Валеры Гапееў “І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным, або Грак і Монця Хрысцік” (2020 г.)

Валеры Гапееў “І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным, або Грак і Монця Хрысцік” (2020 г.)

t.me/bellitra

Зусім нядаўна на kniharnia.by з’явіўся новы раман Гапеева. Праўда, толькі электронная версія. Невядома, ці варта чакаць папяровую, таму вырашыла чытаць тое, што ёсць. Да таго ж цана электроннай кнігі менш за цану кубачка кавы ў сталічнай кавярні.

Заўжды люблю чытаць кнігі гэтага аўтара, бо яны максімальна набліжаныя да рэальнасці. Гэта гісторыі, якія маглі адбыцца з любым нашым сваяком і суседам, таму героям Гапеева хочацца суперажываць, бо ім верыш. І калі ў некаторых папярэдніх кнігах (напрыклад, “Ноч цмока”) яшчэ быў пэўны містычны складнік, то ў гэтым рамане ніякай містыкі. Толькі жыццё.

Сакавік 2006 года, Беларусь напярэдадні тых самых прэзідэнцкіх выбараў, вынікам якіх стане Плошча, магістранты Мацвей (Монця) Хрысцік і Даніла Галоўчык рыхтуюцца да абароны дысертацый і думаюць пра паступленне ў аспірантуру. Хлопцы працуюць пад кіраўніцтвам аднаго прафесара і маюць паміж сабой пэўную канкурэнцыю, бо месца ў аспірантуры атрымае толькі адзін з іх.

Некаторыя людзі здольныя на ўсё, каб дасягнуць сваёй мэты. І гэтае “ўсё” можа мець як пазітыўную, так і негатыўную афарбоўку. Пад ім можа разумецца любая карпатлівая праца: над сабой, над матэрыялам. Можна бясконца самаўдасканальвацца і паглыбляць свае веды, каб у людзей не ўзнікала сумненняў, што ты ў гэтай тэме спецыяліст. А можна пайсці больш простым шляхам: прыбраць канкурэнта з дарогі.

Даніла вырашае падставіць сябра. Яны жывуць у інтэрнаце, з якога можна вылецець за любую дробязь. І Даніла з дапамогай іншых хлопцаў падкідвае Мацвею апазіцыйныя перадвыбарныя ўлёткі, а потым паведамляе каму трэба. У выніку Мацвей не толькі вылятае з інтэрната, але на некалькі сутак трапляе ў камеру і аказваецца на ўліку ў спецслужбаў, якія прапануюць супрацоўніцтва (стукачом пабыць). Пасля “адсідкі”, вядома ж, яго адлічваюць з універсітэта, і пра далейшую навуковую дзейнасць можна забыць.

Вось так жаданне аднаго чалавека прасунуцца ў вучобе ламае жыццё іншаму. Як часта мы робім зло людзям, не прадумваючы наперад, якія гэта пацягне за сабой наступствы. Даніла ўсяго толькі пад уплывам моманту хацеў пазбавіцца саперніка.

Далей жыццё Мацвея раскручваецца даволі імкліва і нечакана, і на гэты моманце я скончу размову пра сюжэт, бо пачынаецца ўсё самае цікавае. І мне хацелася б, каб вы самі сустрэліся з Мацвеем і прайшлі праз усе выпрабаванні, якія выпалі гэтаму хлопцу. Для чаго? Магчыма, каб загартаваць характар, паказаць, што ён здольны на ўсё. Можа выбрацца з любой багны. Мы ж ведаем, што нас чакае добры фінал.

У анатацыі падкрэсліваецца, што кніга не прэтэндуе на глыбіню і створаная аўтарам выключна для нашага задавальнення і займальнага чытання. Як адзначыў у Фэйсбуку сам Гапееў:

Сапраўды, тут няма ніякіх схаваных сэнсаў, усе высновы навідавоку, і яны неверагодна простыя. Дабро перамагае зло, але ж спачатку герой стаіць перад біблейным выбарам: ці падстаўляць левую шчаку, калі цябе ўдарылі па правай? Ці мае ён права на помсту, і ў якім памеры яна мусіць ажыццяўляцца? Ад кнігі не адарвацца, бо яна поўная дынамізму, нечаканых сюжэтных паваротаў і, як модна цяпер казаць, у ёй дастаткова экшэну.


Купіць электронную кнігу: https://kniharnia.by/catalog/suchasnaya_proza/moncia_chryscik/


Report Page