Трое на вяршыні: "Кіль" і "Магдэбург" дзеляць пункты, "лісы" даганяюць

Трое на вяршыні: "Кіль" і "Магдэбург" дзеляць пункты, "лісы" даганяюць

Гандбол са сваёй званіцы

Чацвер задаў туру высокую планку. Усе чатыры матчы вырашыліся ў самай канцоўцы. Тры з чатырох перамог аказаліся валявымі.

Іранічна, але адзіны рэзультат, які вынікаў з ходу сустрэчы, быў вырашаны толькі ў самай канцоўцы.”Лісы" доўга трымалі дыстанцыю, але потым крыху здалі. Хто ведае, як бы ўсё завяршылася, каб не выдаленне на 56-й хвіліне. Не хапіла зусім трошкі.

Двое іншыя фаварыты мелі па выніку лепшы лік, але больш напружаныя сустрэчы. "Магдэбург" на роўных ішоў па дыстанцыі з "Бергішам". "Фленсбург" жа і ўвогуле доўгі час значна адставаў ад "Лейпцыга". У абодвух выпадках вырашальнымі сталі апошнія 15 хвілін, калі клас сапернікаў стаў адбівацца на табло.

У астатнім матчы сустракаліся "Гёпінген" і "Вецлар". Пасля перамогі "Міндэна" гасцям трэба набіраць пункты, і гэта быў той вынік, калі трэба было чапляцца за рэзультат зубамі. Лёс сустрэчы вырашылі страты мяча гульцамі гаспадароў. На вырашальным адрэзку яны гублялі мяч тройчы.

"Міндэн" праз тры дні даў свой адказ і здабыў свае два пункты. Бойка з "Лемга" атрымалася роўнай, але матывацыя каманды, якая змагалася за захаванне прапіскі, была куды большай. І толькі "Хам-Вэстфален" стабільна прайграе. На гэты раз з двухзначным лікам "Эрлангену".

Галоўны паядынак тыдню адбыўся на "Вундэрына-арэне". Каментатар сустрэчы Пол Брэй заўважыў, што абодва бакі будуць пачувацца, нібы згубілі пункт. І гэта адпавядае рэчаіснасці.

Ніклас Ландзін і Нікола Портнэр абмяняліся шыкоўнымі сэйвамі, кожны з якіх павінен быў вырашыць лёс сустрэчы. Такая ж сіметрыя выявілася і ў атацы: на пачатку апошняй хвіліны фол у атацы зрабіў Сандэр Сагасэн, напрыканцы — тую ж памылку здзейсніў Кай Сміцс.

І ўсё ж "зебрам" было крыху цяжэй. Першая палова засталася цалкам за Сміцсам і Гіслі Крысцьянсанам. Ніклас Ландзін і Томаш Мрква зрабілі толькі па адным сэйве — столькі ж, колькі Нікола Портнэр закінуў.

Усё выраўнялася пасля перапынку. Ландзін узяўся за справу і выдаў тры ўратаванні. Так на табло з’явіліся нічыйныя лічбы, вакол якіх каманды і прайшлі дыстанцыю.

Цяпер адразу тры каманды маюць па 41 пункту ў табліцы, але "зебры" і "лісы" маюць на матч у запасе.

"Бергіш", дзякуючы моцнай другой палове, быў лепей за "Гамбург". На тое, каб адыграць чатыры мячы, спатрэбілася крыху болей за 6 хвілін. У астатні час праблемы паўночнікаў сталі нават большымі.

Працягваюць падзенне "рэйнскія львы". На гэты раз яны прапусцілі ажно 24 мячы да перапынку. Усе далейшыя намаганні былі адбітыя "Гумерсбахам" адносна лёгка.



Report Page