“Я люблю Беларусь тую, якой яна стала з 9 жніўня”. Гісторыя Аліны Беладзедавай

“Я люблю Беларусь тую, якой яна стала з 9 жніўня”. Гісторыя Аліны Беладзедавай

 

Штодзень

Гамяльчанка Аліна Беладзедава актыўна пратэставала пасля “выбараў” 2020 года. У выніку пераследу дзяўчына з’ехала ў ЗША, дзе плануе вучыцца на міжнароднага адваката. Пачытайце гісторыю дзяўчыны, якая працягвае верыць у будучыню Беларусі.


 

Як даўно ты пачала цікавіцца грамадскім жыццём?

 Актыўна цікавіцца грамадскім жыццём я пачала пасля затрымання Віктара Бабарыкі, бо, на мой погляд, гэта быў годны кандыдат у прэзідэнты. Да 9 жніўня я займалася збольшага сваім жыццём, але пасля “выбараў”, калі ўся краіна ў жаху ўбачыла вынікі галасавання, я пачала актыўна прымаць удзел ва ўсіх пратэстовых мерапрыемствах. Калі казаць пра тое, што значыла для мяне дата 9 жніўня, то гэта была вялікая надзея, што ў нашай краіне адбудуцца перамены і, нарэшце, у экранах тэлевізараў мы ўбачым новага прэзідэнта.


Што ты можаш сказаць пра тых людзей, якія выходзілі разам з табой на вулічныя акцыі пратэсту?

У першую чаргу, мне заўсёды падабалася згуртаванасць нашага народа -- тое, як людзі паважалі адно аднога. Мне падабаліся нашыя пратэсты. Асабліва я захаплялася тым, наколькі моцныя духам беларускія жанчыны. Тая атмасфера, якая была, яна да гэтага часу ў маім сэрцы. Я люблю Беларусь тую, якой яна стала з 9 жніўня, калі мы ўсе сталі братамі і сёстрамі. Мы размаўлялі, гулялі, я сустрэла шмат добрых людзей. Мы не заставаліся абыякавымі да зняволеных. Мы падтрымлівалі іх так, як хто толькі мог, хадзілі ў суды, рабілі перадачкі. Гэтак жа мы ладзілі суботнікі. Мы былі адной вялікай камандай.

 


Ты ведаеш каго-небудзь з тых, хто цяпер прызнаны палітвязнем?

Так, я была знаёмая з Леанідам Судаленкам. Пасля таго, як мяне пакаралі артыкулам 23.34 КоАП, ён дапамагаў мне абскардзіць пастановы суда.

 

Што можаш сказаць пра яго? Што ён за чалавек?

Я магу сказаць пра гэтага чалавека тое, што ён разумны, справядлівы. Я дагэтуль перажываю і падтрымліваю Судаленку. Мне ўвогуле ягонае затрыманне незразумелае. Мяне выклікалі ў міліцыю як сведку па яго справе, але нічога цікавага яны ад мяне не пачулі. Я вельмі спадзяюся, што яго хутка выпусцяць. Турма -- для злачынцаў, а не для сумленных людзей. Я сэрцам спадзяюся, што ў хуткім часе справядлівасць пераможа.



 Дзе ты зараз і чым плануеш займацца?

 У дадзены момант я знаходжуся ў ЗША, вучуся ў школе англійскай мовы. Я планую ў перспектыве стаць міжнародным адвакатам.



 

Ці не шкадуеш, што выходзіла ў жніўні і верасні на пратэсты?

 За свой выбар я не шкадую, паколькі ўсё роўна ў цяперашняй Беларусі няма магчымасці для самарэалізацыі. Я не бачу варыянтаў, як мне ўвасобіць у жыццё свае веды ў роднай краіне. На жаль, Беларусь, дзякуючы намаганням “улады”, адстае ад развітага свету. Нам патрэбныя перамены.



 Як мяркуеш, калі народ пераможа?

Народ пераможа, калі ў краіне законы будуць дзейнічаць у абодва бакі, калі працоўныя спыняць працу вытворчасцяў. Я маю на ўвазе страйк працоўных. Вядома, калі “переСидент” сыйдзе ў адстаўку. Беларусь выратуе толькі гэта. Але людзі не павінны здавацца, яны павінны змагацца за нашу краіну. Мы павінны вырашаць, каму даручыць кіраваць краінай.

 

Валер Сляпухін, Штодзень

Фота прадаставіла гераіня матэрыяла

Report Page