У Расіі – 18 экстрэмістаў, у нас – 6 тысяч?

У Расіі – 18 экстрэмістаў, у нас – 6 тысяч?

Народная Воля

Дзмітрый Гора, старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь:

– Чвэрць усіх крымінальных спраў, якія былі ўзбуджаны па экстрэмісцкай накіраванасці, накіраваны ў суды за 10 месяцаў бягучага года. Гэта значыць, у гэтым кірунку ў нас адзначаецца станоўчая тэндэнцыя.

 

Шок, шок, шок

Краіна ў шоку ад колькасці прыгавораў, якія ўжо вынесены па так званых справах “экстрэмісцкай накіраванасці”, а аказваецца, што гэта быў толькі пачатак. Як вынікае са слоў кіраўніка Следчага камітэта, да судоў дайшла толькі чацвёртая частка такіх спраў. Гэта значыць, што тры чвэрці яшчэ наперадзе.

Нагадаем, што ў так званым “спісе экстрэмістаў”, які складае МУС, ужо больш за паўтары тысячы прозвішчаў. Толькі на мінулым тыдні Міністэрства унутраных спраў папоўніла яго на 178 чалавек. 28 кастрычніка ўвогуле быў рэкорд – у спіс былі ўнесены адразу 625 прозвішчаў.

Як тлумачыў начальнік аддзела Галоўнага упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасю і карупыяй МУС Беларусі Вячаслаў Арлоўскі, ў гэты спіс ўключаюцца грамадзяне, ў дачыненні да якіх маецца прыгавор суда, які ўступіў у законную сілу.

Такім чынам, нецяжка падлічыць, колькі “экстрэмістаў” на падыходзе. Калі паўтары тысячы гэта чвэрць, то тры чвэрці – гэта 4,5 тысячы чалавек. Усяго будзе 6 тысяч чалавек.

Што і казаць – гэта жах! Асабліва калі параўнаць беларускую сітуацыю з суседзямі, нават зусім не дэмакратычнымі.

Вы ведаеце, колькі расіян уключана у аналагічны нашаму “экстрэмісцкі спіс” Расійскай Федэрацыі? У Расіі, дзе і стральба ў цэнтры Масквы не рэдкая навіна, і падрывы-падпалы розных аб’ектаў часцяком здараюцца, і Каўказ зусім не спакойны…

Дык вось, у расійскім спісе ўсяго 18 расіян.

Ці гэта не лепшы доказ таго, што нешта не тое творыцца ў нашай дзяржаве з так званымі справамі “экстрэмісцкага кірунку”? Ці гэта не сведчанне таго, што ў Беларусі і следства, і суды бачаць экстрэмізм там, дзе яго няма?

Дарэчы, многіх цікавіць, навошта ўвогуле МУС складае спіс экстрэмістаў? І якія наступствы для тых, хто ў яго трапіў?

Такія спісы – міжнародная практыка. Іншая справа, што беларускія крытэрыі, па якіх чалавека ўключаюць у спіс, адрозніваюцца ад міжнародных.   

Дык вось, грамадзянам, уключаным у спіс экстрэмістаў, да пагашэння судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля пагашэння судзімасці забараняецца займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў, педагагічнай дзейнасцю, выдавецкай дзейнасцю, а таксама займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу. Акрамя таго, фінансавыя аперацыі такіх грамадзян падлягаюць асабліваму кантролю.

Што тычыцца замежнікаў, уключаных у названы пералік, то ім можа быць адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь.

Ірына МАЛЬЦАВА.

Публікацыя з № 96 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.



Report Page