Вольга Гапеева “Кэмэл-Трэвэл” (Галіяфы, 2019 г.), 4,5/5.

Вольга Гапеева “Кэмэл-Трэвэл” (Галіяфы, 2019 г.), 4,5/5.

t.me/bellitra

Новы раман Вольгі Гапеевай нечакана адгукнуўся ўва мне прыемнымі эмоцыямі. Гэта аўтабіяграфічны твор, у якім аўтарка занатоўвае ўспаміны свайго дзяцінства, дзеліцца пачуццямі, перажываннямі і момантамі. Яна нарадзілася ў 1982 годзе, калі СССР дажываў апошняе дзесяцігоддзе, таму яе дзяцінства прыпала спачатку на эпоху брэжнеўскага застою, потым перабудовы. А ўжо школьніцай яна заспела часы станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы.

Заўжды цікава чытаць пра гэты перыяд ва ўспамінах дзяцей, бо яны яшчэ не надта разумеюць, якія палітычныя змены адбываюцца ў дзяржаве, а таму іх погляд на сітуацыю заўжды своеасаблівы і вельмі арыгінальны.

Напрыклад, Вольга ўспрымала СССР як нешта велізарнае і вельмі абстрактнае, параўноўвала яго з матрошкай. Для яе вельмі дзіўнай была “наяўнасць дзвюх краінаў (БССР і СССР), дзвюх сталіцаў (Мінск і Масква) і двух гімнаў (гімн БССР і гімн СССР). <...> Быццам мы жылі паралельна ў двух вымярэннях ці недзе ў жываце драўлянай рускай матрошкі”. <...> Бяскрайнія прасторы вялікай Радзімы мяне пужалі, і я ніяк не магла пагадзіцца на гэты матрошкавы прынцып і нейкую другаснасць.”

Але збольшага ўвага ў творы акцэнтуецца на ўнутраны свет і самаідэнтыфікацыю лірычнай гераіні, а не на асаблівасці грамадска-палітычнага ладу ў краіне. Таму кніга нагадвае сеанс псіхатэрапіі. Толькі ў якасці тэрапеўта выступае сама Вольга, якая займаецца паступовай прэпарацыяй усіх дзіцячых успамінаў з мэтай пераасэнсаваць іх, знайсці ў іх вытокі яе цяперашняга стану і адчуванняў. Накшталт “я такая, бо ў тым пэўным моманце ў дзяцінстве адчувала тое і тое, што паўплывала на мяне цяперашнюю”. Псіхатэрапеўты часта апелююць да дзяцінства пацыента, шукаючы ў ім усе карані яго надзённых праблем.

Шмат у кнізе проста прыемных настальгічных момантаў. Хоць паміж мной і аўтаркай 11 гадоў, але ж успаміны пра розныя рэчы з дзяцінства ў нас агульныя. Напрыклад, ЛФК у паліклініцы замест звычайных урокаў фізкультуры ў школе, піянербол у двары каля дома, дзе мячык трэба было кідаць праз металічную штуковіну, на якой звычайна выбівалі дываны, лыжы з загадкавым словам Telehany.

Замілаванне выклікала і шчырае захапленне маленькай гераіні песняй Газманава пра путану, якая падавалася ёй загадкавай дзяўчынай. І невядома чаго ў той было больш: дзяўчыны ці “ночной бабочки”, якой ніхто не можа дапамагчы, бо ніхто не вінаваты.

Вольга не ідэалізуе той час толькі таму, што на яго прыпала такая прыемная светлая пара ў жыцці чалавека — дзяцінства.

Магчыма, вас таксама гэтая кніга падштурхне да своеасаблівай інвентарызацыі ўспамінаў з дзяцінства. Вельмі раю гэтую кнігу ў якасці прыемнага занятку на вечар.


Дарэчы, з верасня (і на цэлы год) Вольга жыве ў аўстрыйскім горадзе Грац. Патрапіла яны туды па стыпендыі для літаратараў “Пісьменнік года” ўжо другі раз. Раней па гэтай стыпендыі ў Грацы жылі і працавалі Вальжына Морт і Альгерд Бахарэвіч. Побыт у Аўстрыі для літаратаркі даволі плённы: яна рыхтуе да друку новы паэтычны зборнік (выхад плануецца вясной), а таксама піша нямецкамоўны зборнік і новы раман.


Купіць кнігу: http://halijafy.by/krama/volga-gapeeva-kemel-trevel/




Report Page