Сяргей Дубавец “Тантамарэскі” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2019 г.).

Сяргей Дубавец “Тантамарэскі” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2019 г.).

t.me/bellitra

Калі атрымала гэтую кнігу па пошце ад Радыё Свабода, то думала, што чытаць не буду, толькі разыграю. Бо пра так званы “кветкавы працэс”, які і ёсць галоўнай тэмай кнігі, шмат чытала ў СМІ, калі толькі разварочвалася гэтая справа. Было страшна ад несправядлівасці і абсурду таго, што там адбываецца, але каб цэлую кнігу пра гэта чытаць… Такога жадання не ўзнікла. І тут “Тантамарэскі” трапляюць у кароткі спіс Гедройца. Давялося чытаць, каб зрабіць агляд на Onliner, і так выйшла, што я не магла ад кнігі адарвацца. 


Спачатку варта адзначыць, што гэта не мастацкая кніга, а нон-фікшн пра судовую справу над ашмянскімі мытнікамі з памежнага пункта «Каменны Лог». Судовыя пасяджэнні адбываліся ў розных судах сталіцы на працягу года, і з лістапада 2016 па лістапад 2017 года Сяргей Дубавец прысутнічаў на ўсіх пасяджэннях у Партызанскім судзе. Страшна ўявіць, як ён вытрымаў, улічваючы, што пасяджэнняў было каля 50. Дубавец слухаў, назіраў, размаўляў, запісваў. Так і нарадзілася кніга “Тантамарэскі”, якая першапачаткова была проста артыкуламі на сайце Свабоды, якія маглі каментаваць чытачы. Дарэчы, некаторыя з каментарыяў трапілі ў кнігу, імі заканчваецца кожная глава.


Што ж адметнага ў гэтым судовым працэсе, чаму ўсе так уважліва за ім сачылі? Справа ў тым, што падчас працэсу ашмянскія мытнікі, былі асуджаныя за карупцыю. Многія з іх атрымалі па некалькі гадоў турмы, але ж уся справа была суцэльным бяздоказным фарсам. Можаце пашукаць падрабязнасці гэтай справы, многія СМІ пісалі.


Працоўная назва кнігі была «Юркойцеў палон», у гонар аднаго з асуджаных мытнікаў: краязнаўцы і грамадскага дзеяча Алеся Юркойця. Да таго ж яны былі ў добрых адносінах з аўтарам кнігі, таму Дубавец ніяк не мог застацца абыякавым. Алесь Юркойць быў асуджаны на 7 гадоў і на дадзены момант знаходзіцца ў турме.

 

А кніга ўсё ж атрымала іншую назву — “Тантамарэскі”. Думаю, вы ўсе іх сустракалі, толькі не ведалі, што гэтая прымітыўная забава мае такую экзатычную назву. Тантамарэска — гэта стэнд для фота з выразам для твару. Заходзіш за гэтую тантамарэску, прасоўваеш галаву, а з іншага боку цябе фатаграфуюць у агульнай карціне.

 

З такой забавай Дубавец параўноўвае наша жыццё, у тым ліку і гэты судовы працэс: ёсць пэўны набор тантамарэсак, у якія людзі па чарзе ўстаўляюць твар. Дэкарацыі ўжо вырашаныя, засталося вызначыць, хто будзе ў іх галоўным героем. Судовыя справы ўжо ёсць, засталося вызначыць, хто будзе паводле іх пакараны. 

 

Кніга атрымалася моцнай, у ёй шмат разважанняў не толькі наконт гэтай справы, але і судовай сістэмы Беларусі ў цэлым. Шмат Дубавец піша і пра Кафку, творы якога ў размовах беларусаў апошнім часам усплываюць усё часцей. Асабліва раман “Працэс”. І калі вы не чыталі гэты твор Кафкі, то многае пра яго вам стане зразумелым пасля першых радкоў:

Хтосьці, відаць, узьвёў паклёп на Ёзэфа К., бо, не зрабіўшы нічога дрэннага, ён патрапіў пад арышт.

Нічога не нагадвае?

 

Пераробка знакамітага выразу «Мы рождены, чтоб Кафку сделать былью» ўзнікла яшчэ ў савецкі час. Але і цяпер беларускія ўлады ўсё для гэтага робяць.


Спампаваць электронную кнігу: https://docs.rferl.org/be-BY/2019/07/01/bb5fb97b-72d3-43ad-994d-fc4e86a8b4e5.pdf

Report Page