Уладзіслаў Фрасынюк пра арганізацыю барацьбы з таталітарызмам

Уладзіслаў Фрасынюк пра арганізацыю барацьбы з таталітарызмам

Хватит бояться!

Наш падпісант даслаў нам вось такія цікавыя ўспаміны й парады аднаго са стваральнікаў польскай "Салідарнасці":

Размаўляў з адным са стваральнікаў "Салідарнасці" Уладыславам Фрасынюком за год да выбараў. Яго неаднаразова арыштоўвалі, збівалі, некалькі гадоў ён правёў у турме. У вольнай Польшчы быў дэпутатам, лідэрам партыі і кіраўніком баксёрскага клубу. Вось тузін тэзісаў:

Władysław Frasyniuk

👊 Рэцэпт вельмі просты. Каб перамагчы, трэба спачатку мець погляды і каштоўнасці. Трэба мець пачуццё, што я хачу жыць у сумленнай краіне, каб жыць у гэтай краіне сумленна. Для мяне такімі каштоўнасцямі з'яўляюцца рынкавая эканоміка і талерантнасць. Дапамагчы ў гэтым можа адукацыя. Яна выхоўвае павагу да каштоўнасцяў і прынцыпаў.

👊 Другая справа — арганізацыя. Чаму перамагла "Салідарнасць"? Бо яна стварыла магутную арганізацыю. А арганізацыя — гэта грошы. Бяз гэтага не пераможаш. Сёння людзі, якія патэнцыйна маглі б мяняць сістэму, сядзяць у Фэйсбуку і лічаць свае лайкі. Збяруць 100 тысяч лайкаў і думаюць, што ўсё окей і што яны зрабілі нешта важнае. Але важнае — пачуццё супольнай місіі. Я не разумею, чаму ў вас на выбары ідзе пяцёра кандыдатаў, а не адзін. У мяне тады складаецца ўражанне, што гэта Расея іх туды ўвапхнула. Вядома, што з такім падзелам нічога ня будзе.

👊Трэба ўмець дамаўляцца і спалучаць маладосць з досведам. Мне было 26 гадоў, я быў рабочым, але я не баяўся запрасіць да супрацы прафесараў. Я ведаў, што яны валодаюць ведамі, якіх няма ў мяне. А я ўмеў тое, чаго ня ўмелі яны, стварыць арганізацыю.

👊Ні ў кога няма выключнага права на праўду. Увесь час трэба размаўляць і слухаць.

👊 Ад рэпрэсіяў ці гвалту мяне часам бараніла публічнасць. Трэба пра ўсе такія выпадкі, ці спробу вярбоўкі, гаварыць заўсёды на ўвесь голас.

👊 Не трэба мець комплексаў. Што з таго, што нехта ведае 17 моваў, калі на аніводнай яму няма чаго сказаць. Я ведаю нямала прафесараў, поўных ідыётаў. Іх адзіная перавага — гэта тое, што іх слоўнікавы запас большы, чым у шафёра або слесара. Таму і складаней зразумець, што ён ідыёт.

"Салідарнасць" таксама не была цалкам аднароднай. Але ў нас была лаяльнасць да лідэраў страйку. Лідэрства палягае на тым, што мы слухаем адзін аднаго, што мы ўмеем ісці на здаровыя кампрамісы, без каньюнктуралізму. Бо сварыцца паміж сабою пад аўтарытарнай уладай — гэта значыць змяншаць шанцы на перамогу над гэтай сістэмай. А калі ў вас ужо будзе дэмакратыя, то сварыцеся колькі заўгодна.

👊 Некаторыя мае былыя паплечнікі, якія крытыкуюць мяне за ўдзел у "круглым стале", крычаць, што нельга было дамаўляцца з камуністамі. Праблема ў тым, што я не прыгадваю, каб гэтыя радыкалы падарвалі хаця б адзін трамвай ва Ўроцлаве або ўчынілі самасуд над міліцыянтам. Калі радыкаламі былі яны, то чаму прысуд за збіццё начальніка турмы атрымаў я? 

👊 З турмы я вынес навуку, што найбольш трэба баяцца слабых і баязліўцаў. У турме былі ахоўнікі, якія мяне фізічна баяліся. Але калі яны заходзілі ўшасцёх, то былі бязлітаснымі. Не моцныя былі жорсткімі, якія мелі ўладу і самаўпэўненасць, а менавіта слабакі. Натоўп баязліўцаў — вялізная пагроза. Гэты натоўп у страху будзе катаваць, таптаць і забіваць. Страх — гэта жахлівы рухавік для накручвання агрэсіі. Менавіта слабыя першымі ўключаюць агрэсію, каб схаваць сваю слабасць.

Падчас першай адседкі адзін стары крымінальнік сказаў мне: "Калі ты ўмееш лічыць, то разьлічвай толькі на сябе". Гэта геніяльная думка і ня толькі пра турму. Гэта прынцып кожнага грамадзяніна. Не глядзі на іншых. Гэта ты павінен вырашаць, ці ісці на рызыку, рабіць тое або гэта. Разлічвай толькі на сябе. А потым гэта дапаможа знайсці табе партнёраў сярод суседзяў, на працы і гэтак далей. Так і нараджаецца салідарнасць.

Report Page