Спрут “Рассупрацоўніцтва”, альбо як у Гомелі зачышчаецца Беларушчына

Спрут “Рассупрацоўніцтва”, альбо як у Гомелі зачышчаецца Беларушчына

Штодзень https://t.me/shtodzien


На месца зачышчанага ўладамі поля беларускай грамадзянскай супольнасці прыйшлі расейскія арганізацыі. Напрыклад, у Гомелі ліквідавалі нават найстарэйшую краяўнаўчую арганізацыю “Талака”, затое прадстаўніцтва "Рассупрацоўніцтва" – “Рускі дом” – вельмі лёгка пускаюць ва ўсе адукацыйныя ўстановы абласнога цэнтра. Больш за тое, “Рускі дом” становіцца партнёрам амаль усіх грамадскіх і культурніцкіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў горадзе. А яшчэ яны абсалютна адкрыта выдаюць мінігранты.


Ілюстрацыйнае фота


У Гомелі налічваецца 75 установаў сярэдняй адукацыі. І як мінімум з 10 з іх сістэмна супрацоўнічае “Рускі дом”. Гэта не ўлічваючы дзіцячыя садкі, мастацкую школу, ліцэй МНС і ліцэй будаўнікоў. Усё тое, што раней праводзілі беларускія грамадскія арганізацыі, замянілі мерапрыемствамі з расейскім ідэалагічным напаўненнем.

Даведка. “Рускі дом” – прадстаўніцтва “Рассупрацоўніцтва”, якое з’яўляецца федэральным органам выканаўчай улады Расейскай Фэдэрацыі. У 2016 годзе Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб супрацьдзеянні прапагандзе з боку Расеі, у якой адзначалася, што ўлады РФ вядуць прапаганду супраць Еўрасаюза і краін Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна) з дапамогай “Рассупрацоўніцтва”. Ва Украіне дзейнасць прадстаўніцтва “Рассупрацоўніцтва” забаранілі толькі ў 2021 годзе (тады быў закрыты “Рускі дом” у Кіеве). У адказ “Рассупрацоўніцтва” адкрыла РЦНК на акупаваных тэрыторыях. Напрыклад, “Рускі дом” дзейнічае ў Данецку. Плануецца ягонае адкрыццё ў Луганску.

У Гомелі РЦНК адкрылі восенню 2016 года. І з тых часоў цэнтр усяляк падтрымліваецца мясцовымі ўладамі. Яны могуць абсалютна без праблем наведваць школы, каб правесці чытанні вершаў, перадаць кнігі рускіх аўтараў ці зладзіць эрудыт-турнір. У самім цэнтры праводзяцца жаночы клуб, фотавыставы, кінаклубы. То бок усё тое, што раней праводзілі беларускія арганізацыі, якія цягам двух апошніх год прымусова ліквідавалі мясцовыя ўлады.

Паводле маніторынгу, праведзенага Lawtrend сумесна з OEEC (стан на 31 траўня 2022), зафіксавана, што 448 беларускіх некамерцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі і 317 некамерцыйных арганізацый, у адносінах да якіх прынятае рашэнне аб самаліквідацыі. Паглядзім, якіх арганізацый інстытуцыялізавана не стала ў Гомелі.

У верасні 2021 года суд ліквідаваў найстарэйшую краязнаўчую арганізацыю “Талака”, якая займалася папулярызацыяй беларускай культуры (пра гэты выпадак "Штодзень" пісаў тут). Затое цяпер у Гомелі дзейнічае “Рускі дом”, адна з мэтаў якога падтрымка праектаў, скіраваных на папулярызацыю рускай культуры. Напрыклад, сярод апошніх мерапрыемстваў “Рускага дому” – святочныя мерапрыемствы ў памяць пра А.С. Пушкіна. Ці, напрыклад, праект “На языке музыкі”, калі ў Гомелі правялі канцэрт з удзелам артыстаў Расеі. На філалагічным факультэце ГДУ Скарыны “Рускі дом” разам з фондам “Рускі мір” адкрылі кабінет рускай лінгвакультуры. Ці правядзенне тыдня рускай мовы, калі ў гімназіі №14 сабралі каля 100 вучняў старэйшых класаў з усёй вобласці для ўдзелу ў конкурсе мастацтва рыторыкі. Сюды ж можна дадаць і розныя мерапрыемствы па папулярызацыі рускіх дзеячаў у школах. Так, напрыканцы навучальнага года, у школе №75 праходзіла выстава, прысвечаная Пятру І. Дарэчы, Уладзімір Пуцін параўноўвае сябе з Пятром І і адзначае, што мэтай Расіі з’яўляецца вяртанне тэрыторый. Выстава, прысвечаная Пятру І, прайшла таксама ў іншых школах Гомеля.


Перасоўная выстава ў гонар расейскага цара Пятра І, якая качуе па гомельскіх школах


Аднак супраца са школамі не абмяжоўваецца правядзеннем выставаў. У навучальныя ўстановы Гомеля “Рускі дом” перадае кнігі ў межах расейскай дзяржпраграмы “Развіццё адукацыі”. І гэты пры тым, што беларускія выдавецтвы, якія выдавалі кнігі на беларускай мове, закрытыя. З гомельскіх кнігарняў прыбрылі кнігі выдавецтва “Янушкевіч”.

Сярод некамерцыйных устаноў, якія знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, – установа “Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ”. Арганізацыя будавала сваю дзейнасць у межах наступных прыярытэтаў: прасоўванне дэмакратыі і правоў чалавека, моладзевая нефармальная адукацыя, гендэрная роўнасць, зялёная эканоміка – будучыня Беларусі. Арганізацыя дзейнічала з 2013 года і паўстала на базе грамадзянскай ініцыятывы “Гомельскі Дэмакратычны Форум”. ГДФ праводзіў конкурсы гарадскіх праектаў для гамяльчан, ладзіў школы лідараў, лекцыі і сустрэчы з вядомымі грамадскімі дзеячамі і інтэлектуаламі, ладзілі праект грамадскіх дыскускій у фармаце “Гарадскія сходы ГДФ”, дзе абмяркоўваліся актуальныя для горада праблемы і шукаліся шляхі іх вырашэння. І гэты няпоўны спіс актыўнасцяў.

А цяпер глядзім, што робіць “Рускі дом” у Гомелі? На старонцы РЦНК пазначана, што гэта пляцоўка для адкрытых лекцый, тэматычных сустрэч і клубаў па інтарэсах. А яшчэ апошнім часам “Рускі дом” у Гомелі актыўна піарыць сярод гомельцаў праграму “Рассупрацоўніцтва” “Новае пакаленне”. Праграма скіраваная на актыўную моладзь 25-35 год. У межах праграмы цалкам аплочваецца кароткатэрміновы візіт у Расею для маладых гамяльчан. Паводле РЦНК, больш за 250 маладых гомельцаў наведалі Расію ў межах згаданай праграмы. А для гомельцаў 14-19 год “Рускі дом” арганізоўвае летнік “Здравствуй, Россія”

У сакавіку 2022 года ў Гомелі затрымалі з палітычных прычынаў арганізатара турыстычных паходаў Ігара Галушку. (“Штодзень” рабіў з турыстам з 40-гадовым стажам гутарку). Не прайшло і трох месяцаў, а “Рускі дом” у супрацоўніцтве з Гомельскім аддзелам Беларускага геаграфічнага таварыства праводзіць паход па Палессі. Дарэчы, у абвестцы па пешы паход узгадваецца той самы арыштаваны турыст Ігар Галушка. У прыватнасці: “Во время похода мы посетим: (…) официальную" высшую точку Гомельской области (по данным энциклопедии "Природа Беларуси", правильность определения поставлена под сомнение туристами М.Радиончиком и И.Голушко)”.


Скрыншот той самай абвесткі, напісанай пасля арышту аўтарытэтнага турыста Ігара Галушкі


“Рускі дом” пускаюць паўсюль: у школы, ліцэі, дзіцячыя сады і ўніверсітэты. Толькі за апошнія паўгода мерапрыемствы ў супрацы з “Рускім домам” правялі каля 10 школ, адзін дзіцячы садок, ліцэй МНС і ліцэй будаўнікоў, дзіцячая мастацкая школа, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, БелДУТ. І гэта пры тым, што Вярхоўны суд ліквідаваў найстарэйшую арганізацыю Беларусі, якая была заснаваная 100 год таму, – Таварыства беларускай школы. Мінгарвыканкам ліквідаваў установу развіцця беларускай мовы і культуры “Мова Нанова”, якая таксама праводзіла заняткі па вывучэнні беларускай мовы па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў Гомелі. То бок, ліквідуюцца беларускія грамадскія арганізацыі, на месца якіх прыходзіць “Рассупрацоўніцтва”.

 

 

Штодзень

Report Page