Тысяча тон
Павел Анціпаў для @by_cultureПавел Анціпаў пра раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном»
Выпадкова я паехаў не той дарогай, і ў нейкі момант пабіты і залаплены асфальт змяніўся новым са свежай разметкай. Справа я ўбачыў чысценькую ферму, на роўным полі пасвіліся дагледжаныя каровы, злева сінеў на сонцы дах сховішча садавіны. Альпійскі філіял заходняй Еўропы ва ўсходняй Беларусі. «Малочна-таварны комплекс „Александрыя“» — прачытаў я на сцяне адной з пабудоў і зразумеў, што трапіў у зямны рай — на радзіму Лукашэнкі. Дарога рэзка павярнула і вывела да Дняпра, за мастом — Копысь. Чыстыя вулачкі, на спустошаным сярэднявечным гарадзішчы драўляная рэканструкцыя сцен з вежкамі, на плошчы — гандлёвы цэнтр «Карона»: такі маленькі, нібыта цацачны ў параўнанні з Мінскім. Некалькі хвілін па фантастычна бязлюдных вуліцах — і на выездзе з пасёлка — бальнічны будынак з таблічкай, што менавіта тут нарадзіўся першы прэзідэнт.
А ўсяго праз два кіламетры ад радзільнага дома стаяў указальнік — «дача Янкі Купалы», што нібыта ілюстравала для някемлівых, наколькі блізкія з'явы «паэт» і «ўлада». Я пакінуў машыну на стаянцы, вырашыў схадзіць у музей, калі яшчэ тут пабываю? Дзень быў гарачы, але сама дача знаходзілася ў лесе сярод вялізных дрэў, праз якія не пранікала сонца, мяне ўзялі дрыжыкі. Я ўжо падыходзіў да дома, як да мяне з брэхам кінуліся дзве аўчаркі, якія ахоўвалі музей ад наведвальнікаў. Я спыніўся і чакаў, што будзе. Тут не было нікога — толькі я, аўчаркі і два драўляныя дамкі ў лесе.
На брэх выйшла ахоўніца ў міліцэйскай форме без пагонаў: сінія штаны, блакітная кашуля. «Што, хочаш, каб сабакі цябе загрызлі?» — спыталася яна так, нібыта дача пасля Купалы адышла ў яе ўласнасць. У нейкім сэнсе ў гэты дзень так і было — у музеі быў выходны. Мне не хацелася здавацца проста так, бо Купала належыць не толькі ахоўніцы з сабакамі. Я сказаў, мо пагляджу на музей знадворку? Ахоўніца была незадаволеная, але ўсё ж прывязала сабак і пайшла ў хатку. Глядзець, шчыра кажучы, перахацелася. Я пахадзіў па ўчастку, паглядзеў помнік і спусціўся па драўлянай лесвіцы са стромкага абрыву да Дняпра. Ля Дняпра таксама было халаднавата і пуста, толькі вецер шумеў у верхавінах дрэў.
ой у нашым у раі жыць весела
жыць весела...
толькі некаму
Назва рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» азначае пекла, геена вогненная. Раман расказвае пра містычную сувязь паэта і ўлады. Аб'ём тэксту параўнальны з «Сабакамі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, таму вылучыце на чытанне некалькі вечароў. Бахарэвіч, дарэчы, мільгае між радкоў рамана, але пра ўсё па парадку.
У рамане дзве сюжэтныя лініі: лінія Янкі Купалы і лінія Віктара Маргера – alter ego Някляева.
Лінія Янкі Купалы - фантасмагарычная, яе дзеянне адбываецца 1 ліпеня 1942 года. Часавыя рамкі гэтага дня рассунутыя, як сцены ў булгакаўскай кватэры нумар 50. Уваскрослы Купала адпраўляецца на сваё пахаванне, але па дарозе яго перахопліваюць супрацоўнікі НКУС і вязуць на Лубянку. Пасля допыту на Лубянцы Купала трапляе ў Крэмль на гутарку са Сталінам, затым — у першы савецкі крэматорый, дзе Купалу спальваюць, ён бачыць сябе збоку, Гэй бэн гіном, геена вогненная. Урэшце ў крэматорыі адбываецца суд, на якім Купалу прыгаворваюць да распяцця на крыжы. Пераказ сюжэту ў дадзеным выпадку не з'яўляецца спойлерам, бо сутнасць тут не ў паслядоўнасці падзей, а ў змесце размоваў уваскрослага Купалы з рознымі гістарычнымі асобамі, многія з якіх таксама ўваскрэслі дзеля гэтых гутарак. Усіх суразмоўцаў пералічыць немагчыма, вось толькі некаторыя з іх: Сталін, Гітлер, Ленін, Берыя, Хрушчоў, Маякоўскі, Горкі, Фадзееў, Меражкоўскі і Гіпіус, Мяркулаў, Тухачэўскі… Увесь пантэон савецкіх кіраўнікоў і пісьменнікаў, плюс – Ісус Хрыстос. Лягчэй сказаць, каго тут няма. Няма Шагала і чамусьці Булгакава, хоць прадстаўнік нячыстай сілы ў рамане цалкам сабе булгакаўскі: чалавечак з вачамі розных колераў з прозвішчам Вензель, ён з'яўляецца, каб дадаць сюжэту блытаніны, якой тут і без яго, трэба сказаць, хапае.
Такім чынам, Янка Купала гутарыць з вядомымі гістарычнымі персанажамі пра лёс Беларусі, абмяркоўвае падзеі пачатку ХХ стагоддзя, размовы ідуць пра Бога і вечнасць, але асабліва вылучаецца тэма паэта і ўлады, ледзь не галоўнае пытанне, якое вырашаецца ў гэтых абмеркаваннях, — ці мог Купала у свой час абраць: супрацоўнічаць з уладай ці не?
Тое ж пытанне ў паралельнай сюжэтнай лініі паўстае перад паэтам Віктарам Маргерам. Маргеру прапануюць выступіць перад Брэжневым на XXVI з'ездзе КПСС з паэтычным прывітаннем. І герой сумняецца, ці варта яму гэта рабіць. З аднаго боку, выступіць бы трэба, не адмовіўся ж ён раней ад камсамольскай прэміі, з іншага — сябры будуць коса пазіраць, як на калабарацыяніста. І вось у Маргеры змагаюцца дзве душы: рамантычная і практычная.
Ён раіцца са сваімі знаёмымі-пісьменнікамі, якія ўсе згадваюцца пад псеўданімамі, але для зручнасці я назаву імёны прататыпаў: Быкаў, Барадулін, Шклярэўскі, Еўтушэнка, Вазнясенскі, Караткевіч, Стральцоў… І ўсе яны яму кажуць: «Не выступай». «Ага, не выступай, — думае Маргер. — Самі-та вы ў свой час па-рознаму супрацоўнічалі з уладай, а ў мяне свайго кута няма», — тут мае на ўвазе кватэру.
Акрамя мноства знаёмых літаратараў, у Маргера ёсць прыяцелі сярод прадстаўнікоў улады, і яны ўсё раяць яму выступіць. Аднак Маргер пабойваецца страціць павагу сяброў-пісьменнікаў. У выніку ён рашаецца ісці на з'езд з выкрывальнай прамовай і папрасіць Брэжнева сысці ў адстаўку, але нешта ідзе не так, і замест гэтага гучаць яго прывітальныя вершы: «Плыви, страна – эпохи ледокол. Греми в цехах, вставай в полях хлебами…» Вершы гучаць насуперак жаданню героя, а значыць ён, падаецца, не нясе адказнасці за гэты выбар. Не абыходзіцца без прадстаўніка нячыстай сілы з рознакаляровымі вачыма, які аказваецца ў прэзідыуме побач з Брэжневым. Гэта, відаць, разнавокі Вензель бянтэжыць нейкім чынам Маргера. Якім? Не да канца зразумела.
У кнізе, трэба сказаць, шмат гэтага незразумелага і невядомага. Не заўсёды вядома, якім чынам раптам адбываецца тая ці іншая падзея. І ключ да гэтага трэба шукаць у цытаце з самой кнігі:
— Адзін з маіх сяброў любіць паўтараць: «Невядомае – усё, што захочаш, а вядомае толькі адно». Праз невядомае ваша жыццё небанальнае.
І такіх невядомых небанальнасцей у кнізе хапае. Напрыклад, дакладна невядома, хто бацька жанчыны Маргера — Ганны: ці то Купала, ці то Сталін, ці то Берыя, выбірайце самі. Ці кахае Ганна Маргера? Выбірайце самі. Ці з'яўляецца Маргер слабым чалавекам, які не можа супрацьстаяць спакусе атрымаць нешта ад улады, ці ён асоба моцная? Выбірайце самі. У нейкі момант становіцца незразумела: чытаеш ты кнігу ці чарнавік, дзе аўтар спрабуе прапісаць усе магчымыя варыянты, каб выбраць найбольш па-мастацку правільны. Зрэшты, выбар варыянту зноў-такі за вамі.
Калі казаць пра стыль, то папярэднікаў Някляева вызначыць не ўяўляецца магчымым. Адзіны відавочны папярэднік — гэта ён сам. Перад намі ўсё той жа Някляеў з аповесці «Вяртанне Веры» і рамана «Аўтамат з газіроўкай…» з яго шматразовымі паўторамі слоў, фраз і нават цэлых фрагментаў тэксту.
Вось, напрыклад, эцюд са словам «вечнасць»:
<…>Купала падумаў, што гэта вечнасць. Бог прысніўся ў вечнасці?.. Вечнасць прыснілася ў Ім?.. Як раней, так і цяпер ён уявіць не мог, што такое вечнасць?
Або ж практыкаванне з фразай:
<...>і стала яму ўсё адно, што з ім будзе далей. А што далей будзе? Хрыстос казаў, што таксама не ведаў, што з Ім будзе далей<...>
Такі наглядны пошук mot juste, даступны анлайн.
Як у кепскіх расійскіх серыялах, героі ўвесь час перапытваюць, нібыта недачулі. Як і ў серыялах, гэта не з'яўляецца мастацкім прыёмам, хутчэй спосабам запоўніць пустэчу.
Асобна варта адзначыць раптоўна-яркія дэталі, якія ні да чаго не вядуць. Ганна адмаўляецца засынаць з Маргерам у ложку і кладзецца на падлозе, «як сука» кажа яна, «я твая сука». Моцная заява. Гэта адбываецца два разы на пачатку кнігі, а потым проста перастае адбывацца і тлумачэння не мае.
Праз увесь тэкст праходзіць «залаты медальён, на якім, нібы кропля крыві, чырванеў маленькі рубін». Медальёну шанцуе больш, чым «суцы», і ён згадваецца больш-менш на працягу ўсёй кнігі, звязвае герояў, аказваецца ў руках то ў аднаго, то ў другога, але, уласна, навошта гэтыя ўсе прыгоды медальёна, так і незразумела. На пару з медальёнам па рамане падарожнічае тэлескоп, які выконвае прыкладна тую ж ролю. Успамінаецца дурань Шэкспір, у якога хустачка ў выніку выклікае рэўнасць Атэла і гібель Дэздэмоны. Навошта хустачка, хай бы было ўсё, што заўгодна, чытач бы сам выбраў.
Пісьменнік, як правіла, стварае такі свет, у якім учынкі герояў адэкватныя гэтаму свету, яны абумоўлены і выкліканы падзеямі. У рамане «Гэй бэн гіном» такога не будзе, падрыхтуйцеся бездапаможна цягнуцца за Маргерам і Купалам, якіх аўтар кідае, куды яму заманецца: на партыйнае пасяджэнне, на пахаванне, да Сталіна, у плацкарт, на сустрэчу з Еўтушэнкам, на спатканне з каханай жанчынай … І калі сюжэт з Купалам з самага пачатку заяўлены як фантастычны, то лінія Віктара Маргера спярша развіваецца ў больш-менш рэалістычным ключы. Чартаўшчына, вядома, адбываецца, але спачатку ад таго, што нячыстая сіла Вензель падпойвае Маргера то настойкай травы, то дурманлівым алкаголем. Але ўрэшце, гэта працягваецца нядоўга, неўзабаве героі нават не стараюцца нешта выпіваць, фантастычныя рэчы адбываюцца з імі ўжо без усякай нагоды і тлумачэння. Аліса памяншаецца і павялічваецца па шчупаковаму загаду, без усялякіх піражкоў.
Геаграфія перасоўванняў Віктар Маргера даволі шырокая: Масква, Балгарыя, Карэлія, Крэва, Смаргонь, Вільня, Індыя, Польшча. У большасць з гэтых мясцін ён едзе толькі таму, што так хочацца аўтару. Напрыклад, прычына паездкі ў Літву наступная: «Каб не хадзіць па Маскве, чакаючы, пакуль ці паклічуць на Лубянку, ці на вуліцы арыштуюць, Віктар паехаў у Вільню».
Ёсць у рамане эпізадычны герой «таварыш Расплывісты», адзіны ў трох асобах. Прамова яго складаецца з фрагментаў эсэ Альгерда Бахарэвіча «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» і Яна Максімюка «Цёмная камора белліту». Нагадаю, Бахарэвіч і Максімюк у гэтых тэкстах спрабуюць крытычна асэнсаваць той перыяд творчасці Купалы, дзе ён ужо відавочна пісаў вершы нібыта на замову сталінскага рэжыму. «Таварыш Расплывісты» — герой настолькі адмоўны, што нават сам Сталін у кнізе спачувае Купалу, што ў таго такія нашчадкі: «Ведаеце, як яны вас назавуць? Каян Лупака!» Гэтая сцэна насычаная эмоцыямі: Купала бялее, а Сталін упершыню за ўсю кнігу нервуецца і налівае вады. Наогул, сам Сталін выпісаны так, што пачынае выклікаць спагаду, маўляў, стаміўся чалавек ад вялізнай улады, памрэ, а яго памыямі абліюць. У фінале Някляеў укрыжаваў Сталіна на адным крыжы з Купалам. Спадзяюся, сярод чытачоў знойдуцца псіхатэрапеўты, якія здолеюць растлумачыць сабе, навошта аўтар гэта робіць.
Закрываеш кнігу з палёгкай, нібыта выйшаў з пекла, маленькага персанальнага гэйбэнгінома на 26,5 аўтарскіх лістоў. Ахарактарызаваць тэкст адной фразай мне дапаможа герой рамана — Маякоўскі: тысяча тон слоўнай руды. Раман «Гэй Бэн Гіном» бачыцца мне вялізным чарнавіком ненапісанага верша.