Вогненны след генацыду
Газета НА СТРАЖЕ22 сакавіка 1943 года разам з жыхарамі была знішчана лагойская вёска Хатынь
Карны батальён вылюдкаў
У канцы 1941-га - пачатку 1942 года нямецкія захопнікі разгарнулі фарміраванне ахоўных і паліцэйскіх падраздзяленняў. Адным з іх стаў 118-ы карны батальён для барацьбы з беларускімі партызанамі і… мірным насельніцтвам. Яго аснову склалі калабарацыяністы 115-га батальёна, якія прыбылі ў Кіеў восенню 1941-га і далучыліся да стварэння мясцовай паліцыі. 100 вырадкаў увайшлі ў 1-ю роту - самую актыўную частку, пераважна з нацыяналістаў Заходняй Украіны. У складзе яшчэ дзвюх дзейнічалі ваеннапалонныя, у большасці ўкраінцы.

У батальёне разам існавалі нямецкая камендатура, якой кіраваў маёр Эрых Кёрнэр, і калабарацыянісцкая, якую ўзначальваў спачатку былы савецкі маёр Іван Шудра, а пасля - палкоўнік Канстанцін Смоўскі, былы старшына арміі УНР і кантрактны маёр польскай арміі. Пасаду начальніка штаба ад немцаў займаў Эміль Зас, а з боку іх памагатых - спярша чырвонаармеец Каровін-Карніец, а са снежня 1942-га - былы старшы лейтэнант Чырвонай арміі Рыгор Васюра, які прайшоў у Германіі спецпадрыхтоўку.
Праверка баяздольнасці здраднікаў Радзімы адбылася амаль адразу пасля прыбыцця іх у снежні 1942-га ў гарпасёлак Плешчаніцы, што ў 70 кіламетрах ад Мінска. Разам з жандарамі і мясцовымі паліцаямі яны ўварваліся ў вёску Чмялевічы, забілі трох яе жыхароў. Некалькі гадзін трымалі на марозе распранутых сялян. Разрабавалі ўсе іхнія пажыткі і спалілі 58 дамоў. Падчас чарговай аперацыі, якой кіравалі гітлераўскі афіцэр Вёльке і начштаба Васюра, у лагойскіх вёсках Кацялі і Зарэчча пазбавілі жыцця ўжо 16 чалавек. Ператварылі ў попел 40 дамоў…
Праз два тыдні так званы ахоўны батальён ужо ўяўляў сабой каманду прафесійных забойцаў. Знішчэнне ўсяго жывога стала для іх прывычнай справай, і лёс чарговай лагойскай вёскі быў прадвызначаны… Падчас жорсткай расправы над жыхарамі Хатыні, якую арганізаваў і ўчыніў Васюра разам з Кёрнэрам, Смоўскім, іх падначаленымі і карнікамі батальёна Дзірлевангера, 149 вяскоўцаў, з іх 43 жанчыны і 79 дзяцей да 16 гадоў, сагналі ў калгаснае гумно, расстралялі і спалілі. Паселішча вылюдкі знішчылі, а маёмасць разрабавалі.
Толькі шасцёра хатынцаў: каваль Іосіф Камінскі, які стаў прататыпам скульптуры «Няскораны чалавек», і пяцёра падлеткаў, сярод якіх 13-гадовыя Аляксандр Жалабковіч і Уладзімір Яскевіч, - цудам засталіся ў жывых, каб працягнуць свой выпалены род. У Аляксандра Жалабковіча нарадзіліся дачка Святлана і сын Мікалай. У яго растуць сёння ўнукі Елісей і Ева, якія ведаюць пра трагедыю сваёй сям’і (загінулі бацька, маці і тры сястрычкі прадзеда...) і штогод 9 Мая наведваюць Хатынь, каб аддаць родным даніну павагі і памяці. На гадавіну жудаснай трагедыі яны сустрэнуцца тут з праўнукам Уладзіміра Яскевіча Кірылам, восем (!) сваякоў якога не змаглі выбрацца з вогненнага пекла…
Пасля вайны І. Камінскі жыў у вёсцы Казыры, што ў сямі кіламетрах ад Хатыні. Ён памёр ва ўзросце 86 гадоў і быў пахаваны ў Лагойску. На чорны мармур нанеслі простыя словы самога Іосіфа Іосіфавіча:
Што ён узгадваў пра балючыя для кожнага беларуса падзеі, чытаем у кнізе «Хатынь. Трагедыя беларускіх вёсак» дырэктара дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу Артура Зельскага: «І мяне павялі ў той хлеў… Дачка, і сын, і жонка - там. І людзей столькі. Я кажу дачцэ: «Чаму вы не адзеліся?» - «Дык сарвалі з нас адзежу», - кажа дачка. Ну, прыгоняць у хлеў і зачыняць, прыгоняць і зачыняць. Столькі людзей нагналі, што і не прадыхнуць ужо, руку не падымеш. Людзі крычаць, дзеці гэтыя; ведама, столькі людзей і страх гэтакі. Сена там было, салома, кармілі яшчэ, трымалі кароў. Зверху і падпалілі. Падпалілі зверху, гарыць страха, агонь на людзей сыплецца, сена, салома загарэліся, душацца гэтыя людзі, так сціснулі, што і дыхаць ужо няма як. Няма як дыхнуць… А тут дзверы расчыніліся. Расчыніліся, а людзі не выходзяць. Што такое? Аж там страляюць, страляюць там, кажуць. Але крык такі, што стрэлу таго, што стуку таго і не чуваць. Вядома ж, гараць людзі, агонь на галовы, ды дзеці - такі крык, што… Я сыну кажу: «Праз галовы, праз галовы трэба!» Падсадзіў яго. А сам панізе, паўз ногі. А на мяне бітыя і наваліліся. Наваліліся на мяне бітыя тыя, і прадыхнуць нельга. Але варушыў плячыма - тады я здаравейшы яшчэ быў, - стаў паўзці. Толькі да парога дапоўз, а страха і абвалілася, агонь на ўсіх… А сын выскачыў таксама, толькі голаў яму трохі абсмаліла, валасы абгарэлі. Адбег метраў пяць - яго і палажылі. На ім людзі пабітыя - з кулямёта ўсіх… Стаў яго выцягваць, аж у яго і кішкі ўжо… Спытаў яшчэ толькі, ці мама жывая…»

Адпаведны прысуд здрадніку
Рыгор Васюра асабіста забіваў ні ў чым не вінаватых людзей. Праз два тыдні пасля гібелі Хатыні ён атрымаў водпуск, а потым, адным з першых у сваім варварскім падраздзяленні, - фашысцкі медаль. Яго батальён прымаў самы актыўны ўдзел яшчэ ў дзвюх буйных карных аперацыях - «Котбус» і «Герман». Напрыканцы мая 1943-га вылюдкі роду чалавечага спалілі 25 дамоў у Новай Вілейцы і 40 - у Вілейцы, дзе сем жанчын і 17 дзяцей загналі ў хлеў і закідалі гранатамі. На наступны дзень такі ж лёс чакаў і мясцовых мужчын. У той жа час 90 двароў перасталі існаваць у вёсцы Ніўкі, а ў Асовах загінулі ў агні больш за 50 іх жыхароў. І гэта, вядома ж, далёка не поўны пералік трагедый.
Увогуле за гады ліхалецця гітлераўцы спалілі разам з жыхарамі, як лічылася раней, 186 нашых вёсак. Гэтая лічба, кажучы словамі майго незабыўнага сябра - таленавітага журналіста саюзнай «Рабочей трибуны» Васіля Рошчына, «захоўваецца ў бетонных пісьмёнах хатынскага мемарыялу». На сёння, па дадзеных Генпракуратуры, загінулых разам з людзьмі вёсак - 216.
Разам з калегам з «Известий» Міхаілам Шыманскім Рошчын прысутнічаў на закрытым судовым працэсе над Васюрам і рэгулярна паведамляў мне, як той працэс праходзіў. Справа разглядалася ў лістападзе - снежні 1986-га ў Мінску ў акруговым ваенным трыбунале. Вынікам наведвання Васілём пасяджэнняў стаў яго вялікі нарыс у «Рабочей трибуне» за 10 лістапада 1990 года пад назвай «Неизвестная Хатынь» з развагамі публіцыста-патрыёта пра былое, тагачаснае і будучыню, якую ён… прадбачыў! Акрамя іншага, у матэрыяле ёсць і расказ здрадніка і душагуба Васюры пра сябе (прыводжу яго ў скарачэнні):
- Да пачатку вайны за плячыма было сем гадоў вайсковага стажу. Камандаваў радыёўзводам, быў камузвода сувязі, даслужыўся да начальніка сувязі ўмацаванага раёна. Уступіў кандыдатам у члены партыі. За два дні да палону (29 чэрвеня 1941-га) … знішчыў парткніжку і афіцэрскае пасведчанне. З аднаго лагера перавезлі ў другі, на тэрыторыі Германіі. Восенню нас адсартавалі, і мне прапанавалі пайсці ў школу прапагандыстаў-«усходнікаў». Кармілі ў ёй уволю, падлечвалі належным чынам. Пад восень нас, «усходнікаў», прывезлі ў сталіцу Украіны, дзе я адчуваў сябе таксама добра. Тут абмундзіравалі і далі савецкую вінтоўку, пасля падпісаў прысягу на вернасць Рэйху. З якой мэтай фарміруецца батальён - і дурню было зразумела… Прызначылі камандзірам узвода. У Плешчаніцах стаў ад’ютантам, начальнікам штаба. Атрымаў жалаванне (30 марак) і харчовы паёк. Мне ўстанавілі водпуск у 24 рабочыя дні, радавым - 18. У першы паехаў у жніўні 1943-га. Абавязкі выконваў, як кажуць, на ўзроўні, ніколі не пакаралі. Немцы камандавалі, а мы тыя каманды выконвалі. Кёрнэр ставіў задачы, а мы дубліравалі загады. Так, дапамагаў немцам кіраваць аперацыямі, якія праводзіліся. Дзецям казаў потым, што знаходзіўся ў палоне.
Пасля Беларусі Васюра працягваў злачынную дзейнасць у складзе 76-га пяхотнага палка, які разбілі ўжо на тэрыторыі Францыі. У 1952 годзе яго, здавалася б, спасцігла караючая рука правасуддзя. Але тады мярзотніку ўдалося ўтаіць свае паганыя ўчынкі, і ваенны трыбунал Кіеўскай акругі прыгаварыў яго за здраду Радзіме да 25 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем афіцэрскага звання.
Але літаральна праз тры гады адзін з кіраўнікоў 118-га батальёна, які знішчаў нашу Хатынь, трапіў пад амністыю! Ды ўсё ж «праскочыць» не атрымалася. Праз дзесяцігоддзі, у выніку доўгай і карпатлівай работы супрацоўнікі КДБ выявілі яго ва Украіне і даставілі ў сталіцу Беларусі, дзе карнік атрымаў адпаведны сваім бесчалавечным дзеянням смяротны прысуд.

Па справе лютага забойцы праходзілі 54 сведкі, у асноўным яго саслужыўцы па жорсткім падраздзяленні, і 67 пацярпелых ад яго чорных учынкаў. Адных прывозілі пад аховай у спецмашынах, іншыя самі прыязджалі па павестках з розных куткоў Саюза. Сярод гэтых «іншых» быў і радавы Співак, ураджэнец Украіны. Перад тым як прывесці яго сведчанне, прашу чытачоў звярнуць увагу на дзікія, нечаканыя і незвычайныя дэталі «адкрытасці» саўдзельніка ваеннага злачынства:
- Я быў у лагеры ваеннапалонных у Кіеве. Восенню, ужо холад ладна адчуваўся, нас сталі набіраць на працу. Потым з’явіліся недзе ўжо абучаныя ўкраінскія нацыяналісты і пачалі арганізоўваць спецыфічную зондэркаманду. Мне далі ці то латвійскую, ці то эстонскую вінтоўку і зялёную нямецкую форму. Начальнікам штаба стаў Рыгор Васюра, камандзірам майго ўзвода - Пасечнік, ротным - былы афіцэр Вінніцкі. У Беларусь, мы ведалі, нас накіроўваюць для барацьбы з партызанамі. Выязджалі на аблавы, на розныя аперацыі… Што ведаю пра Хатынь? Раніцай 22 сакавіка 1943-га мы паехалі па нейкім заданні. Мінулі Гарбаты мост, калі нас абстралялі. Забілі гаўптмана Вёльке і яшчэ некалькі нашых. Мы пашмалялі ў адказ, партызанаў не знайшлі і забралі з сабой мясцовых лесарубаў. Павялі іх у напрамку Плешчаніц. Сустрэлі роты, якія паднялі па трывозе. Людзі пры гэтым пачалі разбягацца ў розныя бакі, а мы сталі па іх страляць. Колькі забілі - дакладна сказаць не магу, але нямала… Потым пайшлі па слядах партызанаў. Разам з немцамі з Лагойска і яшчэ аднекуль ачапілі Хатынь. Я таксама ішоў і выганяў людзей з дамоў, Васюра з начальствам аддаваў загады. Калі ўсіх жыхароў загналі ў гумно, зачынілі яго і акружылі, прагучала каманда падпальваць! Каб ніхто не выскачыў - паставілі кулямёт.
Па тых, хто імкнуўся вырвацца з агню, стралялі з усіх відаў зброі. Усе палілі, і я паліў са сваёй прыбалтыйскай вінтоўкі. Забыць гэта нельга… Мяне ўсяго трэсла… Нашу роту адразу ж вывелі з вёскі. Пацвярджаю, што тройчы ўдзельнічаў у масавых расстрэлах і двойчы быў іх непасрэдным сведкам. Увогуле, наша 1-я рота была самая жорсткая, бязлітасная, лютая і верная немцам. Амаль усе ў ёй былі ўраджэнцамі Заходняй Украіны. Асабліва ўдарным лічыўся ўзвод Мялешкі.
«Яны хацелі спаліць нас жывымі»
Цяжка ўявіць той душэўны і сардэчны боль, тыя невыносныя перажыванні, тыя нянавісць і агіду, якія ахоплівалі Аляксандра Жалабковіча, калі ён выступаў на працэсе ў якасці сведкі злачынстваў Васюры, Співака ды іншых падонкаў. Вось што паведаміў суду Аляксандр Пятровіч:
- Раніцай 22 сакавіка ў наш крайні дом зайшлі немцы. Пакуль яны елі звараную ў чыгунку курыцу, мама ціхенька вымавіла: «Хутчэй уцякай да цёткі, мо яны бачылі цябе з партызанамі...» Я непрыкметна выйшаў на двор, убачыў ланцуг немцаў у зеленаватых шынялях і паскакаў на кані ў супрацьлеглы ад іх бок. Потым паўзком дабраўся да лесу і пабег у суседнюю вёску Замосце, дзе пра ўсё і расказаў. А над Хатынню ўжо быў бачны чорна-ружовы дым… Мы пачакалі, пакуль у наваколлі ўсё сціхла, і крадком прабраліся на… папялішча. Убачылі майго стрыечнага брата Віцю з перабітымі нагамі. Ён яшчэ крычаў ад болю і клікаў на дапамогу. Падышлі бліжэй да былога гумна, дзе нас чакала... груда трупаў. Навокал - кроў, нікога ніяк не пазнаць.
Здаецца, дні праз тры жыхары суседніх вёсак хавалі загінулых. Віцьку да партызанскага шпіталя мы не давезлі. Ён памёр ад страты крыві. Тады быў яшчэ жывы сын Камінскага, але хутка сканаў і ён. Ведаю, што кулі абмінулі дзяўчынак Клімовіч і Сідаровіч, якія жылі на хутары Хварасцінкі ў бабулі. Партызаны дапамагалі ёй лячыць іх ад моцных апёкаў. Але паліцаі неяк дазналіся пра іх месцазнаходжанне. Адну спалілі паўторна, а другую кінулі ў калодзеж. Вось як яны пазбаўляліся ад сведкаў...
Прызваннем Аляксандра Жалабковіча стала вайсковая служба. Паспяхова скончыў вышэйшае ваеннае артылерыйскае вучылішча, а потым і ракетна-артылерыйскую акадэмію. Прайшоў шлях ад лейтэнанта да падпалкоўніка. Службовыя абавязкі належна выконваў на Далёкім Усходзе і Курыльскіх астравах, у Казахстане, Туркменістане, Чэхіі, Ленінградзе. На пенсію ж пайшоў на радзіме, у Гродне, дзе застаўся з сям’ёй і пасля службы.
Да сваіх апошніх дзён ветэран-вайсковец сябраваў з цёзкам загінулага брата Віктарам Андрэевічам Жалабковічам - адзіным, хто вырваўся з вогненнага палону. Ён, у той час інжынер-тэхнолаг, быў на судзе і сведкам, і пацярпелым. І вось што ўзгадваў падчас аднаго з пасяджэнняў:
- Па дарозе да гумна майго бацьку па-зверску збілі. Я хоць апрануты быў, іншых жа выштурхоўвалі з хат нават босымі. Бацька, маці, два браты, я і сястра прыладзіліся каля самых дзвярэй, і было бачна, як падносілі салому і палівалі сцены бензінам. Неўзабаве шугануў агонь, унутр пачаў прабівацца дым. Насустрач людзям, якія гуртам ірвануліся і выбілі дзверы, ударыла полымя. Мы з мамай адбеглі метраў на шэсць, калі мне абпаліла плячо. Я паваліўся, мама мяне прыкрыла, і я адчуў, як яе цела рэзка здрыганулася. Сказаў ёй, што мяне параніла, але яна нічога не вымавіла, цела яе зверху абгарэла. Колькі праляжаў побач - не памятаю, а калі падняўся - убачыў вакол сябе трупы, якія дыміліся. Не мог у такое паверыць і хацеў кінуцца ў агонь, каб не бачыць. Спынілі толькі стогны і крыкі пакутліва паміраючых, якім падносіў ваду разам з крывёй. Здаецца, нічога не ўсведамляў, колькі часу правёў на гэтым страшэнным папялішчы - не памятаю…
Страляць жа пачалі пасля таго, як асуджаныя на вогненную смерць хатынцы вырваліся з гумна. Да гэтага не застрэлілі, а толькі папалохалі тых, хто кароткі час назіраў за імі з даху.
Цудам застаўся ў жывых у крывавым сакавіку і трэці сябрук-падлетак, будучы майстар цэха Мінскага аўтазавода Уладзімір Антонавіч Яскевіч, які таксама сведчыў на судзе. Калі пачалася страляніна, Валодзя пабег праз горку ад цётчынага да свайго дома. Потым схаваўся ў ямку, над якой навіслі два немцы з бляхамі на грудзях. Накіравалі на яго аўтаматы, адзін сказаў нешта другому, і яны пайшлі. Было вельмі страшна. Калі перасталі лётаць кулі, хлопец кінуўся ў лес, каб знайсці там каго-небудзь з аднавяскоўцаў. Нікога нідзе не было, і яму стала жудасна. Вырашыў ісці ў суседнюю вёску, але спыніў каваль Камінскі, які ўжо наведаў Хатынь… Як толькі пачало світаць, пайшлі на месца, дзе варвары пакінулі вогненны след генацыду. Юнак знайшоў там родную сястру, потым маму. Навокал - лужына крыві, у якой можна было ўтапіць хатынскіх карнікаў. Нагадаю, што толькі з сям’і Уладзіміра Яскевіча ў агні згарэлі васьмёра чалавек...
Мы ніколі не забудзем і ніколі не даруем нямецка-фашысцкім захопнікам і іх памагатым той вогненны след генацыду, які яны пакінулі на нашай роднай зямлі. Як святыню, будзем берагчы нашу вечную памяць пра тых, хто загінуў падчас гітлераўскай навалы.
Уладзімір БАРЫСЕНКА.
Фота Альберта ЕРМАКОВА, Юрыя Іванова, з інтэрнэту.