Вечар. *упалаўскі тэатр. 8.04.22.

Вечар. *упалаўскі тэатр. 8.04.22.

Стрэльнікаў

Пачну з таго, што я вельмі люблю спектакль "Вечар". Я памятаю яго першыя паказы. І гэта было для мяне як быццам далучыцца да нейкай чыстай крыніцы беларускага дзэну. Простыя людзі размаўляюць пра тое як баяцца смерці і прагнуць любові. І ўсё пабудавана на такой чысцюткай паганскай беларушчыне: сонца, калодзеш, дарога і каза. Усё, як мы любім. Чароўны заднік спектакля, такі блукаючы каляровы прамакутнік увасабляе нейкі загадкавы маўклівы сусвет, прыгожы і ніколі да канца незразумелы.

Мне вельмі падабаўся акцёрскі склад, наколькі яны ўсе былі розныя, і чымсці нават прынцыпова адрозныя адзін ад аднаго. Прычэпісты і дасціпны Аўсяннікаў, лагодная і з нейкай такой усвядомленай сваёй рацыяй Міронава і неверагодна сімпатычны ў сваёй неўладкаванасці Кірычэнка, нібыта здзіўлены тым, як яно ўсё адбылося навокал, з нейкай злой іроніяй, накіраванай ўрэшце рэшт на сябе.

Я бы зманіў, сказаўшы, што ад таго спектакля не засталося зусім нічога. Спектаклі старэюць. І гэта, як з людзьмі, праз вэлюм старасці мы здольныя распазнаць рысы, якія нам палюбіліся гады таму. Адзін з самых моцных момантаў у п'есе ў тым, што старыя чакаюць, што да ніх нехта прыйдзе ў вёску. І вось увесь час нехта ідзе і зварочвае не туды. І ў маёй памяці засталосе адчуванне паўзы ў момант, калі героі ўглядаюцца ў залю, прыгожы момант чакання і спадзеву. Гэта важны момант, бо ён нейкім чынам раскрывае мікракосмас гэтай закінутай вёскі, дзе героі жывуць, да вялікага сусвету. Мы нікому не патрэбныя, нібыта адчуваюць героі, калі высвятляецца, што ізноў не тое. Я памятаю гэтую паўзу, як быццам яна цягнулася гадзіну (што дарэчы цалкам магчыма і было ўжо тады не так, прычуды памяці, яны такія). У спектаклі, які я бачыў учора, гэтай паўзы не было зусім. Усе тры разы акцёры так адразу выходзілі на вынік расчараванне, што я ледзь паспяваў зразумець, што ўвогуле адбылося. Я нават схапіў сабе на недарэчнай думцы, што мне цяжка ўявіць, каб нехта ў вёску менавіта "ішоў", а не ехаў на машыне.

Увогуле абставіны п'есы састарэлі. Гэтая запаволеная камунікацыя: недайшоўшыя лісты, стасаванне праз радыёперадачы - запаволеная да поўнай адсутнасці. Цяпер у часы інтэрнета гэты канфлікт замяніўся на іншае. Ты можаш тэлефанавацца праз вайбер з сынамі і бацькамі ў любы час. Але пра галоўнае ў тых размовах гаворыцца гэтак жа рэдка.

Пра Аўсяннікава і Міронаву няма чаго сказаць. Яны выглядаюць старымі нават для гэтага спектакля. Дзіўны эфект, што старому чалавеку цяжка граць ролю старога чалавека. Вось Аўсяннікаў напачатку прамаўляе: "Што ў свеце робіцца. Як з глузду ўсе з'ехалі. А жыць трэба..." Выглядае, як актуальная павестачка. Я зараз залез нават у тэкст праверыць, каб высветліць, што ў гэтых некалькіх словах артыст пераказаў добрую старонку неблагога мастацкага тэксту. І замест думкі пра тое, як гэта крута, што Купалаўскі тэатр не маўчыць пра падзеі ў свеце, я думаю, ці добра тое, калі артыст так бязлітасна скарачае тэкст. І тое, што да Аўсяннікава патрэбна нейкая асабістае стаўленне, маўляў, гэта такі вялікі артыст, што яму можна, - не ведаю, мне гэта не надта падабаецца.

Васіль Сушніцкі граў Гастрыта. І мне нават не хочацца да яго прыдзірацца. Ён старанна рыскамі малюе старэч, вось ён прывалоквае ногу, каб здавацца старэйшым, вось выпячвае жывот. Але гэта гранне, а не існаванне. У момантах ключавых маналогаў Гастрыта са мной асабіста не адбылося абсалютна нічога. Я для справядлівасці напішу, што ён сарваў нават апладысменты на моманце, калі Гастрыт збег з бальніцы і бухнуўся на калені перад сваімі суседзямі.

Але тут трэба нарэшце сказаць людзей, якія былі ў залі. Іх было замала. Такім пустым Купалаўскі не здаваўся нават на прагонах, на якія мяне пускалі. Спачатку сядзела чалавек 20 у партэры (два дыялогі, якія я пачуў на сваім бельэтажы. Спачатку заглянулі нейкія, відаць, кіраўнікі, глянулі на бельэтаж: "Ну што чатыры чалавекі, значыць, усе прыйшлі..." Потым адміністратарка на балконе прапанавала камусьці спусціцца ў партэр, на што ёй адказалі: "А гэта дзе?"). Але потым прыйшла можа якая сотня сувораўцаў. Я сачыў за імі адным вокам, здаецца, ніхто не заснуў, і тэлефоны ўключылі толькі тры разы. Дысцыплінаваны глядач. І вось гэтым людзям спадабалася, як Васіль Сушніцкі бухаецца на калені. Ну як бы і норм. Перад гэтым хлопалі, калі ўпершыню згасла святло, мабыць, падумалі, што спектакль скончыўся. А такіх дзіўных апладысментаў на фінале я не чуў у сваё жыццё ніколі. Артысты ўзяліся за рукі і пайшлі да авансцэны. Усе сувораўцы разам узняліся і пачалі моцна пляскаць стоячы. Артысты бяруць скамейку і садзяцца на яе. Усе заціхлі. Мабыць, нешта скажуць. Не не будуць гаварыць! Ізноў ідуць апладысменты. Артысты ўзняліся пакланіліся і пайшлі за кулісы. Сціхлі апладысменты. Не, павярнуліся ізноў ідуць кланяцца, ізноў авацыя.

Ну што сказаць? Праз сто год гэта пераўтворыцца ў сапраўдны тэатр.

Report Page