Сяргей Балахонаў “Бог кахання Марс” (Янушкевіч, 2020 г.).

Сяргей Балахонаў “Бог кахання Марс” (Янушкевіч, 2020 г.).

t.me/bellitra

Калі запытваюць, чаго мне не хапае ў беларускай літаратуры, то адказваю, што фантастыкі і дэтэктываў. Так званая “жанравая” літаратура ў нас сапраўды распрацаваная не так моцна, таму я чакаю выхаду кожнай кнігі, як свята. Дарэчы, можна параіць маладым літаратарам звярнуць увагу менавіта на гэтыя, не вельмі занятыя нішы ў нашай літаратуры 😏

Новы раман Сяргея Балахонава — гімн дзвюм вельмі аддаленым адна ад адной кропкам: роднаму Гомелю і загадкаваму Марсу. Але пачынаецца ўсё ў Юравічах, дзе Ягор Руткоўскі, выкладчык і даследчык старажытнасцей, раскопвае ідал боства кахання. Знаходка аказваецца вельмі важнай для міжнароднай гістарычнай супольнасці і натхняе мужчыну на напісанне кнігі “50 граняў юравіцкага” (тонкая адсылка для знаўцаў 😏). Кнігу заўважаюць і ганаруюць прэміяй Гедройца, а яе аўтар раптоўна аказваецца ў цэнтры ўвагі. Жыві ды радуйся, займайся любімай справай, але Ягору не дае спакою раптоўны разрыў з каханай Марынай.

Не дарэмна ж каханне вынесенае ў загаловак. Значная частка кнігі — перажыванні закаханага мужчыны, які не збіраецца так проста адмаўляцца ад сваёй жанчыны, хоць яна і пабралася шлюбам з іншым, да таго ж з’язджае з краіны.

У сусветнай літаратуры ўзнік трэнд на развянчанне стэрэатыпаў пра “моцнага” мужчыну, які хавае свае эмоцыі. Мужчыны ў такіх творах шмат рэфлексуюць, пераасэнсоўваюць сваё жыццё і паказваюць, што яны таксама могуць быць слабымі, безабароннымі і поўным пачуццяў. Такі і Ягор, герой Балахонава. Праўда, гэтых пачуццяў і перажыванняў галоўнага героя для мяне было зашмат, што паўплывала на выніковую адзнаку кнігі.

Раман складаецца з двух часавых пластоў: падзеі першага адбываюцца ў недалёкай будучыні на Зямлі, а другі — гэта марсіянская частка, у якой Ягор з Марынай раптоўна аказваюцца на Чырвонай планеце. “Яны ж рассталіся?” — разгублена спытаеце вы. Аказваецца, гэта яшчэ больш далёкая будучыня, і цяпер чытачам трэба разабрацца ў гэтай складанай храналогіі і зразумець, якім чынам героі трапілі на Марс. Аўтар чаргуе главы з Зямлі з марсіянскімі главамі.

А ў гэты час на Зямлі пануе сіндром татальнай адзіноты, і немагчыма не праводзіць паралелі з сітуацыяй, у якой зараз знаходзімся ўсе мы. 

У Балахонава свой цудоўны стыль: выдатны гумар і добрае веданне масавай культуры, ад папсовых песень да творчасці Rammstein. Пазнаюцца ў творы і беларускія культурныя рэаліі: напрыклад, ветэран “гедройцаўскай” гонкі — старэча Б., які ўскрывае канверт з імем пераможцы прэміі Гедройца 😁

Ад некаторых жартаў нават пагігікваеш услых. Асабліва люблю расцягнутыя па тэксце. Напрыклад, калі харватка ў размове з Ягорам называе беларусаў рускімі, і на яго папраўку здзіўлена запытвае: “А якая розніца?”. А праз некалькі старонак ёй вяртаецца бумерангам:

— Сербкі ўсе такія рамантычныя?
— Харваткі, — крыху збянтэжылася жанчына.
— А якая розніца?

Балахонаў вельмі любіць свой Гомель, таму так шмат расказвае чытачам пра яго ў кнізе. Героі вандруюць пэўнымі вуліцамі і атрымліваюць ад аўтара, гісторыка паводле адукацыі, процьму цікавых фактаў.

Дарэчы, сімвалічна,што паралельна з гэтай кнігай я перачытвала ў арыгінале раман “Марсіянін”, вядомы сваёй экранізацыяй з Мэтам Дэйманам у галоўнай ролі. Кніга не горш, абавязкова пачытайце, гэта цудоўнае і пазітыўнае чытво.

А новы раман Балахонава — варты прэтэндэнт у шорт-ліст прэміі Гедройца.


Купіць кнігу: https://januskevic.by/catalog/proza/4180/

Report Page