У Гродне ўратуюць ад разбурэння капліцу генерала Русаў на вайсковых могілках. Гэта найстарэйшы іх аб’ект

У Гродне ўратуюць ад разбурэння капліцу генерала Русаў на вайсковых могілках. Гэта найстарэйшы іх аб’ект


Urban Hrodna

Лютэранская капліца-пахавальня генерал-маёра Аляксандра Русаў на Вайсковых могілках на вул. Белуша дачакалася аднаўлення. Працы будуць праведзеныя ў межах бягучага рамонту, каб захаваць пабудову на будучыню.

Капліца Русаў - зараз найстарэйшы аб’ект на вайсковых могілках - знаходзіцца ў кепскім стане, з яе абвальваецца плітка. Яна была збудаваная ў стылі эклектыкі з элементамі рэтраспектыўна-гатычнага стылю. 

Капліца-пахавальня. Фота: Facebook Ірына Варкулевіч

Грошы на аднаўленне капліцы шукала лютэранская абшчына з 2019 года. Зараз фінансаванне вылучылі ў рамках дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2021-2025 гг. Аб'ём работ запланаваны невялікі, але патрэбны для таго, каб капліца працягнула існаваць, распавяла Urban Hrodna архітэктар Алена Шчасная, навуковая кіраўнічка аб'екта.

Галоўнае - абараніць капліцу ад вады

У капліцы збіраюцца аднавіць дах, кладкавыя швы і вадасцёкавую сістэму: калісьці вадасцёкі зніклі і зараз вада сцякае проста па сценах, руйнуючы іх. Таксама зробяць адмостку па перыметры капліцы, заменяць страчаныя цэглу на кутніх карнізах, зашкляць захаваныя металічныя пераплёты вокнаў, адрэстаўруюць металічныя дзверы. 

Абследаванне капліцы-пахавальні. Фота: Facebook Ірына Варкулевіч

Таксама плануюць узнавіць страчаныя каменныя крыжы з ружовага граніту і дэкаратыўныя разеткі з пясчаніку паводле захаваных аналагаў, магчыма аднаўленне ўваходнага ганка.

Капліца-пахавальня. Фота: Facebook Ірына Варкулевіч

"Калі хопіць грошай, зробім больш. Але ўсё даражэе, калі праграма ["Культура Беларусі"] фармавалася, цэны на матэрыялы былі адны, зараз - іншыя. Будзем глядзець, што трэба ў першую чаргу", - патлумачыла Алена Шчасная.

Чаму важна захаваць капліцу

Зараз нашчадкаў Русаў не засталося, сачыць за пахаваннем няма каму. У 2019 годзе на капліцы з’явіліся таблічкі пра небяспеку падыходзіць бліжэй за 10 м - з помніка абвальвалася плітка і цэгла. Сродкі на рэстаўрацыю тады шукала сучасная гродзенская абшчына лютэран, але рэстаўрацыя не пачалася.

Капліца не толькі найстарэйшы аб'ект на могілках, але і частка архітэктурнай спадчыны горада, якую важна захаваць.

"Архітэктурная спадчына – гэта маркеры развіцця горада ў розныя перыяды і стагоддзі, якія адлюстроўваюць узровень жыцця гараджан, тэхналогіі будаўніцтва, нацыянальны склад насельніцтва і канфесіі, якія пераважаюць, правілы ўшанавання і захавання памяці тых, хто пайшоў у іншы свет", - лічыць Алена Шчасная.

Абследаванне капліцы-пахавальні. Фота: Facebook Ірына Варкулевіч

Хто такі генерал Русаў

Аляксандр Русаў удзельнічаў у Крымскай вайне, кіраваў падаўленнем сялянскіх хваляванняў у Кіеўскай губерні. У 1885 годзе ў званні генерал-маёра выйшаў у адстаўку і купіў фальварак Закрэўшчызна паблізу цяперашняй чыгуначнай станцыі Жытомля. У тым жа годзе яго прызначылі правадыром дваранства Гродзенскага павета. Таксама Русаў быў старшынёй з’езду міравых пасярэднікаў, старшынёй камітэта грамадскага здароўя, узначальваў павятовую санітарную камісію і камісію па складанні спісаў прысяжных засядацеляў. З 1892 года быў сябрам Гродзенскага павятовага аддзялення Літоўскага епархіяльнага вучэльнага савета.

Аляксандр Русаў быў лютэранінам. Калі ён памёр 6 кастрычніка 1896 года, яго пахавалі на могілках, заснаваных пры яго ўдзеле. Праз некалькі гадоў жонка, таварышы па службе, калегі па грамадскай дзейнасці і сябры лютэранскай абшчыны Гродна ўзвялі над магілай капліцу. Гэтая пабудова перажыла савецкі час, калі руйнавалі іншыя помнікі і знішчылі лютэранскую частку могілак, а на частцы пахаванняў збудавалі шматпавярховік.



Report Page