Усё скончана ці можна ўратаваць? Гісторык пра гістарычныя казармы на Шчорса

Усё скончана ці можна ўратаваць? Гісторык пра гістарычныя казармы на Шчорса

Urban Hrodna

Ужо ўзгадніўшы праект рэканструкцыі казарм XIX ст. на Шчорса 2 і 4 у Гродне, "на этапе падрыхтоўчых прац" новыя ўласнікі будынка высветлілі, што цэгла не вытрывае нагрузкі. Нечакана для гараджан 140-гадовы будынак знеслі - засталіся тарэц, некалькі метраў сцен, падвалы і кучы цэглы. Ці мог быць іншы шлях у вырашэнні такой сітуацыі? Меркаваннем падзяліўся краязнаўца і гісторык Мечыслаў Супрон.

“Шчыра кажучы, такога развіцця падзей я чакаў. Як толькі з’явіліся рэндары будучага праекта, было адразу бачна, што будынак будзе значна рэканструяваны (перабудаваны). Але я спадзяваўся, што хаця б 50% ад арыгінальных канструкцый захаваюць”, - сказаў Мечыслаў Супрон, які сачыў за лёсам будынкаў.

Фота: sputnik.by

Будынкі на Шчорса не маюць статусу гістарычнай каштоўнасці і не ўваходзяць у ахоўную зону гістарычнага цэнтра Гродна. На гэта спасылаўся і прадстаўнік кампаніі-забудоўшчыка “Палессежылбуд”, кажучы, што парушэнняў няма. Але абедзве казармы маюць статус шэраговай гістарычнай забудовы. Як і іншым падобным будынкам у Гродне, ім надалі яго для таго, каб захоўваўся архітэктурны краявід горада.

Безумоўна, яны заслугоўваюць большай увагі і аховы, перакананы гісторык. “У Беларусі будынкаў XIX ст. і так няшмат. А тут - захаваны ў першапачатковым выглядзе, гэта вялікая рэдкасць для краіны. У Польшчы і Літве падобныя пабудовы старанна захоўваюць, прыстасоўваюць пад аб’екты грамадскага прызначэння”. 

Як можна было абараніць будынак?

Іншае выйсце, акрамя зносу, было - але толькі ў выпадку, калі б было жаданне інвестара максімальна захаваць аўтэнтыку. Але гэта заўсёды патрабуе большых выдаткаў: дадатковыя інжынерныя вырашэнні, умацаванні апорных сценаў - будынку пад 150 год! Забудоўшчыкі пайшлі найбольш танным шляхам - знесці і пабудаваць навабуд.

Гарадскія ўлады маглі і абавязаны былі прапісаць у рэгламенце неабходнасць захаваць будынак, перакананы гісторык. Магчыма, гэтага не зрабілі, каб пашырыць кола патэнцыйных пакупнікоў. “У чыноўнікаў іншая логіка: пазбавіліся запусцелага “бясхознага” будынка, прывабілі інвестара, атрымалі ў гарадскі бюджэт грошы, далі людзям новыя працоўныя месцы - адныя плюсы”.

За мяжой, напрыклад, у Літве і Польшчы, жорсткія рэгламенты аховы гістарычнай забудовы, мноства фірмаў-канкурэнтаў, якія займаюцца рэстаўрацыяй, вялікая колькасць спецыялістаў, пералічыў гісторык. Інвестар, набываючы гістарычны аб’ект, будзе цалкам прывязаны да заканадаўства і не зможа пры сваім жаданні яго перабудаваць або знесці.

Любы будынак пад пагрозай

У Гродне іншая сітуацыя. “Сучасныя рэаліі паказваюць, што не важна, ці перад намі шэраговая гістарычная забудова, ці помнік архітэктуры. У любы дзень можа прыехаць будаўнічая тэхніка і зруйнаваць будынак, а замест яго пабудаваць муляж з пенаблокаў. Такім чынам у Гродне “зрэканструявалі” (лічы зруйнавалі) ужо вельмі шмат будынкаў. Парадаксальна, але многія з іх [пасля перабудовы] маюць на сабе ахоўныя табліцы як помнікі архітэктуры і шэраговая гістарычная архітэктура. Гэта нонсэнс для еўрапейскай традыцыі аховы помнікаў”.

Такім жа чынам у Гродне, не зважаючы на пратэсты, у 2007 г. зруйнавалі флігель палаца віцэ-адміністратара на Горкага, 2а (XVIII ст., пабудаваны па праекце Джузэпэ Сака). Гэта быў адзін з нямногіх ацалелых будынкаў Гарадніцы часоў Тызенгаўза. Замест яго з газасілікатных блокаў узвялі дамавую царкву. Да арыгінальнай часткі аднапавярховага будынка на Маркса, 24 (1889 г., падвалы - XVIII ст.) у 2014 г. прыбудавалі два паверхі. ГЦ "Аўгустоўскі" на Ціміразева, 10/1 збудавалі на месцы старога млына, знесенага ў 2007 г. Млын ён нагадвае толькі агульнай формай. У 2016 разабралі і ўзвялі наноў будынак на Маркса, 22 (2 пал. ХІХ ст.), унесены ў рэспубліканскі спіс помнікаў архітэктуры. Зруйнавалі і адбудавалі наноў са зменамі будынкі па Вялікай Траецкай, 42 (1889 г. п.), Вялікай Траецкай, 11 (2 пал. ХІХ ст.), Сацыялістычнай, 22, (1899 г.п.), Найдуса, 1 (1880 г.п.) і шэраг іншых. 

Усё ж нават у выпадку будынкаў, размешчаных у зоне аховы гістарычнага цэнтра, многае залежыць ад інвестара. Сярод станоўчых прыкладаў апошняга часу - “Дом рыбака” і гродзенскі піўзавод. У апошнім таксама змянілі праект пасля пачатку прац, але на карысць спадчыны. Рэканструктары адкрылі ў будынку бровара XIX ст. архітэктуру палаца XVII ст., з якога ён быў калісьці перабудаваны, і вырашылі аднаўляць больш ранні будынак. Праз гэта давялося істотна зрушыць тэрміны будаўніцтва. “Гэта яскравы прыклад таго, як інвестар з вялікай адказнасцю аднёсся да будынка, вырашыў максімальна захаваць аўтэнтыку і зрабіць гэта фішкай сваёй інвестыцыі”.

Ці можна яшчэ ўратаваць другую казарму?

Другая з прададзеных “Палессежылбуд” казарм яшчэ не прайшла неабходныя экспертызы, дазвол на будаўніцтва яшчэ не атрыманы. Але прадстаўнік забудоўшчыка ўжо сказаў, што яе таксама будуць дэмантаваць, маўляў, цэгла таксама не адпавядае патрабаванням. Тым не менш яшчэ ёсць сэнс паспрабаваць уратаваць другі будынак, лічыць Супрон.

“Важна, каб у адпаведныя органы былі скіраваны заўвагі і прапановы. Чыноўнікі не любяць каб прыцягвалася залішне ўвагі для падобных пытанняў, тады яны пачынаюць варушыцца. Ідэальны варыянт для чыноўнікаў - калі грамадства маўчыць”.

Шлях да зносу

Прадаваць захаваныя ў аўтэнтычным выглядзе царскія казармы спрабавалі яшчэ ў 2016 г. Будынкам на Шчорса, 2 ніхто не цікавіўся, хоць кошт скінулі да 1 базавай. На Шчорса, 4 яшчэ да 2020 г. жылі людзі - пераважна, сем’і вайскоўцаў. Шчорса, 2 пуставала. 

У 2020 людзей пастанавілі рассяліць і з новымі сіламі выставіць будынкі на аўкцыён. Першапачаткова ва ўмовах продажу была забарона на неабгрунтаваную змену характару архітэктуры фасада шэрагавай гістарычнай забудовы, да якой аднесены казармы. 

У 2022 г. цану скінулі на 80%. Казармы купіў забудоўшчык з Брэсту - “Палессежылбуд”. Будынкі вырашылі рэканструяваць пад элітнае жытло з гаражамі на цокальным паверсе. Планавалі пашырыць вокны, што парушыла б адпаведнасць гістарычнаму выгляду. Грамадскасць звяртала на гэта ўвагу, але праект не змянілі. 

Справаздачу па АУНА выстаўлялі на абмеркаванні двойчы: другі раз у верасні 2023 г. Тады павялічылі паверхавасць. Пра магчымасць зносу не паведамлялі публічна, але пра дэмантаж было напісана ў АУНА на 268 старонак, апублікаваным у кастрычніку. Працы пачалі ў ліпені 2023 г. У сакавіку 2024 г. 140-гадовая гісторыя казармы раптоўна скончылася зносам. У гарвыканкаме сказалі, што ўсё законна, а забудоўшчык паабяцаў выкарыстаць цэглу ў драблёным выглядзе пры ўнутранай аддзелцы, магчыма - цэлы пры вонкавай абліцоўцы.

Што засталося нам

Ад будынка застаўся тарэц з боку дарогі і часткі фасадаў даўжынёй у некалькі метраў. Ужо пасля грамадскага розгаласу забудоўшчык паабяцаў паспрабаваць умацаваць тое, што засталося, і “паглядзець, як будзе паводзіць сябе пры будаўніцтве”. Магчыма, гэтую частку захаваюць. Але ці будзе яна візуальна вылучаная пры вонкавай аддзелцы - адказу пакуль няма.

Report Page