"У будаўніцтве вы нават дзірку ў сцяне без імпартнага перфаратара зрабіць не зможаце". Эканаміст Аляксей Харкевіч -- пра перспектывы жыцця ва ўмовах ізаляцыі ад глабальнай эканомікі

"У будаўніцтве вы нават дзірку ў сцяне без імпартнага перфаратара зрабіць не зможаце". Эканаміст Аляксей Харкевіч -- пра перспектывы жыцця ва ўмовах ізаляцыі ад глабальнай эканомікі

Штодзень

Гомельскі эксперт Аляксей Харкевіч падзяліўся сваім меркаваннем пра тое, як санкцыі ўдараць па беларускай гаспадарцы. І ці ёсць шанс у эканомікі Беларусі “ўтрымацца на плаву”?





За 2020-ты, свой апошні год у Беларусі, я суправадзіў інвестыцыйных праектаў прыкладна на 40 мільёнаў еўра. І ніводзін з іх не прадугледжваў выкарыстанне беларускіх ці расійскіх тэхналогій.


Вы ганарыцеся нашай “малочкай”, але яна мадэрнізавана за кошт еўрапейскіх тэхналогій. Малако пакуецца ў шведскі Tetra Pak, для сыроў выкарыстоўваюцца імпартныя бактэрыі і закваскі. Вы ганарыцеся нашай сельскай гаспадаркай? Але там усё трымаецца на імпартным насенні. Ці засталося што-небудзь ад уласнага насеннага фонду - вялікае пытанне.


У будаўніцтве вы нават дзірку ў сцяне без імпартнага перфаратара зрабіць не зможаце. А яшчэ тамака лакі, фарбы і іншая хімія, формулы якой мы ніколі і не ведалі.


У нас працуе імпартная высокатэхналагічная тэхніка, якая кіруецца праз спадарожнік з-за мяжы. Варта ў ЗША націснуць на кнопку і Caterpillar, які працуе ў Беларусі, замрэ назаўжды.


За 30 гадоў мы прайшлі вялізны шлях, каб убудавацца ў сусветную эканоміку. Калі зараз разарваць гэты ланцуг, то выйдуць з ладу не 1-2 звёны, а прыкладна палова ўсяго ланцуга. Вярнуць, як было, ні за год, ні за 10 год будзе немагчыма. Расія разам з Беларуссю будуць адкінуты прыкладна на паўстагоддзя таму. У тыя часы, па якіх настальгуюць цяперашнія бабулі і дзядулі.


І калі вы думаеце, што ў нас ёсць навукоўцы, дзякуючы якім мы гадоў за 10-15 усё навярстаем, то хачу вас засмуціць. У нас навукі няма (...) І не трэба спадзявацца на Расію, там ідуць такія ж працэсы, проста праз маштабы краіны там яшчэ ёсць таленавітыя навукоўцы. Але за кошт гэтага можна аднавіць 1-2 звёны разарванага ланцуга, але ніяк не палову.


Крах ад пуцінскай “дэнацыфікацыі” будзе мацнейшым, чым ад гарбачоўскай Перабудовы. Таму што 30 гадоў таму меўся вялізны зачын мінулых пакаленняў, а зараз яго няма.



Штодзень, крыніца: ФБ-акаўнт Аляксея Харкевіча


Report Page