Відповідальність Ліга

Відповідальність Ліга


У 2021 годзе я пераехала ў Кіеў і з Беларускай асацыяцыі кіберспорту перайшла працаваць ва Украінскую асацыяцыю. Яны не былі ніяк злучаны, проста маё жыццё поўна іранічных супадзенняў.

І менавіта там я пачала сваё нядоўгае супрацоўніцтва з праектам «Відповідальність Ліга».


З самага пачатку ідэя праекту здалася мне надзвычайнай. Яе сутнасць вось у чым: кіберспартыўныя спаборніцтвы маюць найбольшую інклюзіўнасць у параўнанні з іншымі відамі спорту. Пры гэтым, як і любы іншы спорт, ён сацыялізуе, зматывуе, паляпшае канцэнтрацыю і рэакцыю.

Яшчэ ў 2020 годзе заснавальнік праекту Олег Рибалка, вылучыў тры асноўныя групы, з якім у будучыні будзе працаваць праект. Гэта былі ветэраны, пенсіянеры і дзеці з РАС. Пра пенсіянера, які ўдзельнічаў у сумежным праекце, нават выйшаў выдатны ролік на канале МАРА (былы tut.by). Вельмі мілы ролік, рэкамендую да прагляду.

Асноўная ідэя праекта такая: сабраць некалькі інклюзіўных каманд, забяспечыць ім трэнера, расклад і лакацыю для трэніровак, а таксама даць магчымасць удзельнічаць у лакальных турнірах. Ніхто не ставіў амбіцыйных мэт займаць прызавыя месцы, або выйграваць вялікія грошы. Важны быў працэс.

Я, як ужо казала, далучылася да праекту ў другой палове 2021. Я пабывала на трэніроўках, пазнаёмілася з псіхолагам праекту і нават паспела звазіць дзяцей на экскурсію ў офіс NAVI.

Дзеці з РАС патрабуюць асаблівага падыходу - ім складана сацыялізавацца, складана знайсці падыходнае захапленне. А такія трэніроўкі сапраўды напоўнілі іхняе жыццё новымі сэнсамі. За час экскурсіі дзеці разоў 20 спыталі мяне, як хутка яны паўдзельнічаюць у сапраўдным турніры. Было відаць, што дзеці гараць гульнямі і трэніроўкамі, а яшчэ неверагодна ганарацца сваімі поспехамі.

Як і любы іншы від спорту, кіберспорт можа аб'ядноўваць людзей, ён можа дарыць ім яркія эмоцыі, рабіць іх лепш. Пры гэтым ён не мае цвёрдых рамак уваходжання: калі б кибесрпорт шанаваўся ў Спарце, са скалы не скінулі б ніводнага дзіцяці. UPEA ўбачыла ў кіберспорце вялікі патэнцыял не толькі як формы забаў, але і інструмента па паляпшэнні жыцця людзей. І я вельмі спадзяюся, што ў будучыні, калі вайна нарэшце скончыцца, Відповідальність Ліга зможа дапамагчы шматлікім людзям праз CS:GO ды іншыя гульні.

Report Page