У Курскую вобласць увайшло праслаўленае танкавае падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў

У Курскую вобласць увайшло праслаўленае танкавае падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў

Белсат
Фота: Підрозділ ТУР 225 ОШБ

Адное з падраздзяленняў ЗСУ ў Курскай вобласці – гэта танкавае падраздзяленне «Тур» у складзе 225-га Асобнага штурмавога батальёну (АШБ). Касцяк «Туру» складаюць беларускія добраахвотнікі. Яны здабылі для Украіны ўнікальны трафей.

Ва ўкраінскім 225-м АШБ беларусы стварылі асобнае танкавае падраздзяленне «Тур».

«Камандаванне тое, што ў нас ёсць беларускае падраздзяленне ў 225-м АШБ, успрыняла вельмі пазітыўна і добра. І, дзякуй Богу, гэта дае свае вынікі. Мы паказваем фенаменальны вынік. Камандаванне гэта бачыць і цэніць», – кажа Жэрар, камандзір аддзялення эвакуацыі цяжкай тэхнікі 225-га АШБ.

Каманда нашай праграмы «Ваяры» размаўляла з Жэрарам увесну. Ягонае падраздзяленне тады адзначылася тым, што ўпершыню здабыла сучасны расейскі танк Т-90М «Прарыў-3». Гэтая мадыфікацыя – адна з найноўшых расейскіх распрацовак.

«Спадзяюся, што нашая аперацыя з Т-90М «Прарыў-3» застанецца ў гісторыі, таму што гэта сапраўды ўнікальны танк і аперацыя была найскладанейшая. Я вельмі рады, што ў нас атрымалася гэта зрабіць», – кажа Жэрар.
Фота: стоп-кадр з праграмы «Ваяры», Белсат

У канцы 2022 года 3-і АШБ падбіў расейскі Т-90М «Прарыў-3», пашкодзіўшы яго рухавік. Танк не згарэў і застаўся стаяць на полі бою. У наступныя восем месяцаў розныя брыгады ЗСУ прабавалі забраць яго 12 разоў, але ўсё было марна.

Здабыць гэты трафей змог 225-ы АШБ. Жэрар вельмі цешыцца, што гэта адбылося пры ўдзеле беларусаў. Аперацыя заняла чатыры месяцы і патрабавала каардынацыі высілкаў вялікай колькасці людзей: мінамётнікаў, дранаводаў, пяхоты, эвакуатараў, сувязістаў і танкістаў. Толькі шостая спроба скончылася паспяхова.

«Танк гэты вельмі ўнікальны, таму што Т-90М «Прарыў-3» – іх усяго, здаецца, было выраблена каля 20-22 штук, – тлумачыць значэнне здабычы Жэрар. – І ва Украіне гэта першы «затрафеены» Т-90М «Прарыў-3», каторы цэлы. Менавіта з цэлым абсталяваннем і каторы можна адрамантаваць».

Жэрар раней ужо меў досвед дзёрзкіх эвакуацыйных аперацыяў, набыты падчас службы ў палку імя Кастуся Каліноўскага. Пра некаторыя ён нам распавёў. Самая зухаватая – калі беларускія ваяры сагналі танк Т-64 з-пад носа ў расейцаў.

Расейскі экіпаж кінуў свой танк за 200-250 метраў ад пазіцыяў сваёй пяхоты, не зрабіўшы ніводнага стрэлу. Пра гэта каліноўцы даведаліся ад сумежнікаў – падраздзялення, супраць якога дзеяў гэты Т-64. Машына выглядала непашкоджанаю, таму беларусы пастанавілі паспрабаваць яе сагнаць.

Фота: стоп-кадр з праграмы «Ваяры», Белсат

Каб высветліць, што сталася з танкам, каліноўцы незаўважна пракраліся да кінутай машыны. Аказалася, што танк мог ехаць сам, але яму не хапала паліва.

Тры ночы, штурхаючы перад сабою каністры, беларусы цягалі паліва і залівалі яго ў бакі танка, агулам 250 літраў. І ўсё гэта ўпотай ад расейцаў, якія пільнавалі свой кінуты танк.

У агавораны момант сумежнікі каліноўцаў закідалі пазіцыі ворага «дымамі» з трох мінамётаў і 122-мм гаўбіцы Д-30. Карыстаючыся перапалохам у расейскіх акопах, беларусы завялі танк і як мага хутчэй з’ехалі адтуль да сваіх.

Цяпер падраздзяленне «Тур» выконвае задачы ў Курскай вобласці. У сваім тэлеграм-канале танкісты пішуць:

«Падраздзяленне з беларусамі працуе: трыкалоры падаюць на зямлю, расейцы здаюцца ў палон, а «Ахмат» – проста чай. Дыктатуры абавязкова падуць! І мы ў гэтым бяром непасрэдны ўдзел!»

Report Page