Сямён і Барыс Леўманы
Віталь АніськаУраджэнцы Віцебска Сямён і Барыс Леўманы ў 1920-я гады былі віднымі дзеячамі шахматна-шашачнага руху ў СССР. Аднак у адзін дзень Сямён быў выключаны з Усесаюзнай секцыі і зняты з усіх пасадаў. Стаў літаратарам: пісаў сам, перакладаў Коласа, Броўку, Труса і іншых беларускіх паэтаў, склаў анталогію беларускай літаратуры, што выйшла ў Маскве. Барыс жа стаў адным з найлепшых савецкіх шашачных кампазітараў. Але аб усім па парадку.
Сямён нарадзіўся 9 лістапада 1896 года, Барыс – 27 кастрычніка 1900-га. Іх дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Віцебску. Хлопчыкі цікавіліся шашкамі і шахматамі, прычым больш за практычную гульню іх вабіла рашэнне задач і эцюдаў, якія знаходзілі ў прэсе. З часам пачалі і самі складаць. Першая шашачная задача братоў была апублікавана ў снежні 1915 года ў дадатку да часопіса «Ніва».
У 1913 годзе Сямён закончыў Віцебскую мужчынскую гімназію, з 1914 па 1917 гады вучыўся на юрыдычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. Вярнуўся ў родны горад, дзе з 1919 па 1921 гады быў намеснікам старшыні губернскага савета прафсаюзаў. У наступным годзе быў адкліканы ў Маскву на прафсаюзную працу. Чым займаўся ў гэтыя гады Барыс, пакуль невядома, але з часам ён таксама пераехаў ў сталіцу Савецкага Саюза.
Сямён Леўман пазней успамінаў, што з пачаткам рэвалюцыі закінуў шашкі і шахматы і вярнуўся да іх толькі ў 1923 годзе. Ён стаў складаць шахматныя задачы, удзельнічаў ва ўсіх савецкіх і многіх замежных конкурсах, у якіх атрымаў шмат прызоў і пахвальных водгукаў. Леўман апублікаваў некалькі соцень задач, напісаў кнігу «Сучасная шахматная задача» (у дзвюх частках), быў старшынёй маскоўскай групы аматараў задач і эцюдаў, скарбнікам Усесаюзнага аб’яднання кампазітараў. Прозвішча Леўмана носіць адна з тэм у задачнай кампазіцыі.
Але да таго, як цалкам перайсці ў шахматную кампазіцыю, Сямён Сямёнавіч у 1925 годзе разам з братам выдаў кнігу «Шашачная задача» (па спасылцы – фотакопія кнігі з архіва Пятра Шклудава). У наступным годзе Барыс Леўман напісаў дапаможнік для арганізатараў «Шахматна-шашачны гурток у клубе» (другое выданне выйшла ў 1929 годзе). Таксама браты рэдагавалі (паасобку) аддзелы ў газетах «Маскоўскі пралетарый», «Праўда», «Труд».
Акрамя гэтага, Леўманы былі віднымі дзеячамі шахматна-шашачнага руху. Абодва ўвайшлі ў склад прэзідыума ІІІ Усесаюзнага шахматна-шашачнага з’езда ў жніўні 1924 года. Барыс быў старшынёй шахматна-шашачнай камісіі культаддзела маскоўскіх прафсаюзаў. Сямён займаў пасаду намесніка старшыні (ім быў Мікалай Крыленка) ва Усесаюзнай секцыі, узначальваў вышэйшую кваліфікацыйную і выдавецкую камісію секцыі. Таксама ён быў старшынёй шахматна-шашачнай камісіі культаддзела прафсаюзаў СССР, намеснікам рэдактара часопіса «64. Шахматы і шашкі ў рабочым клубе», на старонках якога нярэдка выступаў з праграмнымі артыкуламі. Займаўся Сямён Леўман і арганізацыяй міжнароднага рабочага шахматнага руху, часта ўзначальваў дэлегацыі савецкіх рабочых-шахматыстаў у замежных паездках.
Цікава, што ў 1926 годзе Леўманаў запрашалі прыняць удзел у чэмпіянаце Беларусі па шашках. Улічваючы, што яны не былі ігракамі-практыкамі, імаверна, братоў хацелі бачыць у Мінску як уплывовых маскоўскіх функцыянераў, што могуць дапамагчы ў развіцці шашак і шахмат у Беларусі. Але першынство адмянілі, і Леўманы ў Мінск не прыехалі.
Уся разнастайная шахматна-шашачная дзейнасць Сямёна Леўмана раптоўна перарвалася ў 1929 годзе. 24 ліпеня было склікана экстранае пасяджэнне выканаўчага бюро Усесаюзнай секцыі, рашэннем якога ён быў з яе выключаны і зняты з усіх пасадаў. Прычынай стала ўтойванне Леўманам выключэння з членаў Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў, якое адбылося яшчэ ў 1924 годзе.
Сямён Сямёнавіч стаў зарабляць літаратурнай працай: пісаў раманы, аповесці, вершы, п’есы, нарысы, артыкулы. Таксама перакладаў на рускую мову, у тым ліку творы Коласа, Броўкі, Панчанкі, Труса, Александровіча. У 1934 годзе ён склаў (разам з Агнёвым) «Анталогію беларускай літаратуры», што выйшла ў Маскве. У тым жа годзе стаў дэлегатам ад Беларусі на першым з’ездзе савецкіх пісьменнікаў, быў абраны членам Саюза пісьменнікаў СССР. Дарэчы, Барыс Леўман таксама перакладаў беларускіх аўтараў: Глебку, Камянецкага (з ідышу).
Узнавілі Сямёна Леўмана ў шэрагах Усесаюзнай шахматна-шашачнай секцыі толькі 14 верасня 1938 года. Мяркую, хадайнічаў ён аб гэтым і раней. Але пайшлі яму насустрач толькі пры новым кіраўніцтве Усесаюзнай секцыі. Крыленку, які быў старшынёй 14 гадоў, арыштавалі 31 студзеня 1938 года і праз паўгода расстралялі.
Барыс Леўман працягваў займацца складаннем шашачных задач. З 1936 па 1941 гады каля 20 яго твораў было апублікавана ў газеце «64», у тым ліку па стаклетачных шашках, якія тады пачалі развіваць у Савецкім Саюзе.
У 1941 годзе, незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Сямён Леўман увайшоў у новы склад цэнтральнай камісіі па кампазіцыі пры Усесаюзнай шахматна-шашачнай секцыі.
Падчас вайны ён спачатку быў у народным апалчэнні, потым працаваў літаратурным работнікам Усесаюзнага радыёкамітэта. У студзені 1943 года ў званні капітана стаў карэспандэнтам газеты «Сталінскі сцяг». Памёр Сямён Леўман 30 сакавіка 1943 года ў шпіталі Растова-на-Доне ад ран (па іншых звестках – ад брушнога тыфу ці 27 сакавіка ад хваробы сэрца). Пахаваны на брацкіх могілках гэтага горада.
Барыс Леўман падчас Вялікай Айчыннай вайны быў перакладчыкам у разведцы. Закончыў вайну ў званні старшага лейтэнанта. Быў адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За адвагу» і іншымі ўзнагародамі.
У 1960-70-х гадах задачы Барыса Леўмана ў буйнейшых конкурсах атрымалі 32 прызы. Адзначалася, што некалькі з іх былі сапраўднымі шэдэўрамі. У першым чэмпіянаце СССР па шашачнай кампазіцыі яго творы выйгралі сярэбраны і бронзавы медалі.
Памёр Барыс Леўман 7 жніўня 1972 года. Пахаваны на Данскіх могілках Масквы.
Дзякую за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкула Пятру Шклудаву (Наваполацк).