Syndrom Samazvanca — "Sonk"

Syndrom Samazvanca — "Sonk"

Максім Жбанкоў для @by_culture

Syndrom Samazvanca – творчы тандэм Уладзя Лянкевіча і Рамана Жарабцова са спарадычнымі студыйнымі далучэннямі былога бубнача Tonqixod Андрэя Алексіенкі. А “Sonk” (віват, бальбута!) – іх першы альбом. 

Здаецца, звычайная справа. Ну яшчэ адзін супольны праект Лянкевіча. Ну выдатная, як заўсёды, гітарная праца Жарабцова. І зноў блытаюцца трэнды ды традыцыі ад краут-року да постпанку. І зноў, каб зразумець вершаванку (соры, гайз) даводзіцца прабівацца скрозь шчыльны электрычны вал – ці прынамсі зазірнуць у раздрукоўку. 

Аднак штосьці робіць “Sonk” больш важным за чарговы пакет лабараторных эксперыментаў. Бо праз якасна адбудаваны, адначасова насычаны ды празрысты, лоўка пралічаны саунд прарастае пазнавальны стан супольнай душы часоў надзвычайнага становішча. Ягоны ментальны двайнік – зласлівы і трывожны польскі панк пачатку 1980-х, паштоўкі з эпохі stanu wojennego.

Калючы дрот нязручных думак. Горкі смак пакамечанага заўтра. Невыносная прага пракруціць гэты ваш чорны джаз на паскоранай прамотцы. Ці папросту сыйсці ў абстрактны гукапіс. Не, ніякай палітыкі. Але “Sonk” – бадай самая адэкватная канстатацыя нашай супольнай хваробы, якую давялося чуць цягам апошняй пары гадоў. 

Гэта пра час, які з’ехаў з глузду, і непапраўныя зрухі свядомасці. Пра неадваротную страту гармоніі і трагічную асалоду персанальнай самоты ды штодзённага адчаю. 

Калі б палыя анёлы маглі граць ды спяваць – гэта быў бы “Sonk”.

Максім Жбанкоў


Report Page