«Я ніколі не пачую голасу бацькі.» — Ілля Камінскі пра глухату і ўцёкі з Савецкага Саюза

«Я ніколі не пачую голасу бацькі.» — Ілля Камінскі пра глухату і ўцёкі з Савецкага Саюза

Клэр Армітстэд

Фрагмент інтэрв'ю, апублікаванага ў лонданскім The Guardian 19 ліпеня 2019 г.


«Маё дзяцінства і юнацтва прайшло ў назіранні за развалам Савецкага Саюза»

За 15 гадоў Ілля Камінскі выдаў толькі два паэтычныя зборнікі, але яго другі, «Рэспубліка глухіх», атрымаў рэпутацыю «сучаснага эпасу», «цалкам незвычайнай кнігі» паэта, якога пісьменнік Гарт Грынвел назваў «самым геніяльным з свайго пакалення, адзін з нямногіх геніяў гэтага свету». У чалавека, на якога зваліліся ўсе гэтыя гіпербалы, шырокая ўсмешка. Ён адказвае на патрабаванне фатографа выглядаць больш ажыўленым чытаннем вершай на рускай і англійскай мовах. «Вось нешта з Мандэльштама», — кажа ён. «А зараз — Эмілі Дыкінсан». Яго гаворка крыху запаволеная, і ён выбачаецца за свой акцэнт: «Пасля столькіх гадоў усё сапраўды павінна быць лепш, — кажа ён, — але я чую толькі тое, што мне даюць мне слыхавыя апараты». Камінскі дрэнна чуе. Мова жэстаў — адна з чатырох (разам з рускай, украінскай і ангельскай), якімі ён валодае.

«Рэспубліка глухіх» — гэта доследы таго, «што адбываецца з мовай падчас крызісу, як мы працягваем жыць і як спрабуем заставацца людзьмі», — тлумачыць ён. «Гэта тое, што я спрабую адшукаць у сваёй кнізе і ў маім жыцці». У крыху менш чым 60 лірычных вершах, некаторыя з якіх даўжынёй усяго ў два радкі, ён распавядае гісторыю прыдуманага мястэчка, жыхары якога адрэагавалі на забойства глухога дзіцяці блакаваннем вушэй. Злачынства маленькага Пеці — плявок у вайсковага сяржанта, які прыехаў разагнаць мітынг падчас ваеннага становішча. «глухата працінае нас паліцэйскім свістком», — кажуць жыхары Васенкі, якіх аўтар называе «мы», якія расказваем гісторыю».

Сам Камінскі амаль страціў слых пасля таго, як захварэў на свінку ва ўкраінскім горадзе Адэсе ва ўзросце чатырох гадоў. «Савецкі лекар сказаў, што гэта проста прастуда, і адправіў нас», — без самашкадавання кажа ён. Гэта памылковае лекарскае меркаванне змяніць жыццё і звяжа яго з гісторыяй такім чынам, што ён дагэтуль спрабуе зразумець. «Мама даведалася пра маю глухату ў дзень смерці Брэжнева. З таго дня пачалася адысея па лекарах і бальніцах», — напісаў ён нядаўна. «Мама ў грамадскім транспарце крычыць на пенсіянераў, каб тыя хутчэй падымаліся і саступалі месца яе хвораму дзіцяці; збянтэжаны бацька хаваецца на другім канцы тралейбуса. Я не чую ані слова… Брэжнеў памёр. Незнаёмцы носяць чорнае адзенне на публіцы. Так пачынаецца гісторыя маёй глухаты».

Толькі пасля таго, як Камінскі прыехаў у ЗША ва ўзросце 16 гадоў, яму паставілі слыхавыя апараты. «Калі я прыехаў на захад, я ўбачыў, што там ёсць іншасць, якую я раней не заўважаў», — кажа ён. «Цягам практычна ўсяго майго дзяцінства і юнацтва я назіраў за тым, як развальваўся Савецкі Саюз, але я не чуў, толькі вачыма праводзіў стагоддзе. Я не ведаў нічога адрознага, але цяпер я разумею, што я бачыў на мове вобразаў».

Камінскі нарадзіўся ў яўрэйскай сям'і ў Адэсе ў 1977 годзе. Ён заўважаў культурныя адрозненні праз жэст: «Як глухое дзіця, вы сапраўды заўважаеце, як па-рознаму рухаюцца твары, калі размаўляюць на розных мовах». Ідышысцкая ажыўленасць, з якой размаўлялі яго бацькі, кантраставала з навязанай саветамі рускай мовай яго школьных настаўнікаў. Пісьменства Ісаака Бабеля стала для яго адкрыццём: «Ён пісаў на вельмі стыльнай рускай мове, але з граматыкай ідыш. І пабачыць у кнізе тое, як мае бацькі гаварылі паміж сабой за зачыненымі дзвярыма, стала шокам».

Ён не зусім глухі, адзначае ён, і «магчыма, з-за таго, як мае бацькі ставіліся да гэтага, я ніколі не адчуваў, што гэта інваліднасць. Я проста так жыў». Адэса была касмапалітычным месцам, «горадам смеху», у якім шанавалі паэзію. І з маленства Камінскі пісаў і вучыў яе на памяць. У 12-гадовым узросце яго прозу надрукавала мясцовая малатыражка, калі ён адгукнуўся на заклік да школьнікаў дапамагаць, бо газета не мела грошай плаціць ганарары журналістам. У 15 гадоў, хоць ён і лічыў паэзію “прыватнай справай", ён выдаў сваю першую брашуру. Ён якраз скончыў школу, калі сям'я была вымушана эміграваць.

Ён з усіх сіл падкрэслівае, што гэта не трагічная гісторыя бежанцаў: «У 16 я быў зацікаўлены ў курэнні і спатканнях з дзяўчатамі». Але рашэнне сям'і з'ехаць рушылі ўслед за гадамі, у якія станавілася ўсё цяжэй жыць яўрэйскай сям'і ва Украіне. «Калі ў людзей узнікаюць праблемы, яны любяць вінаваціць тых, хто не з'яўляецца большасцю», — далікатна кажа ён. Пад націскам наконт канкрэтнага стымулу для іх ад'езду, ён дадае: "Калі вашы дзверы спалены, вы можаце папрасіць прытулку". Зараз, як і ў многіх выпадках, я не ўпэўнены, наколькі літаральна ён гаворыць. Яго брат, інжынер на 15 гадоў старэйшы за яго, нядаўна ажаніўся і эміграваў у Рочэстэр, штат Нью-Ёрк, таму сям'я паехала за ім туды.

У Адэсе яго бацькі стасаваліся з артыстамі і журналістамі. Яго маці была бухгалтарам, а бацька займаўся рознымі справамі — ад кухара да фабрычнага рабочага. Бацька не змог атрымаць вышэйшую адукацыю, бо яго сям'ю прызналі «ворагамі народа». Калі бацьку Камінскага быў усяго год, яго бацькоў арыштавалі. Пераказ гэтых падзей у дэбютным зборніку Камінскага «Танцы ў Адэсе» шакуюць : «...ён [дзядуля] быў застрэлены, а мая бабуля згвалтаваная / пракурорам, які ўткнуў ёй асадку ў похву». Пазней яго бацькі бабулі атрымалася «выкрасці» ўнука ва ўладаў.

У «Рэспубліцы глухіх» Камінскі вяртаецца да гэтай гісторыі ў асобе веласіпеднай імпрэсарыо, мамулі Галі Армалінскай, якая кантрабандай вывозіць дзіця з армейскага блокпаста ў ахапку бялізны пасля таго, як абодва бацькі малечы былі пакараныя смерцю як помста за маўклівае паўстанне. Мамуля Галя — нібы госця з карціны Шагала, узначальвае трупу ваяўнічых лялечнікаў, якія ўдзень вучаць мове жэстаў, а ўначы — засільваюць жаўнераў. У 53 гады, як кажа паэма, яна занадта старая, каб нараджаць дзяцей, але ў яе «сексу больш, чым у нас ва ўсіх».

Чытаць рэшту па-ангельску

Report Page