Страты 2018

Страты 2018

Уладзіслаў

Найбольш значныя страты архітэктурнай спадчыны ў Беларусі за 2018 год.

5. Хібы рэстаўрацыі Старога замка

Працягваецца аднаўленне Старога замка ў Гродне. Працы на такім складаным аб'екце, вядома, не абыходзяцца без скандалаў і спрэчак. Асабліва вылучаецца змаганне спадара Волкава, які, абапіраючыся на гістарычныя крыніцы, вінаваціць навуковага кіраўніка аб'екта Бачкова ў фальсіфікацыі і разбурэнні аўтэнтычных частак замках пры рэканструкцыі, і прапаноўвае сваё бачанне (праз цудоўныя малюнкі П. Татарнікава). Неабыякавыя патрыёты абураюцца, не ведаючы прынцыпаў рэстаўрацыі, што пры аднаўленні выкарыстоўваецца сучасная цэгла і жалезабетон. Праектанты ж сцвяржаюць, што абапіраюцца на плён працы даследчыкаў, якія збіралі інфармацыю напрацягу апошніх 30-гадоў.

Рэканструкцыя паводле Бачкова
Рэканструкцыя паводле Волкава (мал. П. Татарнікава)

Аднак амаль немагчыма высветліць, хто ж правы, бо адсутнічае дыялог з грамадскасцю, інфармацыя носіць закрыты характар, вынікі натурных даследванняў у час рэканструкцыі не публікуюцца — гэта вельмі зручна, калі хочаш нешта схаваць. Праз гэтыя акалічнасці не магу вынесці нейкі прысуд, але, магчыма, аднаўленне гэтага надзвычай значнага і складанага аб'екта адбываецца з парушэннем нацыянальнага заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і міжнародных стандартаў рэстаўрацыі.

4. Знос дома ў Слуцку

У адным з найстаражытных гарадоў Беларусі, Слуцку, амаль нічога не нагадвае пра былую веліч. У 2018 годзе мясцовы філіял «Белтэлекама» хацеў перадаць у камунальную ўласнасць цагляны будынак, які знаходзіўся ў яго на балансе, але мясцовыя ўлады адмовіліся ад яго, з прычыны таго, што «дзве праведзеныя экспертызы пацвердзілі яго аварыйнасць і неабходнасць вялікіх грашовых укладанняў для яго аднаўлення». Было прынятае рашэнне знесці яго. Аднак мясцовыя краязнаўцы выступілі супраць, сцвярджаючы, што дом пабудаваны ў XIX стагоддзі ў папулярным тады «цагляным стылі». Неабыякавыя гараджане гатовыя былі нават «легчы пад бульдозер»... Раніцай 22 кастрычніка будынак быў разбураны.

3. Знос дамоў па вул. Вызвалення ў Мінску

Будаўніцтва новага комплексу адміністрацыйных будынкаў для БПЦ побач з будынкам Мінскага епархіяльнага кіравання было анансавана яшчэ ў канцы 2015 года. У 2016 праект асабіста ўхваліў Лукашэнка. Праблема складалася толькі ў тым, што на месцы новага цэнтра БПЦ знаходзіліся тры будынкі 19 стагоддзя са статусам гістарыка-культурых каштоўнасцей (6, 6а і 8). 26 сакавіка 2016 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел накіраваў ліст да віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай з просьбай даць дазвол на выключэнне дамоў на адрасе вул. Вызвалення з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама правесці дэмантаж гэтых будынкаў без аднаўлення. Помнікі са Спісу зніклі, і ўжо нішто не стаяла на шляху БПЦ. 12 ліпеня 2018 года, нягледзячы на шырокі грамадскі рэзананс, будынкі былі разбураныя бульдозерам, захаваліся толькі часткі сцен галоўных фасадаў на вышыню 1-га паверха — такая вось аснова для наступнай «рэканструкцыі».

Праект новага комплексу адміністрацыйных будынкаў для БПЦ

2. Разбурэнне брамы ў Жырмунах (Лідскі раён)

Гістарычны выгляд брамы

Недзе ў пачатку вясны 2018 года калгаснікі, возячы гной праз браму 18-га стагоддзя, якая з'яўлялася частка сядзібна-паркавага комплексу Радзівілаў, зачапілі яе прычэпам і абвалілі вялікі кавалак цаглянай сцяны.

І раптам старажытная пабудова стала ўяўляць пагрозу жыццям людзей. «Крэпкія хазяйственнікі» заварушыліся і разам з камісіяй камісія па надзвычайных сітуацыях прынялі рашэнне знесці руіны. Так бы і адбылося, калі б не грамадскі рэзананс, бо арка і іншыя рэшткі сядзібы не мелі ахоўнага статусу, нікому не належалі і ні ў кога не лічыліся на балансе. У гэтым плане ў прынцыпе нічога не змянілася, але поўнае разбурэнне помніка адкладзена.

Прыўкрасная пазіцыя і ў старшыні БДТАПГК: «зноўку інфармацыйны гвалт, соплі па сцяне і плач Яраслаўны - нашую спадчыну гадаўцы-чыноўнікі руйнуюць.

І ў чарговы раз у мяне пытанне. А чаму пра аб'екты культурнай спадчыны ўсе клапоцяцца, калі іх руйнуюць, і, дарэчы, руйнуюць не помнікі, не гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія пад аховай дзяржавы, а проста гістарычныя аб'екты без статуса помніка, нават без статуса аб'ектаў нерухомасці. ...»

1. Разбурэнне касцёла езуітаў у Мсціславе

Найбольш трагічная падзея, якая напаткала беларускую архітэктурную спадчыну за апошнія часы. Разбурэнне пачалося яшчэ напрыканцы 2017 года, тады абвалілася вялікая частка сцяны, але мала хто ведае, што касцёл працягваў разбурацца і ў 2018 годзе, бо ў аварыйны будынак ужо нельга было патрапіць. Так, напрыклад, у жніўні-верасні разваліўся слуп, які трымаў сцяну з іншага боку — яна разам з дахам фактычна павісла ў паветры. Толькі ў лістападзе, амаль праз год пасля таго як павалілася сцяна, пачаліся працы па кансервацыі помніка барока.

Май 2018
Лістапад 2018


Рэйтынг суб'ектыўны, калі вы памятаеце нейкія іншыя істотныя для Беларусі страты — пішы ў чат канала «Спадчына».

Report Page