Слуцкі збройны чын — такая ж важная падзея, як абвяшчэньне БНР

Слуцкі збройны чын — такая ж важная падзея, як абвяшчэньне БНР

Грамадзкі рух "Дзея"

Аліна Нагорная пагутарыла з ветэранам беларускага нацыянальнага руху Вячаславам Сіўчыкам пра Слуцкі збройны чын.

Вячаслаў Сіўчык

Чаму варта памятаць пра Слуцкіх паўстанцаў?

Зараз надыходзяць вельмі важныя юбілеі. У 2020 годзе будзе стагодзьдзе Слуцкага збройнага чыну. Гэта адно з самых масавых выступаў у абарону беларускай незалежнасьці, ідэяў Беларускай Народнай Рэспублікі. Даўно склалася традыцыя сьвяткаваць угодкі гэтай падзеі, прыжыўся назоў сьвята — Дзень Герояў. І вельмі добра, што БНФ удалося наладзіць годнае сьвяткаваньне ўжо ў навейшы час Беларусі. За гэта ў першую чаргу трэба дзякаваць прафэсару гісторыі Анатолю Грыцкевічу, які першым уздымаў гэтую тэму. А таксама тым актывістам, якія пасьпелі паставіць тры памятныя крыжы: у Грозаве, Семежаве і Вызьне. Яны былі ўсталяваныя да часу Лукашэнкі і мелі дзяржаўны ахоўны статус.

Якія асобы паўстаньня вас асабліва натхняюць?

Адно з такіх імёнаў, якое павінныя ведаць усе беларусы, гэта імя героя паўстаньня Юркі Лістапада. Зь яго пачаўся разгром так званай «нацдэмаўшчыны: тых беларусаў, якія спрабавалі пры камуністычным панаваньні адрадзіць беларускую дзяржаву.

Дарэчы, гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» цесна зьвязаны менавіта з Слуцкім паўстаньнем. Таму мне было заўсёды вельмі прыемна, што існуюць актывісты, якія зьвязваюць свой асабісты лёс з тым, што іх дальнія сваякі, ці проста людзі, якія маюць такія ж прозьвішчы, прымалі ўдзел у Слуцкім збройным чыне. Такім чынам праяўляецца пераемнасьць абсалютна розных пакаленьняў беларускага нацыянальнага руху.

На вялікі жаль, тыя палітычныя задачы, якія ставіліся Радай Случчыны, не былі выкананыя, бо ў той момант Рада адстойвала беларускія інтарэсы. Гэта ня толькі БНР як дзяржава, гэта і сацыяльныя правы. Сёньня мы засталіся на тым жа этапе. Таму для нас Слуцкі збройны чын з’яўляецца такой жа сур’ёзнай і актуальная датай, як і Дзень Волі 25 сакавіка. Таксама важныя і тыя даты, якія зьвязаныя з аднаўленьнем нашай дзяржаўнасьці ўжо ў часы распада Савецкага Саюзу — Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня, таксама 25 жніўня — дзень, калі фактычна была адноўленая нашая дзяржаўнасьць. І, натуральна, 8 верасьня — дзень беларускай вайсковай славы. Гэта асноўныя даты беларускага нацыянальнага календара. Ва ўмовах, у якіх мы сёньня апынуліся, гэтыя даты важна памятаць.

Што трэба рабіць каб захаваць памяць пра Слуцкі збройны чын?

Інфармацыі ніколі не бывае мала. Трэба каб больш людзей далучалася да тых акцыяў, што ўжо сталіся традыцыйнымі. І адначасова шукаць новы формат, бо шмат што мы зараз не дарабляем.

Ва ўмовах дыктатуры, што склалася пры Лукашэнку, менавіта культурніцкая дзейнасьць мае асаблівую вартасьць. Ёсьць і сьпісы паўстанцаў, і вёскі, адкуль яны былі мабілізаваныя — гэта будзе цікава мясцовым жыхарам. Вядомыя лёсы канкрэтных слуцкіх паўстанцаў, біяграфіі. Арганізацыі Случчыны дастаткова добра апісаныя ў літаратуры. Нягледзячы на антыбеларускасьць сёньняшняй улады, трэба шукаць тыя кропкі, дзе мы можам нешта рабіць разам. І рабіць. Падкрэсліваць, што беларусы змагаліся за сваю незалежнасьць і працягваюць змагацца. Бо сьвяткаваньне Дня Герояў ёсьць таксама змаганьнем за незалежнасьць.

У Беларусі трэба мець беларускую ўладу, каб паставіць помнік героям Слуцкага збройнага чыну. Пры сёньняшней уладзе гэта немагчыма. Прычым, які б пэсымізм сёньня б не панаваў на нашых абшарах, рана ці позна гэта здарыцца. Бо тая нацыя, якая здольная была перажыць 20-е стагодзьдзе з дзьвума імпэрыялістычнымі войнамі, з жахлівымі рэпрэсыямі двух таталітарных рэжымаў — яна проста непераможная.

Дзякуй, што прачыталі гэты матэрыял. Дзяліцеся з сябрамі, далучайцеся да нас у Facebook і Telegram. Усё будзе добра!

Report Page