Васіль Быкаў «Знак бяды» (Папуры, 2022)

Васіль Быкаў «Знак бяды» (Папуры, 2022)


Сёлета спаўняецца 40 гадоў аповесці Васіля Быкава «Знак бяды», якая ў 1986 годзе была адзначана Ленінскай прэміяй і ў тым жа годзе экранізаваная. У выдавецтве «Папуры» сёлета выйшла гэта цудоўнае выданне з вокладкай Анатоля Лазара.


Гэты твор важны агулам для творчасці Быкава як пэўны этап. Мы прывыклі да ваеннага, франтавога, партызанскага Быкава, таму гэты ўмоўна «мірны» твор выбіваецца з агульнага шэрагу. У цэнтры сюжэту цяпер не партызаны ці салдаты са зброяй у руках, а звычайныя мірныя жыхары, якія нібыта і не маюць ніякага дачынення да вайны. Вайна ёсць, але яна недзе там, далёка, галоўныя героі не ўдзельнічаюць у гэтым непасрэдна. Яны акурат тыя, хто аказаўся ў закладніках гэтай сітуацыі. Вайна прыйшла супраць іх волі, але цяпер яны мусяць пакутаваць ад яе наступстваў.


Вядома ж, Быкаў паказваў народныя характары і раней, былі ў ягоных творах такія персанажы, з мірнага насельніцтва. Але ў аповесці «Знак бяды» яны ўпершыню сталі на першы план. І гэтым пісьменнік узмацніў трагедыю і антываенны пафас рамана. Мне спадабалася, як пра гэта напісаў Алесь Адамовіч у кнізе «Ничего важнее»:



Галоўныя героі твора — Пятрок і Сцепаніда Багацькі, што жывуць на хутары Яхімоўшчына звычайным сялянскім жыццём. Ёсць кароўка, парсючок, куры і самагонны апарат, але ў творы Быкава жыццё гэтых маленькіх людзей і іх трагедыя набываюць сусветны маштаб. Аповесць паказвае жыццё беларускага сялянства пад акупацыяй.


Таксама ў аповесці Быкаў параўноўвае паліцаяў і ўласна немцаў. Немцы бачацца простымі і зразумелымі ворагамі. Яны выказалі свае намеры і цяпер упарта ідуць да мэты. Можна сказаць, што ў іх ёсць пэўныя ўстаноўкі і прынцыпы. Страшныя, але ўсё ж ёсць. Паліцаі ж падаюцца абсалютна ненадзейнымі людзьмі. Танчаць пад тую дудку, якая грае цяпер. Ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць. Таму невядома, хто тут больш страшны: свае ці чужыя.

Быкаў не вінаваціць ва ўсім толькі паліцаяў, змяншаючы віну захопнікаў. Але паліцаі бліжэй, і гэта адзначае Пятрок:



Вайна, такія экстрэмальныя і трагічныя ўмовы здольныя добра паказваць усю праўду пра людзей. Вось і такія, як Гуж, Недасека, Каландзёнак выявілі сваю сапраўдную сутнасць. І гэтае расслаенне і раз’яднанне не адбылося толькі тут і цяпер. Яно пачалося яшчэ раней, і каб паказаць гэта Быкаў выкарыстоўвае рэтраспектыву. Сацыяльны разлом, які адбыўся яшчэ ў працэсе калектывізацыі, выступае нібы каталізатар далейшых падзей.


У аповесці шмат флэшбэкаў, мы даведваемся пра жыццё некаторых персанажаў наўпрост праз рэтраспекцыю, перамяшчаючыся ў часе і акунаючыся ў тыя падзеі. Не паводле ўспамінаў, а ўласна з месца падзей. Такім чынам мы можам назіраць не толькі становішча беларускіх сялян падчас вайны. У аповесці добра прапісаны і даваенны час. 


Гісторыя невялікага хутара Яхімоўшчына і яго насельнікаў — гэта гісторыя ўсяго беларускага народа. 


Калі хочаце больш даведацца пра гэтую аповесць — запрашаю паслухаць 69 выпуск майго падкаста Bellit.


Купіць папяровую кнігу «Знак бяды»: https://belkniga.by/catalog/ne_prostavlena_gruppa/znak-byady-apovests/


Report Page