У Фарным касцёле рамантуюць арган. Але гэта таямніца
Urban HrodnaУ гродзенскім Фарным касцёле рамантуюць арган, адзін з найбуйнейшых у Беларусі. Рамонт ідзе ўжо больш за месяц, аднак афіцыйна пра гэта нічога не кажуць, а пробашч Ян Кучыньскі адмаўляе, што нейкія працы вядуцца.

Telegram-канал Hrodna 11:27 са спасылкай на гродзенскага дызайнера Ігара Варкулевіча ў Facebook пісаў, што рамонтам інструмента займаецца спецыяліст па арганах Аляксандр Бурдзялёў, аўтар энцыклапедыі “Арганы Беларусі”.
Ксёндз Ян Кучыньскі адмовіўся расказваць Urban Hrodna пра рамонт аргана. “Адкуль вы ўзялі такую інфармацыю?”, - спытаў ён і параіў звяртацца да тых, хто такую інфармацыю публікаваў, бо ён нічога публічна пра арган не расказваў.
Але трубы аргана ў Фарным касцёле сапраўды адсутнічаюць. Яго праспект (пярэдні бок) абнесены рыштаваннямі.

Арган у кафедральным саборы Святога Францыска Ксаверыя - адзін з найбуйнейшых у Беларусі. Яго зрабілі ў 1937 годзе ў варшаўска-віленскай фірме “Wacław Biernacki”. У тыя часы гэта была адна з трох найбуйнейшых фірмаў па вытворчасці арганаў у Польшчы. У ёй выраблялі арганы для Вавельскага сабора ў Кракаве, Варшаўскай і Кракаўскай кансерваторый, а таксама для сабораў святога Казіміра, кафедральнага сабора, сабора святога Мікалая, святога Стэфана, святога Георгія ў Вільні.
Верагодна, Бернацкі разбудоўваў ужо існуючы раней арган. Ёсць таксама гарадская легенда, што пачаткова арган стаяў у Фары Вітаўта і быў перанесены ў кафедральны сабор у час Другой сусветнай вайны. Там яго нібыта размясцілі ў шафе ад папярэдняга аргана. Гэта можа пацвярджаць налепка ўнутры аргана з пазнакай атрымальніка заказа - “prob.par.wojsk.” - што азначае “настаяцель вайсковага прыхода”. А Фара Вітаўта ў міжваенны час была менавіта гарнізонным касцёлам.
На фірмовай таблічцы “W. Biernacki Warszawa” знайшоўся таксама дробны надпіс “Rausch - Toruń” - гэта фірма, якая вырабляла такія таблічкі.
Самы стары дзейсны арган Беларусі таксама знаходзіцца ў Гродне. Арган на 12 галасоў 1750 года вытворчасці размяшчаецца ў касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі). Яго лічаць самым старым у Беларусі. Арган двойчы перабудоўвалі, у 1884 і 1988 гадах, але праспект і частка трубаў захавалі з 1750 года. Апошні грунтоўны рамонт інструмента адбыўся ў 2014 годзе. Да гэтага часу інструментам не карысталіся працяглы час.