WARP_playlist by Erik Arlou-Schimkus

WARP_playlist by Erik Arlou-Schimkus


Музыкаў гэтага плэйліста ў першую чаргу аб’ядноўвае брытанскі лэйбл Warp, празь які яны выдавалі свае рэлізы. Але ў маёй сьвядомасьці яны сфарміравалі нейкае «брытанскае» электроннае гучаньне, якое асацыюецца і з гэтым лэйблам, (хоць, насам рэч, ня ўсе музыкі з гэтага плэйліста родам з Брытаніі) і частка зь іх даволі моцна на мяне паўплывала, выцягнуўшы з «акадэмічнага» музычнага кантэксту. Таксама ўсе трэкі «існуюць» каля жанру IDM (Intelligent dance music), бо асабіста ў мяне гэты лэйбл у першую чаргу асацыюецца з гэтым жанрам і «складанай» электроннай музыкай, хоць Warp выпускае музыку і іншых жанраў.

 

1. Squarepusher - Go! Spastic 

Трэк з альбома «Go Plastic» 2001 году, які я ўпершыню паслухаў гадоў у 14 і які мяне моцна ўразіў і эмацыйна, і тым, якой крутой і складанай можа быць электронная музыка (тады я існаваў з большага ў акадэмічным музычным асяродзьдзі). Гэта кананічны прыклад IDM, дзе, падаецца і ёсьць танцавальны біт, але танчыць пад гэта даволі складана (затое максымальна прыемна паглыбляцца ў пастаянныя зьбіўкі ды кантрасныя пераходы).

 

2. Clark - Catastrophe Anthem

Сумна-эпічны трэк ад Крыса Кларка, у якога атрымалася не зрабіць гэтую «эпічнасьць» плюгкай (гэта ня самая простая задача). Пасьля праслухоўваньня пакідае ўнутры пачуцьцё сьветлага смутку.

 

3. Prefuse 73 - The Only Trial Of 9000 Suns (feat. Trish Keenan) 

Цягучы ды шчыльны трэк, поўнасьцю запаўняе прастору вакол цябе. Лёгкі аднастайны кік (нізкая рытмічная бас-бочка) выступае тут адзіным арыентырам сярод усіх астатніх абстрактных гукаў.

 

4. Boards of Canada - Seven Forty Seven

Калісь даўно я шпацыраваў зімовым вечарам па невялічкім гарадку. Магчыма, гэта супала з маім унутраным станам, але тады гэты трэк ідэальна лёг саўндтрэкам пад цёплае сьвятло ліхтароў, а трыпхопавы біт рытмічна спалучыўся з гукам хрусткага сьнегу пад нагамі.

 

5. Aphex Twin - Afx237 v.7 

Хіба самы вядомы ды культавы музыка з гэтага сьпісу. У Афэкса Твіна, безумоўна, шмат крутых трэкаў апрача гэтага, але гэты даволі няблага дэманструе складаную структуру ды кантрастнасьць у межах адной кампазыцыі, уласьцівую музыцы Рычарда. А яшчэ гэты трэк быў перааранжыраваны пад жывыя інструмэнты ды выконваўся аркестрам London Sinfonietta, і гучаў ня горш за любы сучасны акадэмічны твор (запіс на Ютубе знайсьці, на жаль, не атрымалася).

 

6. Plaid - Do Matter 

Вытрыманы і стылёвы трэк ад дуэту Plaid з мэталёва-халоднымі і праразаючымі паветра сінтамі. Працягвае добрыя традыцыі мінімалізму, у якім знайшлося месца для эмацыйнага ўсплеску і далейшаму супакаеньню.

 

7. Autechre - Oval Moon (IBC Mx) 

Хіба пакуль адзіны трэк у гэтым плэйлісьце, пад які ўсё ж атрымаецца патанчыць пры жаданьні, дзякуючы ўсім знаёмаму біту тэхна. Цікавая і яго гісторыя: не характэрны для сучаснага гучаньня Autechre трэк прыйшоў з 90-х, дзе дуэт граў яго на манчэсьцерскай пірацкай радыёстанцыі, а выдадзены быў толькі ў 2009 годзе на складанцы да 20-цігодзьдзя лэйблу Warp.

 

8. Hudson Mohawke - Acoustic Lady

Асноўная мэлёдыя тут па навязьлівасьці можа давесьці да нэврозу, але адначасова і прывабівае сваёй бясконцай цыклічнасьцю аднаго кароткага сэмплу. Дарэчы, аматары Твін Піксу ўжо сустракаліся з Хадсанам, які выступаў у «Доме пры дарозе».

 

9. Kelly Moran - Radian

У гэтым мэдытацыйным трэку можна пачуць прэпарыраванае (падрыхтаванае) фартэпіяна, якое вельмі гарманічна спалучана зь мінімалістычнымі электроннымі гукамі. Узгаданы інструмэнт не зусім самастойны, а хутчэй «мадыфікацыя» звычайнага фартэпіяна, якую «легалізаваў» кампазытар Джон Кейдж. Да яго, прэпарыраванага фартэпіяна любіць зьвяртацца і вышэй узгаданы Афэкс Твін.

 

10. Oneohtrix Point Never - Chrome Country 

І на прыканцы такі, эклектычны трэк. Ня гледзячы на часам рэзкія гукі-сэмплы, асабіста ў мяне гэты трэк няблага ўсё гарманізуе ўнутры падчас праслухоўваньня.


Report Page