У Грузіі памерла маладая айцішніца з Беларусі. Што кажуць у кампаніі?
Праект "1906"Гісторыю смерці маладой айцішніцы з Беларусі Кацярына Кручок інтэрнэт абмяркоўвае ўжо некалькі тыдняў. "Памерла ад працы", — такая версія разышлася сярод карыстальнікаў. Дзяўчына працавала ў кампаніі HQ Software. Адвакат кампаніі Антон Гашынскі пракаментаваў сітуацыю на запыт праекта «1906».
Адвакат HQ Software расказаў, што ўнутры кампаніі праходзіць праверка, па заканчэнні якой «будзем звяртацца ў суды для абароны гонару і годнасці, а таксама дзелавой рэпутацыі кампаніі».
Ён падкрэслівае, што наяўнасць прычынна-выніковай сувязі паміж працай Кацярыны ў кампаніі і яе смерцю не вызначаная заключэннем спецыялістаў альбо прысудам суда.
Гашынскі кажа, што калектыў кампаніі дапамог сям'і фінансава, а кіраўніцтва аплаціла пералёт у Грузію.
«У гэтым паляванні на вядзьмарак згубілася сама трагедыя — раптоўная і трагічная смерць Кацярыны. Дзе былі тады ўсе яе сваякі і яе бацькі? Дзе былі дактары? Яе сябры і бойфрэнд? Мы нікога не судзім і не асуджаем. Але ў гэтай гісторыі пытанні паўстаюць да ўсіх датычных», — кажа Гашынскі.