Татальная зачыстка. Да каго сёння прыйшлі сілавікі
@nashaniva14 ліпеня сілавыя органы прыйшлі ва няўрадавыя арганізацыі па ўсёй краіне — ад праваабарончага цэнтра «Вясна» да рэгіянальных ініцыятыў, якія займаліся адукацыйнымі праграмамі. Сабралі, што вядома на дадзены момант.
Першы ўдар — па вясноўцах
З раніцы сілавікі зацікавіліся праваабаронцамі. З ператрусам прыйшлі ў офіс «Вясны». Знікла сувязь з кіраўніком арганізацыі Алесем Бяляцкім. Толькі а 18 гадзіне стала вядома, што яго затрымалі. Крымінальную справу вядзе Цэнтральны апарат Следчага камітэту.
Супрацоўнікі ДФР Камітэта дзяржанктролю прыйшлі да юрыстаў Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча, праваабаронцаў Алены Лапцёнак, Яўгеніі Бабаевай, журналіста і праваабаронцы Сяргея Сыса.
Сілавікі правялі таксама ператрусы ў рэгіянальных праваабаронцаў – гаворка пра Алега Мацкевіча і Марыны Статкевіч (Барысаў), Ігара Казмерчака (Орша), Віктара Сазонава (Гродна), Аляксандра Дзергачова (Смаргонь).
Вядома, што Стэфановіча і Лабковіча пасля ператрусу завезлі ў Следчы камітэт на допыт, а пасля ўатрымалі на 72 гадзіны, прычым забралі і жонку Уладзіміра, Ніну Лабковіч, яна працуе выканаўчым дырэктарам асацыяцыі бізнес-анёлаў, без бацькоў засталіся трое непаўнагадовых дзяцей.
«Вясна» утварылася яшчэ ў 1996 годзе, гэта адна з самых аўтарытэтных праваабарончых арганізацыяў не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы. У 2003-м улады яе ліквідавалі. З таго часу арганізацыя дзейнічае без рэгістрацыі.
Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што пры ліквідацыі беларускія ўлады парушылі міжнародныя пагадненні, але афіцыйны Мінск адказаў, што гэтыя меркаванні з'яўляюцца толькі рэкамендацыйнымі.
У 2011-м кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 гадоў па справе аб ўхіленні ад падаткаў. Праваабаронца віны не прызнаў, грошы, якія фігуравалі ў справе, датычыліся дзейнасці «Вясны», дапамогі беларусам, чые правы парушаліся. Бяляцкі быў прызнаны палітвязнем, ягонага вызвалення патрабавалі самыя аўтарытэтныя праваабарончыя арганізацыі ў свеце, ён быў намініраваны на Нобелеўскую прэмію міра. У 2014 годзе ўлады датэрмінова яго вызвалілі.
Якія пытанні на гэты раз узніклі да вясноўцаў? Ператрусы ў праваабаронцаў праводзілі ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК (арганізацыя і фінансаванне групавых дзянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і па арт. 243 КК (ухіленне ад сплаты падаткаў).
Пад прыцэлам і Беларускі Хельскі камітэт
Сёння сілавікі прыйшлі і ў Беларускі Хельнкскі камітэт. Арганізацыя існуе з 1995 года. Яе мэта — абарона правоў чалавека ў Беларусі ў адпаведнасці з Хельнкскімі пагадненнямі. Апошнія былі падпісаныя яшчэ ў 1975-м, іх абавязваўся выконваць нават СССР, што, зрэшты, часта не дзейнічала на практыцы. Арганізацыяй кіруе Алег Гулак, ён таксама ўваходзіць у грамадскую камісію пры Мінюсце, якая займаецца маніторынгам калоній і турмаў у Беларусі, у БХК працуе адзін з самых вядомых праваабаронцаў Беларусі — Гары Паганяйла, які стаяў ля вытокаў беларускай адвакатуры.
Ператрус прайшоў у каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды. Кампанія аформілася ў 2009-м. Яе заснавалі «Вясна» і БХК. Сілавікоў таксама зацікавіла яшчэ пляцоўка, дырэктарам якой з’яўляецца Андрэй. Гаворка пра «Тэрыторыю правоў», там праводзілі праваабарончыя і культурныя імпрэзы.
Таксама сілавікі прыйшлі з ператрусам да брэсцкага праваабаронцы Кірыла Кафанава з арганізацыі Human Constanta, якая кансультуе па міграцыйным заканадаўстве, у тым ліку асобаў без грамадзянства, якія апынуліся ў Беларусі.
У Кірыла правялі ператрус у межах загаданага арт. 342 КК , а таксама арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), забралі сістэмны блок камп’ютара, два ноўтбукі, два тэлефоны, нататнікі і працоўную дамову. Пасля ператрусу і размовы з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, якія яму прапаноўвалі запісаць відэа (ён адмовіўся), яго адпусцілі.
Прайшоў ператрус у дырэктара праваабарончай арганізацыі «Цэнтр прававой інфармацыі Lawtrend» Вольгі Смалянкі, а таксама ў офісе самой арганізацыі. Lawtrend дзейнічае з 1996 года, яго заснавала праваабаронца Алена Танкачова. Спецыялізацыя — дзейнасць няўрадавых арганізацый, Lawtrend дапамагаў НДА юрыдычнымі кансультацыямі.
Прыйшлі і да пісьменнікаў
Сілавікі таксама наведаліся і ў арганізацыю «Гендарныя перспектывы», якая займаецца супрацьдзеянне гандлю людзьмі і хатняму гвалту, выкараненне дыскрымінацыі па прыкмеце полу, у тым ліку на рынку працы. Арганізацыя шчыльна супрацоўнічала з Міністэрствам унутраных справаў. Па якой прычыне праводзіўся ператрус і дзе зараз супрацоўнікі НДА, пакуль невядома.
Аператыўнікі ГУБАЗіК сёння наведалі офіс Саюза беларускіх пісьменнікаў і кватэру кіраўніка СБП Барыса Пятровіча. Афіцыйная прычына, па якой адбыўся ператрус, пакуль не агучаная. Летась Саюз выступаў з адкрытым зваротам «Хопіць гвалту, прыміце волю народа!», у якім асудзіў гвалтоўныя дзеянні з боку сілавых структур і прадстаўнікоў улады ў дачыненні да грамадзян, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту. СБП заклікаў спыніць масавыя рэпрэсіі, пад адкрытым лістом падпісаліся больш за 200 беларускіх пісьменнікаў.
Супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў праект «Имена» – дабрачынную некамерцыйную платформу. Яна збірае грошы на працу грамадскіх арганізацый, што вырашаюць сацыяльныя праблемы. Паводле папярэдняй інфармацыі, у офісе прайшоў ператрус, на які не пусцілі адваката. У офісе знаходзіліся дырэктарка «Имен» Кацярына Сяргеева і бухгалтарка Таццяна Аднавол. Таццяна зараз на волі, яна пад падпіскай аб неразгалошванні. Офіс «Имена» апячатаны. Ператрус прайшоў і ў кватэры дырэктара.
А далей — да палітычных рухаў і партыяў
Ператрусы праходзяць і ў палітычных арганізацыях. Гаворка пра Партыю БНФ – яе ўзначальвае Рыгор Костусеў, зараз ён знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачванні ў спробе пераварота. Рух «За свабоду», якім кіруе Юрась Губарэвіч (пераемнік колішняга лідара апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча). А таксама Аб'яднаную грамадзянскую партыю.
Таксама сілавікі прыйшлі да колішняга лідара АГП Анатоля Лябедзькі, да эканаміста Яраслава Раманчука — у мінулым экс-кандыдата ў прэзідэнты. Зрэшты, да выбараў Лукашэнка запрашаў яго на сустрэчы і нават даваў выказацца. Раманчук выступаў супраць еўрапейскіх санкцыі.
Якія яшчэ арганізацыі трапілі пад аблаву?
«Таварыстве беларускай школы» і цэнтр «Супольнасць», якімі кіруюць, адпаведна, Тамара і Сяргея Мацкевічы. Сілавікі прыехалі да іх у вёску, дзе яны адпачывалі. Наогул брэнду ТБШ ужо сто гадоў, Таварыства дзейнічала паміж сусветнымі войнамі ў Заходняй Беларусі. ТБШ аднавіла дзейнасць у 1996-м. Як адзначаў перакладчык Лявон Баршчэўскі, рэальная дзейнасць ТБШ «пачалася ў той час, калі ўсё беларускае падаўлялася, калі беларуская школа знішчалася». Цэнтра «Супольнасць» займаецца вывучэннем беларускай гісторыі і культуры, яго спрабавалі ліквідаваць яшчэ ў нулявыя, але да таго не дайшло. Пасля ператрусу ў вясковым доме Тамару адпусцілі, а Сяргея павезлі ў мінскую кватэру на ператрус. У пастанове на ператрус былі указаныя артыкулы 243 і 342 КК.
Ператрус прайшоў у «Фондзе імя Льва Сапегі», які займаўся тэмай мясцовага самакіравання. А таксама ў «Офісе еўрапейскай экспертызы і камунікацыі», адукацыйным цэнтр «Пост».
Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC, які праводзіў унікальныя эканамічныя канферэнцыі, быў суарганізатарам «Кастрычніцкага эканамічнага форума», таксама трапіў і спіс сілавікоў.
Ператрус прайшоў у Згуртаванні беларусаў свету «Бацькаўшчына», якое аб’ядноўвае беларускую дыяспару. Яно ўзнікла ў 1990-м, яе першым прэзідэнтам быў Васіль Быкаў, цяпер арганізацыяй кіруе Алена Макоўская. Дарэчы, у апошнім з’ездзе «Бацькаўшчыны» прымаў удзел міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
У офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў сілавікі выбілі дзверы, калі прыйшлі з ператрусам. Нядаўна Мінюст запатрабаваў ад арганізацыі вялікі аб’ём дакументаў па яе дзейнасці. Зрэшты, праверкі пачаліся і ў адносінах іншых НДА, да якіх сёння ўжо прыйшлі з ператрусамі.