Я, аловак

Я, аловак

Шаноўны Спадар

(арыгінальны тэкст: I, Pencil by Leonard E. Read; пераклад: ByProsvet)


Я – графітавы аловак. Звычайны драўляны аловак, я знаёмы ўсім хлопчыкам, дзяўчатам і дарослым – хто ўмее чытаць і пісаць.

Пісьменніцтва мне – і праца, і забава; больш я нічога і не раблю.

Вы спытаеце, навошта ж тады мне спатрэбілася пісаць свой радавод. Ну, па-першае, у мяне незвычайны лёс. А па-другое, ува мне таемная таямніца, я – нашмат больш неспасціжная з’ява, чым дрэва, заход або сполах маланкі. Але, на жаль, усе, хто мною карыстаецца, успрымаюць мяне як нешта, што само сабой разумеецца, як быццам я зусім выпадкова апынуўся ў іх пад рукой – такі вось аловак без роду і племя. Як жа гэта пагардліва – лічыць маё існаванне банальнасцю. Гэта прыклад найглыбейшай памылкі, занадта доўгае знаходжанне ў якой уяўляе пагрозу для чалавецтва. Бо, як заўважыў мудры Чэстэртан, “мы гінем ад недахопу цуду, а не ад недахопу цудаў”.

Я, Аловак, хоць і здаюся простым, варты вашага захаплення і глыбокай павагі – і я пастараюся гэта даказаць. На самай справе, калі вы здолееце мяне зразумець (хоць не, нельга патрабаваць ад вас занадта шмат), калі вы хаця б даведаецеся пра схаваны ўва мне цуд, вы зможаце вярнуць чалавецтву свабоду, якую яно так ганебна траціць. Я магу даць вам добрую навуку. І я здольны зрабіць гэта лепш, чым аўтамабіль, самалёт або пасудамыйная машына – таму што я, як бы гэта сказаць, такі просты на выгляд.

Просты, кажаце? Але толькі вось ніводная душа на ўсім белым свеце не ведае, як мяне робяць. Фантастыка, вам не здаецца? Асабліва калі разумееш, што ў адных толькі Штатах штогод выпускаюць каля паўтара мільярда нашага брата.

Вазьміце мяне ў рукі, разгледзьце добра. Што вы бачыце? Нічога асаблівага: крыху дрэва, лак, маркіроўка, графітавы стрыжань, ледзь-ледзь металу і гумка.

Незлічоныя папярэднікі

Падобна да таго, як вы не можаце адсачыць сваё паходжанне ў далёкім мінулым, так і мне нялёгка назваць вам усіх маіх папярэднікаў і расказаць пра іх. Але некаторых я ўсё ж згадаю, каб вы зразумелі, наколькі багаты і складаны ў мяне радавод.

Маё генеалагічнае дрэва пачынаецца з уласна дрэва, а калі дакладней – з кедра з роўнымі валокнамі, з тых, што растуць у Паўночнай Каліфорніі і Арэгоне. А цяпер уявіце сабе ўсе гэтыя пілы, цяжкавікі, вяроўкі – усе інструменты, што спатрэбіліся, каб нарыхтаваць кедравае бярвенне і даставіць яго да чыгункі. Падумайце, колькі людзей незлічонага мноства розных прафесіяў задзейнічалі ў гэтым працэсе! Уявіце сабе, як здабывалі руду, як выплаўлялі сталь і ператваралі яе ў пілы, сякеры, маторы; як гадавалі пяньку – і паступова з яе атрымліваліся цяжкія, трывалыя вяроўкі; уявіце сабе паселішчы лесарубаў, іх спальні і агульныя сталовыя, а яшчэ – гатаванне і тое, адкуль узяліся прадукты. Ды над кожным кубкам кавы, якая дыміцца ў руках лесаруба, працавалі тысячы безназоўных рук!


Бярвёны затым вязуць на лесапільны завод. Там іх наразаюць на невялікія дошчачкі, даўжынёй у аловак і шырынёй менш за чвэрць цалі. Затым іх сушаць у печы і падфарбоўваюць. Нашто? А навошта жанчынам румяны? Людзям падабаецца, калі я выглядаю добра, а не мярцвяна-белым. Затым дошчачкі пакрываюць воскам і зноў сушаць. Колькі ўмелых рук рыхтавалі фарбу, будавалі печ, забяспечвалі цеплынёю, святлом і электрычнасцю, рамянямі, рухавікамі і ўсім, што трэба на заводзе? Так-так, сярод маіх продкаў сустракаліся і пыласосы, якія збіраюць стружкі. А яшчэ – будаўнікі, якія залівалі цэмент у плаціну гідраэлектрастанцыі. А адкуль, вы думалі, бярэцца электрычнасць для завода?

Не варта забываць і пра далёкіх і блізкіх сваякоў, якія развозяць 60 вагонаў нарыхтовак па ўсёй краіне.

Апынуўшыся на алоўкавай фабрыцы (дзе пабудоваў і абсталявання – на 4 мільёны даляраў, усё дзякуючы маім эканомным бацькам), кожная нарыхтоўка атрымлівае ад вельмі складанай машыны па восем насечак, пасля чаго іншая машына ўкладвае ў кожную другую нарыхтоўку грыфелі, мажа яе клеем і кладзе яшчэ адну нарыхтоўку зверху – атрымліваецца, так бы мовіць, графітавы бутэрброд. З такога вось бутэрброда станок і выточвае мяне і яшчэ семярых маіх братоў.


Мой “грыфель” – у якім зусім няма грыфелю – штука складаная. Графіт вырабляюць на Цэйлоне. Дазвольце назваць шахцёраў, і тых, хто робіць інструменты, і вытворцаў папяровых мяшкоў, у якіх вязуць графіт, і тых, хто адказвае за вяроўкі, якімі гэтыя мяшкі звязваюць, і грузчыкаў, якія нясуць мяшкі на карабель, і тых, хто будаваў караблі. Мне дапамагалі нарадзіцца нават наглядчык маяка і партовы лоцман.

Далей графіт змешваюць з глінай з Місісіпі, у якой ёсць неабходны для ачышчэння гідраксід амонію. Затым дадаюць увільгатняльнік – звычайна гэта сульфінаваны лой, гэта значыць жывёльны тлушч, апрацаваны сернай кіслёй. Прайшоўшы праз некалькі станкоў, гэтая сумесь прымае выгляд свежапрыгатаванага фаршу, і гэтыя невялікія палоскі потым абразаюць, сушаць і некалькі гадзін абпальваюць у печы пры тэмпературы каля 1000 градусаў. Каб грыфелі былі мацнейшымі і мякчэйшымі, іх апрацоўваюць гарачай сумессю, у якую ўваходзяць кандэлільскі воск з Мексікі, цвёрды парафін і гідрагінезаваныя натуральныя тлушчы.

На маім кедравым корпусе шэсць пластоў лаку. А вы ведаеце, з чаго робяць лак? Хто б мог падумаць, што да гэтага маюць дачыненне вытворцы клешчавіны і рыцыны? А гэта праўда. Я ўжо не кажу пра тое, што сваім прыемным жоўтым колерам лак абавязаны працы незлічонага мноства рук.

Разгледзьма надпіс. Гэта – плёнка, атрыманая шляхам награвання сажы і смол. А як атрымліваюць смолы, вы ведаеце? І што такое, скажыце, сажа?

Мой маленькі металёвы пярсцёнак зроблены з латуні. Падумайце пра ўсіх, хто здабываў медзь і цынк, пра тых, хто ўмее ператвараць гэтыя дарункі прыроды ў бліскучыя лісты латуні. Чорныя кольцы на маім абадку – чорны нікель. Што гэта такое і як яго выкарыстоўваюць? Гісторыя пра тое, чаму ў сярэдзіне майго абадка няма чорнага нікелю, зойме старонкі.   

Але надышла чарга майго гонару, маёй кароны, якую ва ўжытку завуць нязграбным словам “русцік”, – той маёй часткі, што патрэбная чалавеку, каб выпраўляць зробленыя пры маім жа ўдзеле памылкі. Сціранне забяспечваецца інгрэдыентам пад назвай “фактыс”. Гэта нешта накшталт гумы, і атрымліваецца яно ў выніку рэакцыі рапсавага алею (увозіцца з галандскай Ост-Індыі) і хларыду серкі. А ўласна гума, нягледзячы на распаўсюджанае ўяўленне, патрэбная толькі для замацавання. А яшчэ, вядома, сюды дадаюць рэчывы-вулканізатары і каталізатары. Пемзу прывозяць з Італіі, а за колер гумкі адказвае сульфід кадмію.

Ніхто не ведае

Дык хто цяпер наважыцца аспрэчыць маё сцвярджэнне, што ніхто на свеце не ведае, як мяне робяць? У маім стварэнні ўдзельнічалі мільёны людзей, і мала хто з іх што-небудзь падазраваў. Вы скажаце, што, шукаючы сваіх сваякоў на кававых плантацыях Бразіліі і сярод фермераў усяго свету, я заходжу занадта далёка, што гэта крайнасць. Але я буду стаяць на сваім. Сярод гэтых мільёнаў няма ніводнага чалавека, нават калі гаворка ідзе пра прэзідэнта алоўкавай фабрыкі, хто ўклаў бы ў мяне больш, чым самую драбніцу, малюсенькую крыху сваіх ведаў. З пункту гледжання тэхналогіі ўся розніца паміж цэйлонскім шахцёрам і арэгонскім лесарубам заключаецца толькі ў тыпе ноў-хаў. І без шахцёра, і без лесаруба ўжо нічога не атрымаецца, гэтак жа як і без хіміка, і без нафтавіка – бо парафін ёсць пабочным прадуктам бензіну.

Неверагодна, але факт: ні працоўны-нафтавік, ні хімік, ні шахцёр, які здабывае гліну ці графіт, ні тыя, хто будуе і водзіць караблі, цягнікі і цяжкавікі, ні аператар станка, які робіць насечку на маім металёвым кольцы, ні сам прэзідэнт кампаніі не выконваць сваю працу таму, што я ім патрэбны. Кожнаму з іх я патрэбны менш, чым, бадай, нават першакласніку. Сярод гэтых людзей ёсць і тыя, хто ніколі не бачылі алоўка і нават не ўяўляюць, што з ім рабіць. Працаваць іх прымушае нешта іншае – не я. Мусіць, сакрэт тут: кожны з гэтых мільёнаў разумее, што такім чынам можа абмяняць сваё ўменне на патрэбныя яму тавары і паслугі. Сярод гэтых дабротаў магу быць і я – а магу і не быць.

І за гэтым ніхто не стаіць?

А вось яшчэ больш неверагодны факт: за ўсімі незлічонымі дзеяннямі, якім я абавязаны сваім існаваннем, не хаваецца нічыя задума, нічыя воля. Няма нават намёкаў на такога дыктатара. Замест гэтага – праца “нябачнае рукі”. Вось пра якую таямніцу я казаў у пачатку. Кажуць, “толькі Бог можа стварыць дрэва”. Чаму мы згаджаемся з гэтымі словамі? Ці не таму, што разумеем, што самыя на гэта не здольныя? Ды ці можам мы хаця б апісаць дрэва? Толькі ў агульных рысах. Мы можам, напрыклад, сказаць, што дрэву адпавядае вызначанае спалучэнне малекулаў. Але ці ёсць сярод людзей той, хто здолелі б нават проста апісаць малекулярныя змены за ўвесь жыццёвы цыкл дрэва? Гэта складана нават уявіць, а ўжо пра тое, каб накіроўваць гэткія працэсы, і гаворкі няма.

Я, Аловак, застаюся складаным спляценнем цудаў: дрэва, цынку, медзі, графіту і гэтак далей. Але да гэтых цудаў, якія праяўляюцца ў Прыродзе, дадаецца цуд яшчэ большы: аб’яднанне стваральных імпульсаў мноства людзей, мільёнаў ноў-хаў, якія складваюцца ў адно цэлае натуральным, спантанным чынам у адказ на чалавечыя патрэбы і жаданні і ў адсутнасць якога-небудзь плану. Калі толькі Бог мог стварыць дрэва, я настойваю, што і мяне мог стварыць толькі Бог. Чалавеку не пад сілу складаць гэтыя мільёны ведаў, якія даюць мне жыццё, як не пад сілу яму скласці з малекулаў дрэва. Вось што я меў на ўвазе, калі казаў: “Калі вы хаця б даведаецеся пра схаваны ўва мне цуд, вы зможаце вярнуць чалавецтву свабоду, якую яно так ганебна траціць”. Бо калі вы ведаеце, што ўсе гэтыя імпульсы, гэтыя веды натуральным, нават аўтаматычным чынам уступаюць у творчае і вытворчае ўзаемадзеянне, рэагуючы на чалавечыя запатрабаванні і попыт, – гэта значыць пры адсутнасці ўрадавых ці іншых прымусовых сцэнараў, – тады ў вас ужо ёсць адна цалкам неабходная для свабоды рэч: вера ў вольнага чалавека. Без гэтай веры свабоды няма.

Але як толькі ўрад абвяшчае манаполію на нейкі від дзейнасці (напрыклад, на дастаўленне пошты), большасці пачынае здавацца, што паводле свабоднай волі нармальна арганізаваць дастаўленне пошты людзі ўжо не змогуць. А прычына вось у чым: кожны прызнаецца сам сабе, што ён не ведае, што трэба рабіць, каб пошта трапляла да адрасатаў. Ён таксама разумее, што і іншыя не здольныя развязаць гэтае пытанне. Высновы слушныя. Ніводны чалавек не валодае дастатковымі прафесійнымі навыкамі, каб забяспечыць дастаўленне пошты ў нацыянальным маштабе, сапраўды гэтак жа як ніводны чалавек не валодае дастатковымі ведамі і ўменнямі, каб зрабіць аловак. У выніку атрымліваецца, што без веры ў вольнага чалавека, без усведамлення таго, што мільёны малюсенькіх ноў-хаў здольныя натуральным і цудоўным чынам узаемадзейнічаць у адказ на нашыя патрэбы, чалавек прыходзіць да памылковай высновы пра тое, што для дастаўлення пошты неабходна ўрадавае кіраўніцтва.

Безліч сведчанняў

Як я, Аловак, быў бы адзіным сведчаннем таго, на што здольныя людзі, калі б ім далі свабоду, то праўда была б у тых, хто сумняваюцца. Але вось вам іншыя сведчанні – незлічоныя і бясспрэчныя.

Узяць хаця б дастаўленне пошты – штуку нескладаную ў параўнанні, напрыклад, з вытворчасцю аўтамабіля, калькулятара, збожжаўборачнага камбайна або фрэзернага станка і тысячаў іншых рэчаў. Дастаўка? Што ж, у гэтай галіне тыя людзі, якім далі свабоду, робяць няўяўнае: яны пераносяць чалавечыя галасы праз увесь свет менш чым за секунду; яны дастаўляюць у кожны дом візуальна і ў выглядзе рухомай выявы кожную падзею, як толькі яна адбылася; яны дастаўляюць 150 пасажыраў з Сіетлу ў Балтымар менш чым за чатыры гадзіны; яны праводзяць газ з радовішча ў Тэхасе да фаерак у Нью-Ёрку па неверагодна нізкіх коштах і без усякіх субсідыяў; яны пастаўляюць кожныя чатыры фунты нафты з Персідскага заліва або з нашага Усходняга ўзбярэжжа (а гэта палова кругасветнага падарожжа) танней, чым урад, калі той дастаўляе праз дарогу ліст, што важыць унцыю.


Вось якую навуку я хацеў вам даць: пакідайце свабоду для ўсіх стваральных імпульсаў. Проста арганізуйце грамадства дзеяць у згодзе з гэтаю навукай. Дазвольце прававому апарату толькі прыбраць усе перашкоды найлепшым, якім яно можа, чынам. Няхай гэтыя ноў-хаў жывуць сваім жыццём. Верце, што вольны чалавек сам адгукнецца на закон “нябачнае рукі”, – і вашая вера будзе ўзнагароджаная. Я, Аловак, такі просты на выгляд, прапаную аповед пра таямніцу майго стварэння ў якасці сведчання таго, што гэтая вера сапраўдная – як сапраўдныя сонца, дождж, кедры і ўся нашая зямля.

Пасляслоўе

Мілтан Фрыдман, Нобэлеўскі лаўрэат 1976 года

Цудоўная гісторыя Лэ́нарда Рыда “Я, аловак” сталася класікай, і гэта заслужана. Я не ведаю ніводнага іншага літаратурнага твору, што гэтак лаканічна, пераканаўча і эфектыўна ілюструе значэнне як прынцыпу “нябачнае рукі” Адама Сміта – магчымасці супрацы без прымусу, – так і акцэнту Фрыдрыха Гаека на важнасці дысперсных ведаў і ролі сістэмы цэнаў у перадачы інфармацыі, якая “дапаможа людзям рабіць жаданыя рэчы без таго, каб нехта казаў ім, што рабіць”.

Мы выкарыстоўвалі гісторыю Лэ́нарда ў нашым тэлешоу “Вольны выбар” і ў суправаджальнай кнізе з той жа назвай, каб праілюстраваць “моц рынку” (назва як першага сегмента тэлешоу, так і першага раздзелу кнігі). Мы падсумавалі гісторыю, а потым сказалі:

“Ніхто з тысячы людзей, якія займаліся вырабам алоўка, не выканаў сваёй задачы, таму што хацеў аловак. Некаторыя з іх ніколі не бачылі алоўка і не ведалі, для чаго ён патрэбны. Кожны бачыў сваю працу як спосаб атрымаць патрэбныя ім тавары і паслугі – тавары і паслугі, якія мы выраблялі, каб атрымаць жаданы аловак. Кожны раз, калі мы ідзем у краму і купляем аловак, мы мяняем трошкі нашых паслуг на бясконца малую колькасць паслуг, якія кожны з тысячаў унёс у стварэнне алоўка.

Яшчэ больш дзіўна, што аловак калі-небудзь быў выраблены. Ніхто з тых, хто сядзеў у цэнтральным офісе, не даваў загадаў гэтым тысячам людзей. Ніякая ваенная паліцыя не выконвала загадаў, якія не аддаваліся. Гэтыя людзі жывуць шмат у якіх краінах, гавораць на розных мовах, спавядаюць розныя рэлігіі, нават могуць ненавідзець адно аднаго, але ніводнае з гэтых адрозненняў не перашкаджала ім супрацоўнічаць для вытворчасці алоўка. Як гэта адбылося? Адам Сміт даў нам адказ дзвесце гадоў таму”.

“Я, аловак” – тыповы прадукт Лэ́нарда Рыда: вобразны, просты, але тонкі; ён дыхае любоўю да свабоды, якая прасякнула ўсё, што пісаў і рабіў Лэ́нард. Як і ў астатняй сваёй працы, ён не спрабаваў казаць людзям, што рабіць і як сябе паводзіць. Ён проста спрабаваў палепшыць разуменне людзьмі сябе і сістэмы, у якой яны жывуць.

Гэта было яго асноўнае крэда, якога ён паслядоўна трымаўся на працягу доўгага перыяду службы народу – а не народнай службы ў сэнсе дзяржаўнай службы. Незалежна ад ціску, ён трымаўся сваёй зброі, адмаўляючыся ісці на кампраміс са сваймі прынцыпамі. Вось чаму ён быў нагэтулькі эфектыўным у захаванні жыцця ў першыя дні, а затым у распаўсюджванні асноўнай ідэі пра тое, што свабода чалавека патрабуе прыватнай уласнасці, свабоднай канкурэнцыі і моцна абмежаванага ўраду.

Report Page