У нас будзе шэлтар!

У нас будзе шэлтар!

Асацыяцыя "Талака"

Шэлтар — тое месца, куды трапляюць людзі, якія вымушана пакінулі свае дамы. Палітычная сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, а рэлакацыя з эканамічных і іншых прычын амаль ідзе ў нагу рэлакацый палітычнага характару. Беларусы рассыпаюцца па ўсім свеце, аднак палітычныя ўцекачы — уразлівая катэгорыя людзей, якія шукаюць сваё месца на зямлі, і да такога наплыву беларусаў пасля выбараў 2020 года аніводная краіна свету гатовай не была.

Мы маем на мэце дапамагаць тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю праз палітычны пераслед у Беларусі.

Кіраўніца асацыяцыі "Талака" Юлія Юхно больш падрабязна расказала пра адкрыццё шэлтара.

Юлія Юхно

Як з'явілася ідэя адкрыць шэлтар у Італіі?

Мы маем вялікія праблемы з прыёмам людзей. Іх няма дзе і куды прымаць, у літаральным сэнсе. У надзвычайных абставінах мне даводзілася прымаць людзей у сябе. Я паглядзела, як цяжка людзям знайсці нейкае месца — ці то ў "Карытасе" (рэд. Caritas — міжнародная каталіцкая дабрачынная арганізацыя), ці то ў іншых праграмах. Я падумала, што патрэбна месца, дзе б беларусы маглі выдыхнуць пасля перажытага, каб можна было спакойна прайсці неабходныя для падачы на ўцякацтва працэдуры, сабраць неабходны пакет дакументаў для пошуку працы. Дарэчы, ў Італіі можна працаваць праз 60 дзён пасля падачы на ўцякацтва.

Які будзе тэрмін пражывання у шэлтэры?

Гэта не будзе месцам, дзе можна жыць гадамі. Пакуль людзі не знойдуць працу, не ўладкуюць усе справы з першаснымі дакументамі, — яны могуць заставацца ў шэлтары. Немагчыма будаваць новае жыццё, калі табе няма дзе жыць. А з якімі фінансавымі магчымасцямі людзі выязджаюць з краіны? Мы даём магчымасць перабыць у цяпле і клопаце гэты цяжкі час, калі людзі адно і маюць — невядомасць і страх перад будучыняй.

У гэты ж час мы плануем усімі магчымымі і немагчымымі спосабамі зрабіць так, каб людзі тарплялі ў праграмы падтрымкі ўцекачоў. Гэта вельмі складана. Апошні выпадак — мы 4 месяцы намагаліся гэта зрабіць для адной беларускай сям'і. Тут вельмі шмат бюракратычных момантаў, што займаюць час і патрабуюць высілкаў. Таму што, на жаль, беларусы тут не ў прыярытэце. Мы ў чарзе за людзьмі, якія плывуць у Італію на чоўнах і ўцекачамі з Украіны.

А яшчэ мы будзем спрыяць таму, каб людзі як мага хутчэй вучылі італьянскую мову. Мы маем пэўныя планы на моўныя курсы, але пра тое мы раскажам іншым разам, бо працэс арганізацыі пакуль трывае. Мы мяркуем, што час, праведзены ў шэлтары, няблага выкарыстаць, каб падвучыць мову.

Як рэагавалі прадстаўнікі італьянскіх адміністрацый, калі Вы ўздымалі тэму неабходнасці шэлтара?

А яны заўсёды рэагуюць пазітыўна, калі ты да іх прыходзіш! (смяецца) Тут праблема не ў рэакцыі, а ў тым, як дайсці да мэты. Праца над адкрыццём шэлтара пачалася яшчэ год таму.

Адпачатку Fondazione cassa di risparmio di Firenze далі нам грошы на адкрыццё шэлтара, але іх хапіла толькі для пакрыцця самых неабходных выдаткаў. Думаю, візіт Святланы Ціханоўскай у Італію паспрыяў вырашэнню гэтага пытання. Аднак агулам гэта праца многіх, многіх людзей, у тым ліку італьянцаў. Ну і наша! (смяецца)

Падчас візіту Святланы Ціханоўскай ў Фларэнцыю

Ці маеце вы патрэбу ў фінансавай падтрымцы на тое, каб уладкаваць жытло?

Пакуль мы чакаем, калі жытло пакінуць іншыя жыхары. Але потым мы будзем звяртацца да грамадскасці па дапамогу — у жытло такога кшталту заўсёды штосьці трэба. Фінансаванне не пакрывае бягучыя расходы, кшталту "парвалася пасцельная бялізна" ці "зламаўся электрачайнік". Нам вядома, што там не будзе мэблі — трэба будзе нешта думаць, дзе яе ўзяць, як прывезці. Таму і засяленне першых жыхароў залежыць ад таго, як хутка мы зможам зрабіць жытло годным і ўтульным.

Як думаеце, ці шмат людзей будзе звяртацца па дапамогу — пажыць у шэлтары?

Гэта не будзе такім месцам, як напрыклад, шэлтар у Вільні ці Варшаве. Зразумела, што там людзей будзе больш. Аднак мы не імкнемся да нейкіх рэкордаў па прыёме ўцекачоў — нам трэба дапамагчы нават тым нешматлікім беларусам, якія прыязджаюць у Італію. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца.


Report Page