Яўген Торлін — архітэктар стараабрадзец, які зрабіў Гомель падобым да Кіева
Пошукі старога ГомеляНарадзіўся Яўген Торлін ў 1862 годзе у сям'і заможнага кіеўскага купца першай гільдыі стараабрадца Кірыла Рыгоравіча Торліна.
Сярэднюю адукацыю Торлін атрымаў у Кіеўскім рэальным вучылішчы. У 1882 годзе паступіў у Пецярбургскі інстытут грамадзянскіх інжынераў (пазней яго скончыць другі галоўны архітэктар Гомеля — Станіслаў Шабунеўскі). Скончыў інстытут у 1887 годзе «па першым разрадзе».
У час свайго студэнцтва Яўген Торлін дапамагаў галоўнаму гарадскому архітэктару Кіева Нікалаеву. Па сканчэнні воінскай павіннасці ў 1888 годзе яго прызначылі гарадскім архітэктарам у Гомелі. На гэтай пасадзе ён працаваў як мінімум да 1892 года.
Нам давялося трымаць у руках гомельскія чарцяжы (1889-1892 гадоў) з ягонымі подпісамі. Пазнейшыя яго аўтографы мы не знайшлі.
Відаць, падчас працы ў Гомелі ён пабраўся шлюбам з Ганнай (па бацьку Гаўрылаўна).
Цікава, што на ўсіх вядомых здымках архітэктар мае пышную бараду. Патлумачыць такі стыль нескладана — Торлін быў стараабрадцам, для якіх нашэнне барады для мужчын з'яўлялася правілам.
Прапраўнучка архітэктара Ніна Торліна у сваім даследаванні указала, што вясною 1894 года ў Гомелі ў Торліных нарадзіўся сын Фёдар, і што неўзабаве сямейства пераехала ў Кіеў. Пазней у іх нарадзіліся дочкі Аляксандра, Зінаіда і яшчэ адзін сын Мікалай.
На адным з планаў 1899 года нам давялося знайсці ўчастак Торліных на вуліцы Фельдмаршальскай побач з будынкам цэнтральнай гарадской Лазні. Дом, збудаваны напрыканцы 19 стагоддзя, на тым участку стаіць і сёння. На жаль, дакладныя дадзеныя гаспадара пазначаныя не былі.
Вядома, што 1899-1890 гадах Яўген Торлін ужо удзельнічаў у рэканструкцыі дома ў Кіеве на вул. Саксаганскага, 52. Там ён надбудаваў два паверхі над цаглянай эклектычнай камяніцай.
Вядомы яшчэ адзін будынак аўтарства Торліна ў Кіеве: на вуліцы Малападвальнай, 6 на участку свайго бацькі ён узвёў прыбыткавы дом. У 1908 годзе пасля падзелу спадчыны бацькі, ён стаў адзіным яго уладальнікам. Менавіта на балконе таго будынку быў зроблены здымак сямейства Торліных.
Акрамя таго кіеўскія краязнаўцы называюць яшчэ адзін аб'ект Торліна па адрасе Кастанцінаўская, 32. Гэты прыбытковы будынак быў узведзены ў 1899-1900 гадах.
Ці перажыў Яўген Торлін прыход бальшавікоў, дакладна невядома. Але ёсць інфармацыя пра няшчасны лёс яго сына Фёдара. Пасля рэвалюцыі ён атрымаў медычную адукацыю. Але сваё жыццё ён звязаў са стараабрацкай царквой: служыў у храмах Кіева, Дабранкі і Навазыбкава. За рэлігійную дзейнасць яго расстралялі бальшавікі ў 1938 годзе ў Клінцах. У 1955 Фёдар Торлін быў пасмяротна рэабелітаваны.
На сёння мы маем мала інфармацыі аб будынках Торліна. Юбілейны зборнік дадзеных аб дзейнасці былых гадаванцаў Інстытута грамадзянскіх інжынераў, выдадзены 1893 годзе, утрымлівае спіс аб'ектаў архітэктара.
Акрамя таго зборнік падказвае, што праектаваў Торлін шмат: ён прымаў замовы на прыватныя пабудовы, будаваў розныя гарадскія будынкі і збудаванні.
У 1890 гадах Гомель пержываў будаўнічы бум. Таму за аўтарствам Яўгена Торліна маглі з'явіцца дзясяткі іншых будынкаў. У тым ліку і адметныя гомельскія дамкі, упрыгожаныя складаным цагляным дэкорам.
Выявіць ягонае аўтарства ў іншых будынках можна з дапамогай мастацкага аналізу дэкору.
Выкажам здагадку. Менавіта камандзіроўка кіеўляніна Торліна на пасаду гарадскога архітэктара ў Гомель і паўплывала на папулярнасць цаглянага стылю ў горадзе. Архітэктар прывез сталічную будаўнічую моду і зрабіў забудову Гомеля падобнай на Кіеўскую. Бліжэйшыя губернскія цэнтры Магілёў і Чарнігаў напрыканцы 19 стагоддзя не маглі пахваліцца такой колькасццю эфектных дамкоў са складаным цагляным дэкорам.
Пошукі старога Гомеля