«Я памыліўся». Ёсіф Сярэдзіч пра тое, што цяпер з «Народнай воляй»

«Я памыліўся». Ёсіф Сярэдзіч пра тое, што цяпер з «Народнай воляй»

Блог «Галасы»
Іосіф Сярэдзіч

Ёсіф Сярэдзіч нязьменна ўзначальваў «Народную волю» ад 1995 году. У свой час гэта было найбуйнейшае недзяржаўнае выданьне. Папяровая вэрсія спыніла працу ў 2020 годзе, у самы разгар пасьлявыбарных пратэстаў. У чэрвені сёлета Міністэрства інфармацыі пазбавіла «Народную волю» дзяржаўнай рэгістрацыі.

Навіны расейскай прапаганды

Пасьля зачысткі СМІ ў 2021-2023 гадах «Народная воля» заставалася адным зь нешматлікіх выданьняў, якое працягвала сваю працу ўнутры Беларусі. 4 жніўня 2023 году Ёсіф Сярэдзіч зрабіў заяву, што пакідае пасаду галоўнага рэдактара, а правы на сайт перадаў іншым асобам.

У хуткім часе «Народная воля» зьмяніла свае падыходы да публікацый. Рэдакцыя ўсё часьцей стала публікаваць навіны ад беларускіх прапагандыстаў — Ігара Тура, Рыгора Азаронка, Аляксандра Шпакоўскага. У міжнародных тэмах сталі зьяўляцца публікацыі, стылем падобныя да расейскай прапаганды.

Вось некаторыя загалоўкі апошніх дзён: «Экспэрт з Брытаніі назваў Пуціна і Кім Чэн Ына самымі небясьпечнымі лідэрамі на сьвеце», «УСУ страцілі да 90% асабістага складу», «У ЗША жахнуліся рашэньню Зяленскага адправіць украінцаў на мінныя палі», «Украіна ня штат ЗША: кангрэсвумэн супраць фінансаваньня Кіева».

Уласных навінаў і інсайдаў, якімі славілася «Народная воля», болей на сайце не публікуецца. 

Новым уласьнікам сайту «Народнай волі» стала кампанія ААТ «Гіпэр ПК». Неўзабаве сайт і тэлеграм-канал зьмянілі назвы: цяпер гэта не «Народная воля», а «НВ-Онлайн». Зьмяніўся і лягатып выданьня. 

«Я дапусьціў памылку»

Ёсіф Сярэдзіч падзяліўся ў размове з блогам «Галасы» бачаньнем сытуацыі. Ён кажа, што сёньняшняя рэдакцыя ня мае ніякага дачыненьня да «Народнай волі».

«У „Народнай волі“ нічога не адбываецца, усе супрацоўнікі былі звольненыя яшчэ 3 жніўня. Справа ў тым, што Міністэрства інфармацыі анулявала пасьведчаньне аб рэгістрацыі газэты даўным-даўно». Я ставіў умовы, каб журналісты «Народнай волі» маглі творча працаваць у новай рэдакцыі, але, наколькі мне вядома, былых журналістаў адхілілі ад супрацоўніцтва з сайтам «НВ-Онлайн». Гаворка пра Марыну Коктыш, Сьвятлану Калінкіну, Алеся Сівага«, — сказаў Сярэдзіч.

Рэдактар падкрэсьлівае, што бясплатна перадаў правы ўласнасьці на сайт кампаніі ААТ «Гіпэр-ПК».

«Я дапусьціў памылку і прызнаю гэта, — кажа Ёсіф Сярэдзіч. — Я не цікаўлюся, хто там на чале гэтай фірмы. Я толькі ведаю чалавека, які адказвае за праект, зьвязаны з сайтам».

Суразмоўца мае на ўвазе Мікалая Зіневіча. Што тычыцца кампаніі «Гіпэр-ПК», то зь ёй «Народная воля» мела даўнюю гісторыю ўзаемаадносінаў. 

«Яны часта аказвалі нам тэхнічныя паслугі. Калі ішлі атакі на наш сайт, то праводзілі пэўныя работы. Калі мы мянялі на сайце падыход, фарматы, афармленьне, то таксама дапамагалі. Зіневіч меў сувязь з УП „Народная воля“ на працягу многіх гадоў. Мы кожны дзень узаемадзейнічалі, давалі ім нейкія заданьні, каб вырашылі тэхнічныя пытаньні».

«На жаль, усе адмовіліся»

Пры гэтым Сярэдзіч падкрэсьлівае, што прапаноўваў узначаліць сайт усім сваім былым падначаленым. 

«На жаль, усе супрацоўнікі „Народнай волі“, зь якімі я працаваў на працягу 28 гадоў, праз сытуацыю, якая сёньня склалася ў Беларусі, пабаяліся ўзяць на сябе адказнасьць за далейшую дзейнасьць сайту. Адмовіліся ўсе. Пагадзіўся толькі прадстаўнік гэтай кампаніі „Гіпэр ПК“, і ўсё было вырашана. Я ня толькі супрацоўнікам „Народнай волі“ прапаноўваў сайт, я прапаноўваў яго і былым супрацоўнікам „Камсамольскай праўды“, іншых выданьняў. Усе адмовіліся», — разводзіць рукамі Сярэдзіч.

Паводле яго, новая рэдакцыя не працуе ў сьценах старога офісу, якія разьмяшчаўся на вуліцы Энгельса ў Менску. 

«Я ня меў магчымасьці выдаваць газэту ні ў друкаваным выглядзе, ні ў электронным. І мне хутка 75-ы год. Таму і паўстала пытаньне перадачы. Цяпер трэба чакаць, калі законнасьць ва ўсіх сэнсах будзе адноўленая ў Беларусі».

Ці ня мае цяпер да сайту «НВ-Онлайн» дачыненьня экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Сяргей Чэрачань, бо апошнім часам пра яго зьяўляецца шмат навін? 

«Я ня ведаю, ці мае дачыненьне Чэрачань да сайту. Я папярэджваў калісьці, што гэта вельмі цікавы тып, на яго трэба глядзець з усіх бакоў. Можа, сам выйшаў на рэдакцыю, а мо хтосьці з журналістаў. Я ня ведаю», — адказаў Сярэдзіч.

Хто такі Сяргей Зіневіч?

Новыя ўласьнікі сайту ААТ «Гіпэр-ПК» змаглі ўжо 8 жніўня зарэгістраваць яго ў дзяржаўным рэестры БелДІЭ. Новы юрыдычны адрас цяпер пазначаны на праспэкце Пераможцаў, 141.

Сайт кампаніі «Гіпэр-ПК» на гэты момант не працуе, але вядома, што кампанія займаецца продажам кампутарнай тэхнікі, ніякага дачыненьня да СМІ раней яны ня мелі. «Гіпэр-ПК» была зарэгістраваная 25 лютага 2022 году, на другі дзень ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.

Як паведамляюць крыніцы, справы сайту цяпер вядзе 46-гадовы Сяргей Зіневіч. Суразмоўцы адзначаюць: «Але ён не журналіст».

«Белсат» у свой час пасьпеў прааналізаваць старонку Зіневіча у сацыяльнай сетцы Linkendin, цяпер яна выдаленая. Там было пазначана, што родны горад Зіневіча Слуцак і там ён пачынаў працаваць у якасьці дыджэя. Таксама падпрацоўваў фатографам у мясцовым незалежным выданьні «Инфо-Курьер». 

На старонцы Зіневіча ў фэйсбуку напісана, што ён мае дзьве адукацыі — Маскоўская вышэйшая школа бізнэсу і Маскоўскі новы юрыдычны інстытут. Вядома, што доўгі час ён жыў і працаваў у Маскве, у прыватнасьці ў карпарацыі «Галяктыка», якая займаецца распрацоўкай расейскай плятформы лічбавізацыі для буйных прадпрыемстваў. Адказваў за маркетынг у кампаніі «МобилСтройХХІ» там жа. У 2016 годзе Зіневіч вярнуўся ў Беларусь.

Падчас пратэстаў 2020 году Зіневіч нічога ня посьціў на палітычныя тэмы ў сваіх сацсетках. Маўчаў ён, і калі пачалася вайна ва Ўкраіне. Затое ў кастрычніку 2022 году езьдзіў у Пецярбург для ўдзелу ў канфэрэнцыі «Профі-ІТ 2022». Максымум, які ён дазваляе сабе ў крытыцы дзяржаўных СМІ, гэта заўважыць памылку друку ў «Беларусь сегодня» ў прагнозе надвор’я.

«Сьпяваю, захапляюся астралёгіяй», — такую характарыстыку Зіневіч даў сабе на іншым сайце.

Report Page