У Польшчы заявілі пра наўпроставыя перамовы з Беларуссю аб вызваленні Пачобута

У Польшчы заявілі пра наўпроставыя перамовы з Беларуссю аб вызваленні Пачобута

«Белсат»

У Польшчы не сціхаюць спрэчкі вакол нядаўняга абмену паміж Расеяй і Захадам, у выніку якога Варшава аддала расейскага шпіёна, але, як сцвярджае апазіцыя, не атрымала нічога ўзамен, хаця магла выцягнуць з беларускай турмы журналіста Анджэя Пачобута. Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна на гэта адказаў, што перамовы аб вызваленні палітвязня трываюць наўпрост з Менскам, перадае Польскае прэсавае агенцтва (PAP).

Анджэй Пачобут. Крыніца: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Абмену паміж Захадам і Расеяй, у якім паўдзельнічалі таксама Польшча і Беларусь, прысвяцілі дыскусію ў выданні тэлеканалу «Polsat» 4 жніўня. У эфіры паспрачаліся Павэл Яблоньскі і Анджэй Шэйна, былы і цяперашні намеснікі міністра замежных справаў Польшчы, перадае Польскае прэсавае агенцтва.

На закіды, што Варшава аддала расейскага агента і нічога не атрымала, Шэйна адказаў, што гэты абмен быў аперацыяй пад кіраўніцтвам ЗША, хаўрусніка Польшчы ў NATO.

«Мы ўзялі пад увагу, падтрымалі і дзеялі ў адпаведнасці з просьбаю адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна», – сказаў польскі дыпламат.

Паводле яго, перамовы насамрэч былі расейска-амерыканскімі, «і Беларусь не была ў іх улучаная».

«Пытанне, звязанае з вызваленнем усіх палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, развязваецца ў іншым рэжыме перамоваў, наўпрост з Беларуссю», – заявіў Анджэй Шэйна, запэўніўшы, што кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі ўзнімае праблему беларускіх палітвязняў на кожнай нарадзе ў міністэрстве.

Пры гэтым Павэл Яблоньскі запярэчыў, што Берліну ўдалося выцягнуць з беларускай турмы нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, асуджанага на смерць.

«Спадар Шэйна сказаў, што гэта былі расейска-амерыканскія перамовы, аднак Крыгер быў у Беларусі, а не ў Расеі. Мы цяпер у такой сітуацыі, што перадалі аднаго важнага афіцэра ГРУ і не вызвалілі ніводнага польскага палоннага», – адзначыў былы намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы.

Палітзняволеная Марыя Калеснікава. Фота: Раміль Насібулін/ БелТА/ ТАСС

1 жніўня ў Анкары адбыўся буйны абмен, у выніку якога Расея вызваліла 16 асобаў, у тым ліку карэспандэнта «The Wall Street Journal» Эвана Гершкавіча, былога амерыканскага марскога пехацінца Пола Ўілана, расейскіх палітыкаў і актывістаў. Крэмль атрымаў восем асобаў, у тым ліку агента, асуджанага ў Нямеччыне на пажыццёвы тэрмін за палітычнае забойства, Вадзіма Красікава – самага важнага для Масквы фігуранта. Медыі пісалі, што без яго Расея не хацела абмену. Дадому таксама вярнуўся шпіён Павел Рубцоў, якога аддала Польшча.

У гэтую гісторыю была ўцягнутая і Беларусь, дзе нібыта за тэракт асудзілі на смерць, а потым памілавалі немца Рыка Крыгера. З увагі на гэта ўзнікла пытанне, ці мог Захад дамагчыся вызвалення каго-кольвек з беларускіх палітвязняў.

Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка сцвярджаў, што «без вызвалення беларускіх палітвязняў, прынамсі з гуманітарнага спісу, вызвалення нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, Міколы Статкевіча, Марыі Калеснікавай і многіх іншых, такі абмен не можа лічыцца справядлівым у дачыненні беларускага грамадства».

Аднак у Офісе абранай прэзідэнткі заявілі, што ў гэтых перамовах удзелу не бралі, гэтак жа, як і ўлады ў Менску:

«Мы не ўдзельнічалі ў гэтых перамовах і маем абмежаваную інфармацыю. На жаль, у нас няма сведчанняў, што гэты абмен можа ці мог бы прывесці да вызвалення беларускіх палітвязняў. Відавочна, што гэта былі перамовы з Масквою, і Менск у іх не ўдзельнічаў. Натуральна, абмен дзеля вызвалення падразумявае, што ёсць на каго ці што абменьваць. І гэта адрознівае беларускую сітуацыю ад расейскай».

Анджэй Пачобут – актывіст польскай меншасці, журналіст. Ён асуджаны ў Беларусі на восем гадоў нібыта за распальванне варожасці і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.

Сцяпан Кубік, «Белсат»

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале

Report Page