Стабільныя "зебры", параненыя "лісы", ледзь жывыя "рэйнскія львы"

Стабільныя "зебры", параненыя "лісы", ледзь жывыя "рэйнскія львы"

Гандбол са сваёй званіцы

На мінулым тыдні каманды згулялі адразу два туры. І хоць перастановак было не шмат, некаторыя зрухі ў табліцы адбыліся.

Эўракубкі і міжнародная паўза вельмі моцна адбіліся на ростары берлінцаў. І калі Паўля Друкса ў тэорыі замяніць ёсць кім, то адэкватных бэкапаў у Дэяна Міласлаўлева наўпрост няма.

Да таго ж з-за чырвонай карткі ўжо ў першым тайме малады Ласэ Людвіг стаў адзіным кіперам у распараджэнні Ярана Зіверта. "Лісы" паплылі. Да вышэйадзначаных праблем дадалася засуха Маціаса Гідсэля. Ён кідаў рэдка і ў большасці выпадкаў безвынікова. Вынік — заканамерная параза ад "Штутгарта".

Ужо ў нядзелю сталічны клуб рэабілітаваўся. Дома берлінцы былі шмат лепей за "Фленсбург". У брамцы з першых хвілін згуляў Людвіг. На гэты раз выглядаў ён нашмат лепш. Наладзілася і гульня ў атацы.

Для гасцей матч стаў непрыемным сюрпрызам. Пасля звальнення Майка Махулы яны здабылі разгромную перамогу над "Мельзунгенам" і падавалася, што Марк Булт здолее ажывіць каманду. Але працы, як відаць, яшчэ вельмі шмат.

У любым выпадку, першая асечка дазволіла "Кілю" і "Магдэбургу" выйсці наперад. "Зебры" расправіліся з "рэйнскімі львамі", а потым разбілі ідучы (на той момант) шостым "Гановер". "Магдэбург" паздзекаваўся з "Эрлангена" ў сераду, а ў нядзелю здабыў цяжкую перамогу над "Бергішам".

Чатыры пункты ў паядынках з аўтсайдарамі дапамаглі "Гамбургу" ўзабрацца на шосты радок. У той жа час "Міндэн" і "Вецлар" свае другія матчы на тыдні могуць занесці сабе ў актыў. Першыя перамаглі "Лемга", другія згулялі ўнічыю з "Лейпцыгам". Абазначае барацьбу і бядовы "Хам-Вэстфален". На іх рахунку падзеленыя ачкі са "Штутгартам".

Адставанне каманды з дортмундскай агламерацыі ад зоны вылету складае сем ачкоў. Наўрад ці гэты гандыкап можна зліквідаваць. Іншая справа — барацьба "Міндэна" і "Вецлара". Тры пункты і гульня ў запасе дазваляюць спадзявацца на магчымыя змены. Але падбор сапернікаў не самы просты. Тым не менш, барацьба за выжыванне абяцае быць цікавай.

Адной з самых гарачых разборак будзе барацьба за эўракубкі паміж "Гамбургам" і "Гановерам". Яны нядрэнна папрацавалі, каб стварыць задзел перад усімі астатнімі. Засталося вырашыць, што з іх дваіх больш варты прадстаўляць краіну ў Эўропе.

Каманда з поўначы згуляе на адну сустрэчу болей, але ў апанентах "Кіль" і "Берлін". Не тое, каб і ў канкурэнта быў лёгкі каляндар: "Райн Лёвэн" і "Фленсбург" хоць і нестабільныя, але вельмі моцныя.


Report Page