Сяргей Абламейка “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020 г.).

Сяргей Абламейка “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020 г.).

T.ME/BELLITRA
“Недзе поруч ляжалі дарогі,
Кліч кахання ляцеў ад ніў,
Але ён не кахаў нікога,
Бо занадта радзіму любіў.
Варты лепшага ў свеце кахання,
Рана скончыўшы мужны палёт,
Русы хлопец золкім світаннем
На высокі ўзышоў эшафот.”

Пісьменнік Уладзімір Караткевіч быў захоплены постаццю Кастуся Каліноўскага. Не толькі павесіў у сваім кабінеце вялізны партрэт рэвалюцыянера, але і прысвячаў яму творы. Пісаў вершы, рабіў героем раманаў.

Я прыйшла да асэнсавання ролі Каліноўскага ў беларускай гісторыі не праз школьныя ўрокі і падручнікі, а праз творчасць Караткевіча. Спачатку было юнацкае рамантызаванае захапленне, потым больш глыбокае знаёмства з гістарычным кантэкстам. І цяпер нават пытанняў не ўзнікае, чаму менавіта Каліноўскі — адна з найбольш яркіх постацяў у беларускай гісторыі.

Але для тых, у каго яшчэ ўзнікаюць, доктар гістарычных навук і журналіст Радыё Свабода Сяргей Абламейка напісаў кнігу. Не вельмі аб’ёмную, бо лаканічна расклаў па палічках разрозненыя факты. Атрымалася гістарычна-філасофскае эсэ, якое сягае за межы простай канстатацыі гістарычных фактаў. Абламейка менавіта асэнсоўвае і пераасэнсоўвае постаць і дзейнасць Каліноўскага і даводзіць, чаму гэты чалавек для нас важны, і колькі ён зрабіў. Па-новаму глядзіць на нараджэнне Беларусі як краіны і прапануе дату 1 лютага 1863 году лічыць днём палітычнага нараджэння новай Беларусі. Менавіта ў гэты дзень у Вільні быў утвораны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім. 

Я б яшчэ крыху адаптавала назву кнігі: “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі для чайнікаў”. Бо гэта сапраўды выдатная кніга, каб увайсці ў тэму. Калі маеце знаёмых, якія не разумеюць, чаму Каліноўскі — гэта так важна, і чаму ўсе пацягнуліся ў гэтую Вільню на перапахаванне, то дайце ім гэтае выданне.Чытаецца хутка, і эфект імгненны.

P.S. Галасаваннем экспертаў Радыё Свабода (сярод якіх была і я), гэтая кніга стала найлепшай дакумнтальнай кнігай 2020 года.


Спампаваць электронную кнігу: https://docs.rferl.org/be-BY/2020/03/31/fb38e547-bad2-419d-87f3-81e9d546b7c5.pdf



Report Page