць ябацьку.

Думаем, вы зразумелі ўзровень прапаганды Грыгорыя, таму не будзем працягваць гэты карагод бязглуздзіцы. Скончым некалькімі выказваннямі, якія насур'ёз могуць канкураваць з лепшымі жартамі Славы Камісаранкі.

"А вам что в 20 году говорили? "Вы невероятные!" А это что значит? Если вы невероятные, значит, есть какие-то вероятные. Те, кто не с нами. Быдло, колхозаны, ябатьки, ватники, и т.д., и т.д. А что потом невероятные? Могут делать всё, что угодно. Вот так вот начинаются войны".
А гэтыя "вероятные" з намі ў адным пакоі?
"Они [змагары] сейчас говорят о том, что они запретят Пушкина. Вчера Курейчик сказал, ничего не стесняясь, что «ничего страшного, мы выкинем Пушкина, вообще русскую литературу из школьной программы». Они будут запрещать вам говорить на русском, они будут техническую документацию переводить на белорусский!"
Гукі панікі

Страшна, вельмі страшна. Не ведаем пра Курэйчыка, але Андрэй Хадановіч, выдатны беларускі паэт, перакладчык, літаратуразнаўца і былы выкладчык БДУ ў сваім інтэрв'ю каналу "жыццё-маліна" падрабязна распавёў пра імперскасць Пушкіна і ўплыў яго твораў. Вельмі раім паглядзець:

"Сегодня был Брест. Технический университет и лицей имени Машерова. Дети - чудесные. Наши. Общение - живое. Вопросы - глубокие. Глаза у них - счастливые. Замечательно."
Шчаслівыя вочы ад глыбокіх пытанняў:

Адзінае, з чым пагадзімся са спадаром Азаронкам:

Зразумела, што сярод гэтых жартаў варта адзначыць, што такія палітычныя прапагандысцкія выступы недапушчальныя ва ўніверсітэце ці школе. Лепшае супрацьдзеянне прапагандзе — гэта як след пасмяяцца над патугамі прапагандыстаў перавярнуць рэчы дагары нагамі і распаўсюдзіць абвяржэнні. Падзяляйцеся праўдзівай інфармацыяй у сваіх сацсетках і не забывайце адпачываць ад навінаў.

Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!

Report Page