Вера Бурлак “Фантазюркі” ("Галіяфы", 2018 г.), 4/5.

Вера Бурлак “Фантазюркі” ("Галіяфы", 2018 г.), 4/5.

t.me/bellitra

Не раз сутыкалася з пытаннем: “У цябе няма дзяцей, дык навошта ты чытаеш дзіцячую літаратуру?” Так і хочацца адказаць: “Таму што магу” 😏 Ці пасмяяцца, што рыхтуюся, каб ведаць, што чытаць будучым дзецям. Але сапраўдная прычына вельмі простая: мне падабаецца чытаць дзіцячую літаратуру. Не таму, што хочацца збегчы ад рэальных дарослых праблем у свет бесклапотнага маленства. Паверце, дзіцячыя кнігі, якія я чытаю часцей за ўсё, бесклапотнымі ніяк не назавеш. Проста дзяцінства — гэта цікавы і цудоўны час, калі вельмі хутка адбываецца станаўленне маленькага чалавека. І мне цікава назіраць за дзецьмі, за тым, як яны спасцігаюць свет, сталеюць і вырашаюць праблемы.

А калі дзіцячая кніга напісаная якасна, то яе цікава чытаць і даросламу (паглядзіце, колькі прыхільнікаў сярод людзей сталага ўзросту ў Гары Потэра).

Вера Бурлак піша творы для дзяцей і дарослых, і каб назаўсёды стаць прыхільнікам яе творчасці, трэба хаця б раз патрапіць на яе выступленне. Бо яна не толькі стварае таленавітыя творы, але яшчэ і таленавіта прадстаўляе іх на сцэне.

Сёлета Вера стала лаўрэаткай Прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. “Фантазюркі” — гэта зборнік вершаў пра тое, што вакол нас, а яшчэ пра магію, якая хаваецца ва ўсім гэтым звычайным і побытавым. Сонца, лужыны, дождж, дамы, птушкі і многае іншае. Ёсць у кнізе вершы, прысвечаныя розным відам транспарту, напрыклад, смеццявозу, палівальнай машыне, тралейбусу. Таму калі вашы дзеці любяць транспарт, то з задавальненнем вывучаць гэтыя невялічкія вершыкі і будуць іх цытаваць.

Кажуць, што для дзяцей пісаць проста. І зразумела, што гэта не мусіць быць складаная паэзія, але і не прымітыўная. Добрыя рытмічныя радкі гэтай кнігі лёгка кладуцца ў галаву, запамінаюцца дзецьмі, а потым бясконца паўтараюцца.

Ілюстрацыі да кнігі зрабілі Вераніка Лемешава і Андрэй Пакроўскі, і гэтая частка кнігі мне спадабалася менш за ўсё. Але ж кніга перамагла ў літаратурнай намінацыі Прэміі Цёткі, а не ў мастацкай. Ну і я не мэтавая аўдыторыя гэтай кнігі 😁

Чытаць зборнік можна пачынаючы з любога ўзросту, калі вы гатовыя, што дзеці бясконца будуць паўтараць адны і тыя ж радкі 😁 Цвёрдая вокладка, квадратная кніга, яркія ілюстрацыі, 52 гладкія старонкі. Добрае папаўненне вашай дзіцячай бібліятэкі.

Купіць кнігу "Фантазюркі": http://halijafy.by/krama/burlak-vera-fantazyurki/


Report Page