Вольга Гапеева “Словы якія са мной адбыліся” (Галіяфы, 2020 г.).

Вольга Гапеева “Словы якія са мной адбыліся” (Галіяфы, 2020 г.).

t.me/bellitra

Новы паэтычны зборнік Вольгі Гапеевай, ужо сёмы для паэткі, — танюткі і крохкі.

У гэтай кнізе так шмат пра любоў да сябе, пра прыняцце сябе, пра тое, як жыць згодна са сваімі жаданнямі, а не чужымі. 

“усё ж галоўнае ў жыцці чалавека
гэта яна сама”

Калі ўсё жыццё баішся быць нязручнай, і чым больш баішся, тым больш нязручнай аказваешся. Бо заўсёды знойдуцца тыя, для каго ты нейкая не такая ці нават лішняя. Цэлы цудоўны верш пра гэта:

“я складала сябе
упоперак і ўздоўж
хацела кампактнай быць
змяшчацца ў валізку”

Не старацца ўсім дагадзіць, думаць пра сябе. А галоўнае — не зважаць на ўсе запар меркаванні людзей вакол:

“хто што падумае
што скажуць людзі
гэтыя людзі
заўсёды яны нешта кажуць
адрэзаць бы ім языкі”

У вершах адсутнічаюць коскі ды кропкі, і толькі працяжнікі — як тонкія масткі паміж словамі, звязваюць іх, даюць невялікі адпачынак, паўзу. Вялікіх літар таксама няма, бо ўсе словы ў вершах аднолькава важныя.

Злавіла сябе на думцы, што ў кожным зборніку Вольгі знаходжу такія радкі, вобразы ці метафары, якія б’юць мне ў галаву магутным “ого!”. З серыі “чаму я не дадумалася да гэтага сама” :) У зборніку “Словы якія са мной адбыліся” такімі радкамі сталі наступныя:

“рукі мае абапіраюцца аб дрэва
а якім ляжыць іншае белае дрэва
у якім трэцім дрэвам
пра гэта пішу
стол нататнік аловак”

Проста, навідавоку, але так нечакана.

Дзякуй Вользе за зборнік, які са мной адбыўся.


Купіць кнігу: http://halijafy.by/krama/gapeeva-volga-slovy-yakiya-sa-mnoj-adbylisya/

Report Page