Традыцыйная культура: кірунак на інтэграцыю

Традыцыйная культура: кірунак на інтэграцыю

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (студзень – сакавік 2024)

Традыцыі моцна ўплываюць на жыццё беларусаў у краіне і за яе межамі. З гэтай тэзай, вядома ж, можна паспрачацца. Мы – сучасныя гарадскія людзі, шмат хто не меў бабуль і дзядуляў у вёсцы: якія такія традыцыі? Аднак любоў да беларускасці часта (хоць і не заўсёды) улучае і цікаўнасць да традыцыйнае культуры. Яна служыць важным чыннікам інтэграцыі беларусаў у жыццё ў сучасным свеце.

Такім чынам, кіруючыся прынцыпам “ад найбольшага інтэграцыйнага патэнцыялу”, знаёмім чытачоў з жыццём сучасных беларусаў у вымярэнні традыцыйнай культуры. Гаворка тут пойдзе пра святы, танцы, спевы, рамёствы. Гэта не значыць, безумоўна, што інтэграцыйны патэнцыял рамёстваў нізкі. Супольная творчасць, напрыклад, падчас майстар-класаў, яднае людзей не горш за святкаванне, але гэта больш індывідуальная дзейнасць, а для свята трэба грамада, хаця яго, безумоўна, і можна адзначыць самастойна.

Святы

З пачатку 2024 года беларусы адсвяткавалі Каляды, Грамніцы (2 лютага ў каталіцкай і 15-га ў праваслаўнай традыцыях), Масленіцу / Запусты (другая назва для перыяду перад Вялікім постам больш характэрная для каталікоў), Вялікдзень паводле грыгарыянскага календара (сёлета прыпаў на 31 сакавіка). У канцы сакавіка адбылося некалькі гарадскіх імпрэзаў Гукання вясны. Тут пералічаныя святы адпаведнага перыяду, якія лічыліся “вялікімі” (істотнымі) у традыцыйнай, вясковай культуры. Давайце паглядзім, ці ў сучаснай масавай беларускай культуры яны ўсё яшчэ займаюць такое ж ганаровае месца.

У СССР Каляды як рэлігійнае свята (а рэлігія, як вядома, лічылася “опіумам для народу”) замяніў свецкі Новы год. У постсавецкай Беларусі Раство ў сямейным коле адзначаюць вяскоўцы старэйшага веку (і тое не ўва ўсёй краіне) альбо рэлігійныя людзі. У больш шырокім за сямейнае, грамадскім коле традыцыйнае калядаванне з абыходам падворкаў захоўваецца ў паўднёвай Беларусі (13 студзеня), а ў заходнебеларускіх мясцовасцях з каталіцкім насельніцтвам праходзяць абыходы на Трох Каралёў (6 студзеня). Большасць такіх абыходаў адбываецца з істотным падтрыманнем, а часам і з ініцыятывы работнікаў культуры, што сведчыць пра моцную ступень інстытуалізацыі традыцыйных святаў у Беларусі.

Гарадскія аматары традыцыйнае культуры калядуюць у горадзе ці выязджаюць у вёску. За аснову часта бярэцца палескі сцэнар з Казою, Мядзведзем, Цыганкаю, Жыдом – незалежна ад таго, дзе адбываецца абыход, што сведчыць пра ўніфікацыю Калядаў у аматарскіх колах. На Падляшшы беларусы, якія прыехалі з Беларусі, шукаюць супольны калядны сцэнар з мясцовымі беларусамі, у якіх не было прынята пераўвасабляцца ў калядных персанажаў, а толькі насіць зорку і спяваць песні царкоўнага паходжання. У выніку атрымліваюцца два розныя калядаванні.


Гурты "Жэмерва" і "Касары" пасля каляднага канцэрту на Падляшшы. Фота: Аляксандр Драгавоз.


Рыхтавацца пачынаюць прыкладна за месяц: каляднікі збіраюцца, распрацоўваюць сцэнар, вучаць песні, робяць маскі, рэпетуюць. Ходзяць найчасцей па загадзя складзеным спісе "хат", куды іх запрасілі. Адна і тая ж група можа калядаваць толькі аднойчы ці некалькі разоў за сезон. Абыходы звычайна прымяркоўваюцца да дня зімовага сонцавароту, Божага Нараджэння альбо Раства, Старога Новага года.

Сёлета такія рэканструкцыі вясковага калядавання адбыліся ў некалькіх буйных гарадах Беларусі і замежжа, дзе шмат беларускіх эмігрантаў. У Варшаве дзеяла Школа каляднікаў пры Школе беларускай традыцыйнай культуры, да якой мог далучыцца кожны ахвочы, што рэдкасць: звычайна гарадскія гурты каляднікаў складаюцца з ужо знаёмых між сабою асобаў. 

***

Батлейка – гэта першапачаткова калядная традыцыя, але цяпер лялечныя спектаклі паказваюць не толькі на біблійныя тэмы і часта круглы год. Напрыклад, Хор вольных беларусаў гастралюе па ўсёй Польшчы з батлеечнымі спектаклямі. У рэпертуары, акрамя традыцыйнае каляднае пастаноўкі, – спектаклі “Купала. Пачатак”, “Краіна скарбаў” на матывы беларускіх народных казак, а 24 сакавіка адбылася прэм’ера “У пошуках краіны жаданай” паводле кнігі А. Ліндгрэн “Мія, мой мія”. 

***

Грамніцы прайшлі незаўважнымі. Нам вядома, што часамі ў асяродку аматараў традыцыяў да свята прымяркоўваецца супольнае суканне свечак, але сёлета інфармацыі пра такія імпрэзы мы не маем. У беларускай масавай культуры гэтае свята не займае значнага месца. Аднак 2 лютага беларусы адзначаюць дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага. Думаем, вельмі сімвалічна, што беларускі нацыянальны герой нарадзіўся на Грамніцы: паводле народных павер’яў, з гэтага дня можна пачуць гром. 22 сакавіка, на вясновае раўнадзенства, Каліноўскага пакаралі смерцю, і гэта таксама сімвалічна: у гэты дзень часта адбывалася Гуканне вясны. 

У некаторых мясцовых традыцыях гукаць маглі пачынаць ужо на Грамніцы, а агулам вясновыя песні выконваліся да самога Купалля. Аднак звычайна былі ўрачыстыя дні, калі Гуканне вясны было асабліва масавым, і найчасцей яны прыпадалі на 22 сакавіка (свята Саракі) ці на Дабравешчанне (25 сакавіка ў каталіцкай і 7 красавіка ў праваслаўнай традыцыях). Гарадскія суполкі аматараў традыцыйнае культуры ладзяць гуканне і ў Беларусі, і за мяжою.

Сёлета Гуканне вясны ў Вязынцы каля Мінску перанеслі з 24 сакавіка на 7 красавіка распараджэннем Міністэрства культуры на знак жалобы ў звязку з тэрактам у падмаскоўным Crocus City Hall 22 сакавіка, што сведчыць пра моцную залежнасць Беларусі ад расійскай інфармацыйнай прасторы.

Гуканне вясны ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы каля Мінску прайшло 23 сакавіка, што сведчыць, верагодна, пра невысокую хуткасць рэагавання беларускае дзяржаўнае сістэмы культурніцкіх установаў на надзвычайныя падзеі.

***

Масленіца з ініцыятывы дзяржаўных установаў культуры ў Беларусі адзначаецца і ў гарадах, і ў вёсках. Найчасцей святкуюць паводле штучна створаных яшчэ ў савецкі час сцэнароў “провадаў зімы”: са спальваннем пудзіла, конкурсамі, выпяканнем бліноў на дварэ. Святкаванне Масленіцы ў сямейным коле звычайна абмяжоўваецца акцэнтам на бліны як асноўную страву. У некаторых вёсках святкуюць згодна з мясцовымі традыцыямі. Ад аматараў беларушчыны часам можна пачуць, што Масленіца – не беларускае, а расійскае свята, аднак гэта не так. Каб даведацца пра беларускасць Масленіцы, можна пачытаць том, прысвечаны гэтаму святу, з серыі “Беларуская народная творчасць”, які нядаўна выклалі ў сеціва, альбо паглядзець тэматычную перадачу на YouTube-канале “Чаго брэшаш?”

***

Вялікдзень шмат беларусаў адзначае ў сямейным коле. Дыяспара ў Вільні зладзіла велікодны фэст. У Варшаве ў сакавіку, яшчэ перад Вялікаднем паводле грыгарыянскага календара, распачала працу Школа валачобнікаў, незвычайная з шэрагу прычынаў: як і калядаванне, валачобніцтва (абыход з віншаваннямі на Вялікдзень) у асяродку аматараў традыцыйнае культуры звычайна ладзілі ўжо знаёмыя між сабой людзі, а да Школы можа далучыцца кожны ахвочы; на заняткі запрашаюць ахвочых спяваць любога полу, хаця традыцыйна валачобнікамі былі мужчыны. Гэтыя падзеі сведчаць пра шырэйшую прысутнасць Вялікадня не толькі ў прыватнай ці рэлігійнай, але і грамадскай прасторы.

Танцы

Танцавальныя вечарыны збіраюць больш удзельнікаў, чымся рэгулярныя заняткі ці асобныя танцавальныя майстар-класы. Гэта даволі лёгкі спосаб інтэграцыі: бальшыню беларускіх традыцыйных танцаў можна выканаць па мінімальным рыхтаванні ці зусім без яго. Стала ці час ад часу ладзяцца заняткі і вечарыны традыцыйных танцаў прынамсі ў трох буйных гарадах Беларусі, у шасці – у Польшчы і яшчэ ў Вільні. Расце запатрабаванасць на танцавальныя майстар-класы ў беларускіх дыяспарах далёкіх ад Беларусі краінаў – Нямеччыне, Швейцарыі. Папулярнасць танцаў сведчыць пра тое, што яны адыгрываюць значную ролю ў самаідэнтыфікацыі свядомых беларусаў. Напрыклад, падчас святкавання Дня Волі ў Варшаве зладзілі асобны танцавальны сэт пад жывую музыку ад гурта “Літы талер”.


Гурт "Літы талер" выступае падчас святкавання Дня Волі ў Варшаве. Крыніца: belsat.eu.


Беларускімі традыцыйнымі танцамі цікавяцца і палякі: прыходзяць на вечарыны і майстар-класы ў розных гарадах. У серыі варштатаў польскіх традыцыйных танцаў у Амбасадзе традыцыйнай музыкі ў Варшаве, скіраваных найперш на палякаў, раз на некалькі месяцаў адбываюцца беларускія майстар-класы.

Гэта яшчэ раз сведчыць пра вялікі інтэграцыйны патэнцыял традыцыйных танцаў – як для суполак беларусаў, гэтак і для наладжвання жыцця эмігрантаў з Беларусі ў новых краінах.

Праект “Традыцыя” распрацаваў серыю відэа пра беларускія традыцыйныя музычныя інструменты, бальшыня з якіх выкарыстоўвалася як акампанемент да танцаў.

Спевы

Супольныя спевы яднаюць не горш за танцы, але для спявання трэба ўсё ж больш трэнавацца. Да таго ж традыцыйны спеўны гурт рэдка бываў вялікі, хор – зусім іншы від мастацтва. Спеўныя гурты дзеюць фактычна пры кожным сельскім клубе ў Беларусі. Сярод гарадскіх аматараў традыцыйнае культуры традыцыйныя спевы таксама папулярныя, але практыкуюцца яны ўсё ж не так шырока, як танцы. Нам вядома пра спеўныя заняткі і гурты прынамсі ў трох буйных гарадах Беларусі, у трох – у Польшчы і яшчэ ў Вільні. Спевакоў часта запрашаюць выступіць на беларускіх імпрэзах больш агульнага профілю: адкрыцці выставаў, уручэнні прэміяў і інш. Мужчынскі гурт традыцыйных спеваў “Касары” выступіў разам з рок-гуртом Relikt на Дні Волі ў Гданьску. Гэта можна лічыць пераломам ранейшае тэндэнцыі, калі з сучаснаю музыкаю беларускія творцы спалучалі традыцыйны жаночы вакал. 


Сучаснае выданне "Беларускага дзіцячага сьпеўніка". Крыніца: www.facebook.com/etnatradycyja


У першым квартале 2024 года выдаў альбом гурт “Асочнікі” з Падляшша (рэгіён Польшчы, дзе жывуць у тым ліку этнічныя беларусы), выйшаў “Беларускі дзіцячы сьпеўнік” з запісамі рэпрэсаванага фалькларыста Антона Грыневіча. Рыхтуецца спеўнік “Мужчынскія песні”, выданне якога можна падтрымаць, а таксама выданне альбомаў аўтэнтычных беларускіх калектываў (падтрымаць можна тут). Гэтыя праекты паказваюць запатрабаванасць традыцыйных спеваў.

Рамёствы

З усіх традыцыйных рамёстваў найбольшай увагай карыстаецца выраб традыцыйнага строю. Рэгулярныя заняткі, прысвечаныя яму, адбываюцца прынамсі ў адным буйным горадзе Беларусі і ў адным у Польшчы. Спарадычна праходзяць майстар-класы яшчэ ў двух польскіх гарадах і ў Вільні. 

У першым квартале 2024 года працягвалася выданне відэа з серыі “Традыцыйны строй”. Выйшлі ў тым ліку ролікі, прысвечаныя тэмам, пра якія дасюль было даволі мала звестак: полацкі строй і мужчынскае традыцыйнае адзенне.

У Віцебску прайшла выстава традыцыйнага тэкстылю “Матуліны кросны”, а ў Гомельскім філіяле Веткаўскага музею – шэраг тэматычных куратарскіх экскурсіяў. У Ветцы абнавілі частку экспазіцыі, і цяпер там можна пабачыць выставу посцілак.


Як мы бачым, традыцыйная культура складае істотную частку сучаснай беларускай культуры. Масавай назваць яе складана, але папулярнасць ёсць, і людзі, захопленыя ды зацікаўленыя ёй, таксама.

Report Page